Віртуальныя замкі ў 3D

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Касмічныя тэхналогіі… для сферы культуры
Сёння многія касмічныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца таксама і ў, так бы мовіць, чыста “зямных” справах. Калі хто гэтаму факту не верыць, таму раю завітаць у Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у аддзел сумесных праграм касмічных і інфармацыйных тэхналогій. Мая гутарка з загадчыкам згаданага аддзела Сяргеем КАРЭНЯКА і яго навуковым супрацоўнікам Дзмітрыем ПРАДУНОМ якраз і пачалася з касмічных тэхналогій, якія сёння выкарыстоўваюцца, у тым ліку, у сферы культуры.

/i/content/pi/cult/528/11448/12-1.jpg

3D-мадэлі сядзібы Нямцэвічаў (зверху) і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

С.К.: — Наш аддзел займаецца, у тым ліку, і распрацоўкай інфармацыйнага забеспячэння для касмічных сістэм. Гэтая распрацоўка звязана з прадстаўленнем інфармацыі, якая паступае з космасу, у найбольш даступным для карыстальніка выглядзе. Мы гэта робім ужо не першы год, таму з цягам часу ў нашым аддзеле быў назапашаны неабходны досвед па візуалізацыі разнастайнай інфармацыі, а таксама падабраліся тыя кваліфікаваныя кадры, якія могуць працаваць з вялікім аб’ёмам даных. А пасля прыйшла ідэя выкарыстаць гэты патэнцыял не толькі ў сферах народнай гаспадаркі Беларусі…

Д.П.: — Таму мы распачалі працу над візуалізацыяй гістарычных помнікаў Беларусі, каб прадставіць і пазнаёміць з нашай багатай культурнай спадчынай не толькі жыхароў Беларусі, але і яе гасцей…

С.К.: — Актуальнасць гэтай працы — найвялікшая, бо прыцягненне турыстаў у Беларусь — пытанне вельмі важнае. А дзе турызм, там, цалкам магчыма, і інвестыцыі. Але як турысту даведацца больш пра нашу краіну, пра Беларусь? Адным са шляхоў могуць стаць віртуальныя экскурсіі па найбольш знакамітых беларускіх замках ці палацах. Вось менавіта апошняй з агучаных тэм мы сёння і займаемся.

Д.П.: — Натуральна, праца наша распачалася не сёння. Яшчэ ў 2011 годзе мы прынялі ўдзел у конкурсе “Сто ідэй для Беларусі” са сваім праектам “Замкавае залатое кольца Беларусі”, дзе прапанавалі стварыць 3D-мадэлі найбольш пазнавальных беларускіх гістарычных фартэцый і палацава-паркавых сядзіб. Мы нават перамаглі ў сваёй намінацыі, але, як вядома, гэты конкурс не прадугледжваў фінансавай падтрымкі прапанаваных праектаў.

С.К.: — Таму ў наступным годзе перад намі паўстала пытанне фінансавага складніка праекта. Мы звярталіся са сваімі прапановамі ў разнастайныя інстанцыі, у абласныя выканкамы, да дырэкцый буйных айчынных замкаў ды палацаў… І нашы звароты былі недарэмнымі: з намі на сёння пагадзіліся працаваць Брэсцкі ды Гродзенскі аблвыканкамы, а таксама Гомельскі палацава-паркавы ансамбль…

Д.П.: — І пасля гэтага распачаўся зусім іншы працэс: стварэнне пробнай мадэлі. Такім гістарычным аб’ектам для нас стаў Мемарыяльны комплекс “Хатынь”. З дапамогай адной расійскай фірмы, якая мела магчымасць нам паспрыяць, — з мэтай праверыць свае, расійскія, тэхналагічныя магчымасці, — мы змаглі стварыць першую 3D-мадэль гэтага аб’екта. Наша праца тады зводзілася адно толькі да прадстаўлення неабходнай дакументацыі, гістарычнай інфармацыі, а яшчэ мы рабілі ўсе патрэбныя замеры ў гэтым мемарыяльным комплексе…

С.К.: — Але тут варта адзначыць такі факт: пасля згаданага супрацоўніцтва мы здолелі стварыць ужо абсалютна сваю, арыгінальную, беларускую методыку і тэхналогію візуалізацыі гістарычных аб’ектаў. Цяпер робім сваю справу самастойна, з удзелам нашых спецыялістаў, не звяртаючыся па дапамогу ні да айчынных, ні да замежных кампаній.

