Крылы Пегаса Лёшкі Глебушкі

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

4 кастрычніка 1968 года хавалі Аляксея Глебава. Труна з целам стаяла ў вестыбюлі будынка Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Развітацца з народным мастаком прыйшло вельмі шмат народу. Дзеячы культуры, студэнты, ваенныя, журналісты, пісьменнікі, чыноўнікі высокага рангу… Горы кветак. Пранікнёныя, сардэчныя, шчырыя словы сяброў-калег і сяброў па жыцці. Бачу найдабрэйшую жанчыну — Марыю Захараўну, удаву нябожчыка, і двух яго сыноў. Побач — шматгадовыя калегі Аляксея Канстанцінавіча: Заір Азгур, Андрэй Бембель, Сяргей Селіханаў (дарэчы, гэтая цудоўная чацвёрка ў свой час зрабіла барэльефы на помніку-абеліску на плошчы Перамогі і помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы беларускай сталіцы (дэмантаваны 4 лістапада 1961 года). А яшчэ ўсе яны ў 1920-я атрымлівалі прафесійныя азы ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў Міхаіла Керзіна (толькі Селіханаў — пазней).

/i/content/pi/cult/528/11446/15-2.jpg

 

Аляксей Глебаў. "Элегія".

/i/content/pi/cult/528/11446/15-1.jpgРэдкі выпадак: гарадскія ўлады пасля паніхіды дазволілі панесці труну з целам скульптара аж да плошчы Перамогі на руках. Рух транспарту быў прыпынены. Такога жалобнага ходу па галоўным праспекце горада я больш ніколі не бачыў. “Каго хаваюць?” — пыталіся здзіўленыя прахожыя. “Мастака!” — адказвалі ім. Тыя: “Та-а-ак, відаць быў вялікі чалавек…”

Сапраўды, Глебаў быў вялікім чалавекам і выдатным скульптарам. Зараз, на жаль, прыйшоў такі час, калі творцаў, нават узроўню Глебава, мала хто ведае. Лёгкі подых манкуртызму не абмінуў і частку нашай сучаснай прасунутай моладзі. Дзякаваць богу, што хаця б Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер — Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж) у свой час атрымала імя Аляксея Глебава. І прыемна, калі яго вучні з гордасцю называюць сябе “глебаўцамі”.

Мне пашанцавала. Я, тады яшчэ малады мастацтвазнаўца, шмат разоў сустракаўся з ім: і ў ягонай майстэрні на вуліцы Някрасава, і на кватэры ў доме па вуліцы Захарава, на якім потым усталявалі мемарыяльную дошку; некалькі разоў у вясёлай кампаніі скульптараў вячэралі ў тагачасным, вельмі папулярным у “эліты”, рэстаране мінскага аэрапорта, дзе выдатна рыхтавалі кураня табакі. Або, бывала, — у рэстаране гасцініцы “Беларусь” з утульнымі кабінетамі на некалькі персон і смачнымі эскалопамі з па-асабліваму прапечанымі сухарыкамі. А перад пачаткам застолля Аляксей Канстанцінавіч, як правіла, па-сяброўску падзываў шэф-повара ды як сапраўдны гурман абмяркоўваў з ім годнасць мясной выразкі і тое, які напой лепш можа прыдацца да такога стала. Зразумела, падобныя “паходы” адбываліся галоўным чынам пасля атрымання мастакамі добрага ганарару…

Але мала хто ведае, што даўным-даўно пры ўваходзе ў залу рэстарана вісела скульптурнае пано “Лявоніха”. Не ведаю, куды яно потым згінула. Хутчэй за ўсё, “непатрэбны аб’ект упрыгажэнства” знішчылі. Гэты быў апошні твор Керзіна, які ён зрабіў разам з Глебавым у 1948 годзе перад сваім вымушаным ад’ездам з Мінска ў Ленінград. Яго малодшыя калегі па мастацтве, якія пасля вайны прыйшлі да кіраўніцтва Саюзам мастакоў БССР, зрабілі ўсё, каб “касмапаліт” і “абломак імперыі” (па ўласным іранічным прызнанні Керзіна) пакінуў рэспубліку.

