Два месяцы — сто мільёнаў

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

6 — 7 красавіка сябры рэспубліканскага Савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці выязджалі на Віцебшчыну, каб азнаёміцца з ходам аптымізацыі і работай устаноў культуры змяшанага тыпу. Ці не кожнага з кіраўнікоў уразіла ўстанова пад назвай “Гарадоцкі культурна-асветніцкі цэнтр і сетка публічных бібліятэк”. З яе апісання і пачнём гаворку пра рэгіянальны крэатыў.

Назва грувасткая, бо афіцыйная. Што ні кажы, а ўстанова з’яўляецца юрыдычнай асобай, і тут — не да лірыкі. Урэшце, жыхары раёна назавуць яе, як гэты і прынята ў народзе, па-свойму. Я назваў бы, да прыкладу, “Казкай”. Уявіце самі: нібыта ў казку трапляеш, калі бачыш, у што пераўтварыўся колішні кінатэатр, што бяздзейнічаў больш за дваццаць гадоў…

Пералічым паступова ўсе цікавосткі, размешчаныя пад агульным дахам. Кіназала для дэманстрацыі 3D-фільмаў. За два месяцы яна, па словах намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольгі Каўрыга, прынесла каля ста мільёнаў рублёў. Народ стаміўся дома сядзець і валам паваліў у новую ўстанову. І гэта цудоўна, што ёсць куды выправіцца. Таму тут не толькі кінафільмы дэманструюцца, а і малыя фэсты ладзяцца, прэзентацыі…

Цэнтральная бібліятэка з дзіцячым аддзелам. Чытальная зала — агульная і для дзяцей, і для дарослых. А што, цікава! Ёсць цэнтр прававой інфармацыі, мультымедыйная ўстаноўка.

Выставачны цэнтр. Свае работы прэзентуюць не толькі мясцовыя народныя майстры. Да прыкладу, другая па ліку выстаўка — маладзёжная. Тут ёсць і творы навучэнцаў двух каледжаў. Уваходны білет каштуе 1 100 рублёў. Даступнасць — відавочная.

І апошні, немалаважны, кампанент — кавярня. Райспажыўтаварыства задаволена: наведвальнікі — пастаянныя, а сярод іх — ці бібліяфілы, ці кінаманы, ці аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А дакладней, усе яны — адны і тыя ж насельнікі Гарадоччыны. Дарэчы, пры ГДК таксама дзейнічае бар, і таксама — без спіртнога. Моладзі такая паслуга, неаспрэчна, падабаецца.

Вось такая інтэграваная юрыдычная асоба. А ўсяго іх у раёне пяць: яшчэ ДШМ з сельскім філіялам, краязнаўчы музей, ГДК і Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці, які, у сваю чаргу, аб’яднаў Дом рамёстваў, аўтаклуб, Азярышчанскі гарпасялковы дом культуры, 10 СДК і столькі ж СК.

Пра яркую “Іскру” ў Докшыцах згадаў на 5-й старонцы “К” Алег Хмялькоў. А ў Шумілінскім раёне, як расказаў начальнік аддзела ІРКСМ Алег Мацвяйчук, метадысты пабачылі мадэльную ўстанову са статусам юрасобы — Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу. Гэта не толькі пляцоўка для правядзення раённых ды абласных мерапрыемстваў, але і творчая лабараторыя па апрабацыі сучасных падыходаў да адраджэння старадаўняй традыцыі. Менавіта тут, да прыкладу, базуецца народны сямейны ансамбль “Забава”, з падачы якога адноўлена самабытная ды зухаватая нікіцінская кадрыля з неймавернай колькасцю каленцаў.

А вось на Лепельшчыне, па словах намесніка начальніка аддзела Тамары Бароха, усе сельскія клубныя ўстановы разам з метадцэнтрам аб’ядналіся вакол РДК. Аднак знакаміты Цэнтр рамёстваў з двума вясковымі філіяламі справядліва застаўся самастойнай юрыдычнай асобай. Як вядома, месціцца брэндавая ўстанова ў цэнтры горада, мае сувенірны салон з мастацкай галерэяй. І, як марыць Тамара Бароха, Цэнтр рамёстваў, што дзеліць будынак з крамай, у перспектыве проста абавязаны павялічыць свае творчыя плошчы. Тады тут з’явіцца і кавярня, якую аддзел мае намер узяць на баланс. Таксама справядліва. Дзе яшчэ пакаштаваць фірмовых лепельскіх клёцак вырабу мясцовага Клуба нацыянальнай кухні?.. Дарэчы, тэхналогія вырабу стравы прэтэндуе на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Словам, было б жаданне, а вынік чакаць не прымусіць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"