Д.П.: — Нашу першую спробу візуалізацыі мы прадставілі на І Міжнародным форуме “Музеі Беларусі”, што адбыўся ў 2012 годзе ў Гродне. Там наша тэхналогія атрымала высокую ацэнку спецыялістаў, а яшчэ, дзякуючы ўдзелу ў форуме, нашым праектам зацікавіліся айчынныя музейшчыкі…

С.К.: — Пасля гэтага, каб рэалізаваць праект і атрымаць пад яго фінансавую падтрымку, мы ад імя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі звярнуліся ў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. Пасля дзяржаўнай экспертызы, з пачатку 2014 года нам было адкрыта фінансаванне. Нягледзячы на тое, што праект мае сацыяльны накірунак, у ім прапісаны такі факт, што ўсе выдаткаваныя дзяржавай грошы з цягам часу могуць быць вернуты ў бюджэт краіны. Гэта адбудзецца, скажам, дзякуючы той сувенірнай прадукцыі, што плануецца ствараць пры дапамозе нашых візуалізацый. Таксама ў музеях можна будзе прадаваць дыскі, ствараць відэаролікі, прапаноўваць платныя віртуальныя экскурсіі для наведвальнікаў і гэтак далей…Так што праект наш, фактычна, — самаакупны, а, магчыма, і прынясе пэўную эканамічную карысць.

Д.П.: — Сёння мы працуем над 3D-мадэлямі Навагрудскага, Косаўскага замкаў, сядзібы Нямцэвічаў у Скоках ды Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У перспектыве — стварэнне візуалізацый для Лідскага замка, Старога замка ў Гродне, Крэўскага, Мірскага, Гальшанскага ды Любчанскага замкаў, а таксама Ружанскага палаца.

С.К.: — Пэўна, абавязкова трэба сказаць вось аб чым: сёння мы атрымалі толькі 68% ад запланаванай на два гады сумы. А гэта значыць, што з распрацоўкай 3D-мадэлей усіх замкаў ды палацаў у нас узнікнуць пэўныя цяжкасці.

Д.П.: — Таксама цяжка працаваць і з той прычыны, што на многіх гістарычных аб’ектах сёння даволі складана адшукаць усю патрэбную гістарычную ды тэхналагічную дакументацыю. А без яе правесці цалкам аб’ектыўную віртуальную рэканструкцыю гістарычнага помніка папросту немагчыма. Бо хочацца, каб нашы 3D-мадэлі мелі ўсё-ткі гістарычны і тэхналагічны грунт, а не былі намаляваны, як кажуць, на хуткую руку, пры дапамозе мастацкай фантазіі. Таму працуем з дакументамі, гістарычнымі даведнікамі, адпаведнай літаратурай.

С.К.: — Неабходна сказаць, што з дакументацыяй гістарычных помнікаў нам вельмі дапамагае ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры і яго кіраўнік Ігар Чарняўскі. Дзякуючы ягоным высілкам мы атрымалі мноства неабходнай нам інфармацыі з рэгіёнаў.

/i/content/pi/cult/528/11448/12-2.jpg

Д.П.: — Так, шэраг гістарычных аб’ектаў, на якіх вядуцца рэстаўрацыйныя работы, на сёння вельмі добра вывучаны. На многіх помніках часта ладзіліся раскопкі, напрыклад, у Гальшанах і Крэве. А вось, прыкладам, Навагрудскі замак, на жаль, слаба вывучаны, каб стварыць яго сучасную рэканструкцыю хаця б на ўзроўні канцэпцыі.

С.К.: — Нягледзячы на перашкоды, сёння мы можам сказаць, што ўсе мадэлі запланаваных на 2014-ты год гістарычных аб’ектаў створаны. Цяпер справа — за іх размалёўкай, стварэннем тэкстур. А ўжо пасля гэтага будзем размяшчаць нашы мадэлі на сайтах гістарычных аб'ектаў.

Д.П.: — На сёння намі цалкам зроблены толькі Навагрудскі замак, іншыя аб’екты пакуль размалёўваюцца і дапрацоўваюцца. На чарзе — Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, 3D-мадэль якога плануецца размясціць на партале музея да канца бягучага года.

С.К.: — Да канца года мы разлічваем увайсці са сваім праектам як у Нацыянальную, так і ў рэгіянальныя праграмы інфарматызацыі. Бо нам трэба не толькі стварыць 3D-мадэлі, а і навучыць спецыялістаў з рэгіёнаў імі карыстацца, каб яны самі з імі пасля працавалі. Гэта, натуральна, патрабуе выдаткаў на камандзіроўкі і гэтак далей. Але, спадзяюся, мы знойдзем падтрымку на ўзроўні абласных упраўленняў. Бо ўсю гэтую інфармацыю можна выкарыстаць на сайтах не толькі музеяў ды замкаў, але і аблвыканкамаў ды тых раёнаў, дзе знаходзіцца помнік спадчыны. Дарэчы, з цягам часу нашу распрацоўку можна будзе прыстасаваць не толькі для візуалізацый знешняга выгляду гістарычных аб’ектаў, але і для ўнутранага — інтэр’ераў пакояў ды залаў у замках ды палацах Беларусі, прычым у розныя эпохі і стагоддзі... Таксама нашы візуалізацыі цалкам магчыма будзе прымяняць пры рэканструкцыі гістарычных цэнтраў ці вуліц старадаўніх беларускіх гарадоў ды мястэчак… Але гэта планы на перспектыву. Пакуль што нам трэба завяршыць тую працу, над якой мы шчыруем сёння. Тады ўжо і будзем думаць пра заўтрашні дзень.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"