Апошнім разам я бачыў Глебава ў кабінеце міністра культуры Міхаіла Мінковіча (я тады працаваў рэдактарам аддзела па выяўленчым мастацтве ў гэтай установе). Мастак прынёс яму на зацвярджэнне невялічкую мадэль коннага помніка генералу Льву Даватару, якая да гэтага ўжо была прынята мастацкім саветам. Міністр застаўся задаволены. Помнік меліся ўстанавіць у Віцебску. Але цяжкая хвароба і смерць мастака не дазволілі яму завяршыць работу…

На жаль, Глебаву не пашанцавала і з другім помнікам, які ён доўгія гады марыў паставіць у Полацку. Гэта помнік Францыску Скарыну. Праўда, паспеў ён зрабіць добра прапрацаваную мадэль, якую ўжо завяршылі яго вучні Ігар Глебаў і Андрэй Заспіцкі з архітэктарам Уладзімірам Марокіным. І дванаццаціметровы помнік (скульптура больш за пяць метраў) быў адкрыты ў 1974-м у цэнтры Полацка — праз шэсць гадоў пасля сыходу аўтара з жыцця. Таксама не атрымалася і з трэцім задуманым помнікам — Янку Купалу, над вобразам якога Глебаў працаваў амаль чвэрць стагоддзя. Помнік Песняру быў спраектаваны і пастаўлены ў 1972 годзе ў сталічным Купалаўскім скверы — ужо вучнямі скульптара па Тэатральна-мастацкім інстытуце Анатолем Анікейчыкам і Львом Гумілеўскім, а таксама блізкім сябрам ды аднадумцам Глебава Андрэем Заспіцкім.

З успамінаў Міхаіла Керзіна пра Глебава-студэнта: “Вельмі добра памятаю яго, рухавага і дзелавітага. Згодна з навучальнай праграмай таго часу, на першым курсе скульптура, жывапіс і кампазіцыя праходзілі як агульныя дысцыпліны для ўсіх студэнтаў. Не толькі я, але і ўсе педагогі тэхнікума з першых жа дзён заняткаў звярнулі ўвагу на Глебава: у яго адразу выявіліся здольнасці да скульптуры. На першым курсе па кампазіцыі стваралі мадэлі керамічных вырабаў. Гутарачы з ім, я тады ж даведаўся, што ён з вёскі Зверавічы Смаленскай губерні, у якой амаль усё насельніцтва мужчынскае спрадвеку займалася разьбой па дрэве…”

Так, Аляксей Канстанцінавіч і мне шмат чаго расказваў пра сваё дзяцінства. Бацька быў сельскім святаром (ён пайшоў з жыцця ў пачатку Першай сусветнай вайны, а маці — у час Грамадзянскай), які захапляўся разьбой і пісаннем абразоў, а старэйшы брат нават вучыўся ў славутай Строганаўцы. Нічога дзіўнага, калі маленькі Алёша захапляўся ў дзіцячыя гады маляваннем: было з каго браць прыклад. Што маляваў? Старадаўнія курганы, якіх у той мясцовасці шмат, розных казачных дамавікоў ды лесуноў, паплавы з высачэзнай травой і блакіт ляснога краявіду. Маляваў коней, якіх вельмі любіў бацька і гэтую любоў перадаў сыну; маляваў качавых цыганоў і стракаты 
базарны люд, чырвонаармейцаў з вялізнымі чырвонымі пяцікутнымі зоркамі на шлемах, якія праходзілі на фронт праз вёску. Алеем з натуры нават спрабаваў пісаць сваю вёску, зялёныя берагі ракі Лупы, рэшткі сярэднявечнага гарадзішча. Пазней, ужо ў Рудні, пачаў прыдумляць невялічкія батальныя кампазіцыі, як, напрыклад, рух кавалерыстаў і гвардзейцаў Напалеона ў пачатку жніўня 1812 года, якія менавіта ў раёне Зверавіч і Бухорына пераходзілі мяжу Расійскай імперыі.

