Як лекарам сябе вылечыць

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Кажуць, што твор мастацтва, пакінуўшы “радзіму” — майстэрню творцы, пачынае жыць уласным жыццём. І яно такое ж непрадказальнае, як жыццё чалавека. Чалавек з узростам усё часцей вымушаны звяртацца да ўрача, а твор мастацтва — трапляць у рукі рэстаўратара. Дарэчы, і ў медыцыне, і ў рэстаўрацыі зыходны прынцып аднолькавы: “Не нашкодзь!”. “К” гутарыць з “галоўным лекарам” Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Аркадзем ШПУНТАМ, які здаўна ўзначальвае навукова-рэстаўрацыйны аддзел. Гаворка — пра тое, што было, што маем, на што спадзяёмся.

/i/content/pi/cult/528/11449/13-2.jpg

/i/content/pi/cult/528/11449/13-1.jpgЗасяродзіцца на прыярытэтах?

— Да юбілею музея хацелася прадэманстраваць плён працы рэстаўратараў. У выніку ўзялі тое, што рабілі, тое, што ляжыць у нас на сталах, і прадставілі ў экспазіцыі. Рэстаўрацыйную выстаўку зладзіць няпроста, бо калі мы паказваем адрэстаўраваныя рэчы, дык гэта ўжо дэманстрацыя помнікаў гісторыі і культуры, таму і выставілі рэчы “ў працэсе”. Быў упэўнены, што людзям гэта цікава, і не памыліўся. Пасля заканчэння выстаўкі мы збіраліся працаваць з тымі прадметамі далей, але не надта атрымліваецца: справа ў тым, што музей вядзе актыўную выставачную дзейнасць, а без рэстаўрацыі ніякая выстаўка не магчымая, бо заўсёды трэба нешта давесці да ладу — падчысціць, умацаваць, затаніраваць. Таму ў нас зараз у фондзе старажытнабеларускага мастацтва з 1 220 рэчаў не адрэстаўравана 920. Мяркуйце самі, колькі яшчэ невядомага!

У мінулым не ўсё было кепска

— Самі разумееце, часы змяніліся. Жывём зараз не ў Савецкім Саюзе, хоць, што да рэстаўрацыі, там існавала дакладна адпрацаваная сістэма. Тады да гэтай справы ва ўсім свеце мелася сур’ёзная цікавасць. Я кажу пра 1980-я : яны сталі, так бы мовіць, пікам, калі адрэстаўравалі сур’ёзныя помнікі. Паважным было стаўленне да справы і да тых, хто яе робіць. Мушу адзначыць, што дыктавалася гэта з Масквы, з Усесаюзнага інстытута кансервацыі і рэстаўрацыі, дзе меўся навукова-метадычны цэнтр. Беларусь яны вельмі любілі, таму што мы плённа кантактавалі з Масквой у асваенні новых матэрыялаў, у адрозненне, скажам, ад Ленінграда, які і ў згаданай спецыфічнай галіне дэманстраваў пазіцыю, адрозную ад маскоўскай: маўляў, з сінтэтыкай мы працаваць не будзем… А калі нам давялося рабіць паліхромную скульптуру (такой шмат у нас у краіне — алтары, іканастасы), матэрыял, які прапанаваў згаданы інстытут, аказаўся вельмі дарэчы. Мы яго адразу асвоілі, і на падставе нашага досведу, па сутнасці, было бачна, што дадзены матэрыял у рэстаўрацыі можа быць. Вось, напрыклад, у пінскім касцёле працавалі гадоў трыццаць таму, а зробленае намі і зараз стаіць, нібы, так бы мовіць, звон звініць.

Старой сістэмы няма. Існаваў нейкі прамежак, калі ўвогуле было незразумела, што і як, а сёння жыццё прымушае адраджаць у рэстаўрацыі тую сістэму, якая існавала ў Савецкім Саюзе. Прынамсі, пэўныя яе чыннікі. Вось у савецкі час Масква з’яўлялася Атэстацыйнай камісіяй для ўсяго Саюза. Менавіта гэтая камісія і прысвоіла мне ў 1985 годзе вышэйшую кваліфікацыю. Але з распадам СССР згаданую функцыю Масква страціла цалкам. Нават сваіх, расіян, не было як атэстоўваць. Толькі ў 2013-м яны адрадзілі гэтую камісію і для сябе названую праблему, лічы, вырашылі.

Сам сабе рэстаўратар?..

— А ў Беларусі праблема дагэтуль існуе. Нам неабходна зрабіць тое, што расіяне ўжо здзейснілі: стварыць нацыянальную Атэстацыйную камісію па рэстаўрацыі. За гады незалежнасці шмат што зроблена, і гэтаму трэба даць аб’ектыўную ацэнку. Сёння адбываецца свайго роду рэнесанс рэлігійны і антыкварны. Ён моцна ўплывае на стан рэстаўрацыі ў краіне. Увогуле, адраджэнне цікавасці да даўніны — справа добрая, але ёсць і адмоўны чыннік, таму што пачалася нейкая анархія: кожны сам сабе рэстаўратар. Кожны можа ўзяць унікальную рэч са статусам дзяржаўнай каштоўнасці і нешта з ёю зрабіць з дазволу святара, які ў гэтай справе мала што разумее. Такое недапушчальна ў прынцыпе.

Што да рэстаўрацыйных аддзяленняў Акадэміі мастацтваў, Універсітэта культуры і мастацтваў, дык, здавалася б, добра, гэта трэба вітаць. Але ёсць нюансы. Я дапускаю, што людзі атрымліваюць там мастацтвазнаўчую, тэхналагічную адукацыю, засвойваюць тэорыю. Але справа ў тым, што яны адарваны ад практыкі. Пераканаўся ў гэтым, калі да нас, у музей, размеркавалі некалькі выпускнікоў Акадэміі. Добрая моладзь, але ж мы іх тут вучым, уласна кажучы, з нуля. Вось як гэтую праблему вырашыць?

/i/content/pi/cult/528/11449/13-3.jpg

Допуск трэба заслужыць

— Механіхзм — вельмі просты. Трэба пры Міністэрстве культуры стварыць, паводле савецкага ўзору, адпаведную атэстацыйную камісію. Вось маладыя людзі ў Акадэміі адвучыліся, атрымалі дыпломы, дзе напісана: мастак-рэстаўратар. Гэта значыць, чалавек прайшоў курс навучання, але допуску да рэчаў у яго няма. І атрымае ён яго толькі пасля таго, як займее катэгорыю рэстаўратара. Тады ён прыходзіць на працу, маючы і допуск, і права на больш-менш прыстойны заробак. Бо гэта ўжо не вучань, а кваліфікаваны спецыяліст. Зразумела, што апошніх тут усё адно давядзецца перавучваць, але каб навучанне ўжо з трэцяга курса сумяшчалася з практыкай, а мо яны тут і дыплом рабілі б, — эфектыўнасць павысілася б. Карацей, трэцяя катэгорыя, другая, першая — вышэйшая. Так вызначаецца права працаваць з рэчамі, якія ўяўляюць мастацкую і гістарычную каштоўнасць.

Спачатку будучы рэстаўратар у Акадэміі набывае агульныя веды, а пасля трэцяга курса ў яго — выбар спецыяльнасці, таму што ў рэстаўрацыі заўжды вельмі вузкая спецыфіка. Вось можа быць рэстаўратар ніткі якой-небудзь. І ўсё жыццё ён будзе той ніткай займацца. Чалавек у нашай прафесіі вельмі рэдка ад пачатку ведае, у якім кірунку ён хацеў бы рухацца… Вось да нас прыходзіць новы супрацоўнік. Пытаюся: што ты хочаш рабіць? Бачу, не ведае. Я дазваляю яму месяц хадзіць з адной майстэрні ў другую. Калегам кажу: няхай ходзіць, пытаецца, дайце яму што-небудзь зрабіць. Ці кажа чалавек: “Хачу займацца іконай”. Добра, пахадзі, паглядзі. Месяц паходзіць і кажа: “Не, мне больш даспадобы алейны жывапіс”.

Яшчэ прыклад: прыйшоў чалавек, які кажа, што хоча працаваць з мэбляй. Пытаюся: што добрага ў той мэблі? Ну, маўляў, мне падабаецца, я ўмею… Як зараз разумею, ён, можа, баяўся ўзяцца за нешта іншае. А мэбля — адказнасць не такая вялікая. Але я адчуў, што ён здолее зрабіць паліхромную скульптуру. Гэта мая спецыяльнасць, мне хацелася б пасля сябе чалавека пакінуць, які рабіў бы не горш за мяне. І я яго літаральна прымусіў на тую скульптуру звярнуць увагу. Год яго не турбаваў, ён сам штосьці пакрысе рабіў. А потым распачалі вялікую працу, гляджу: у яго ўжо вочы гараць і ён хоча гэта рабіць. І зараз робіць. Лепш за мяне, магчыма, бо вочы маладзейшыя…

Карацей, каб мы сёння арганізавалі тую камісію атэстацыйную, дык гэта адразу расставіла б па месцах многія пазіцыі. У рэстаўрацыйнай справе такая камісія была б галоўным арбітрам. І для вартага спецыяліста быў бы стымул удасканальвацца.

Вучыцца можна толькі побач з майстрам

— Да ўсяго, добра было б стварыць Рэспубліканскі цэнтр рэстаўрацыі. Мелася б цэнтралізаваная арганізацыя, што, сярод іншага, кантралявала б доступ да каштоўных рэчаў, якія знаходзяцца ў цэрквах, касцёлах. Калі гэта дзяржаўныя каштоўнасці, рэстаўраваць іх можна было б толькі ў згаданым цэнтры. А самавука якога да іх і блізка падпускаць нельга. У абласных ды раённых музеях бракуе спецыялістаў, у прыватнасці — рэстаўратараў. І апаратуру адпаведную кожнаму музею прадаставіць немагчыма. Дык няхай і спецыялісты, і апаратура будуць сканцэнтраваны ў Мінску, а рэчы з рэгіёнаў пачнуць вазіць у Цэнтр на якасную рэстаўрацыю. У перспектыве ён мог бы стаць і адукацыйным. Там і навучаліся б, там і практыка была б. Вучыць можна толькі практычна. І — побач з майстрам.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ і прадастаўлена Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"