Пра скульптуру, здаецца, і не думаў, хоць і браў зрэдку ў рукі гліну або рэзаў сцізорыкам кійкі ды драбязу розную. Але хто ж у Зверавічах не рэзаў? Усе — ад малога да старога. Звычайная справа... Але як ні круці, а прыроджаны талент праявіўся. І ўжо на другім курсе Віцебскага мастацкага тэхнікума Глебаў канчаткова зразумеў: быць яму скульптарам. Канешне, у гэтым вельмі дапамог Керзін. “Керзіна я спачатку ўспрымаў больш як педагога, — распавядаў Глебаў. — Да таго часу ведаў Абрама Бразера. У яго была ўжо, гадоў за пяць да майго паступлення ў тэхнікум, персанальная выстаўка ў Віцебску. Ён быў даволі вядомы па мадэлях помнікоў Кастусю Каліноўскаму і ахвярам Курлоўскага расстрэлу 1905 года, па бюстах педагога Песталоццы і Карла Маркса. Усе гэтыя творы я бачыў. Ведаў яшчэ, што ў Мінску працуе таленавіты Аляксандр Грубэ, у прэсе, памятаю, нешта пісалі пра яго творы ў дрэве — “Лірніка” і “Максіма Багдановіча”. Але, канешне, Керзін, на той час — “маё ўсё”. Каб не ён, хто ведае, куды б мяне, Лёшку Глебушку, занесла нячыстая… Так, усё лепшае ў мяне як у скульптара — ад яго. Ягонай школе абавязаны ўдачамі. Ягонаму компасу абавязаны, стрэлка якога паказала мне правільны шлях…”

Так здарылася, што адзінаццацігадовы Глебаў застаўся сіратой: ні бацькі, ні маці. Скончыць дзевяць класаў школы дапамог старэйшы брат. Ён узяў Алёшу да сябе ў Рудню, дзе настаўнічаў пасля службы ў Чырвонай арміі. Першымі сябрамі, якія з’явіліся там у Глебава, былі Аляксандр Мазалёў і Канстанцін Касмачоў — будучыя цудоўныя беларускія жывапісцы. Ну а потым, з 1926-га, быў ужо Віцебскі тэхнікум, арганізатарам і дырэктарам якога стаў Міхаіл Керзін. Ён жа, ды яшчэ Дзмітрый Камароў (пластычная анатомія), Міхаіл Эндэ з Яфімам Мініным (малюнак) — галоўныя педагогі ў Глебава.

Ужо першы скульптурны досвед студэнта Аляксея карыстаўся ўвагай настаўнікаў. “Вельмі добра памятаю, — прыгадваў Керзін, — адзін з эскізаў на тэму Грамадзянскай вайны, які адлюстроўваў сутычку двух конных воінаў. Кампазіцыя, веданне каня — як у майстра. Не памятаю, паводле маёй парады ці ён сам пачаў распрацоўваць эскіз як завершаную групу, сантыметраў 60-70 ў вышыню. Адзін конь узняўся на дыбкі, другі — прыгнуўся. Фігуры прысунуты ўшчыльную — група вельмі кампактная. У тыя гады гіпсу ў Віцебску не было. Каб захоўваць скульптурныя работы, патрабавалася іх ляпіць з такім разлікам, каб пасля можна было выцягнуць каркас і гліну засушыць. Работа над завершанай групай, ды яшчэ з двума коньмі, у якіх тонкія ногі, патрабавала неверагоднага цярпення, спрытнасці рук і зусім недзіцячых ведаў”.

Яшчэ ад Керзіна Глебаў засвоіў правіла: працаваць нават пры самых неспрыяльных абставінах. Гэтае правіла дапамагло Глебаву і ў апошнія месяцы вучобы ў тэхнікуме, і значна пазней, у гады вайны, калі ён працаваў нават раненым у шпіталі, і ў гады пасля Перамогі, і тады, калі часта даводзілася, насуперак цяжкай астме, літаральна прымушаць сябе ісці ў майстэрню з цэнтра горада на вуліцу Някрасава…

Дык вось, некалькі слоў пра Керзіна. Так здарылася, што ў студэнцкія гады я пару разоў бываў у невялічкай ленінградскай кватэры скульптара на 4-й лініі Васільеўскага вострава — непасрэдна ў двары Акадэміі мастацтваў. Яму, прафесару Акадэміі, дэкану скульптурнага факультэта, было тады ужо за восемдзясят, але выглядаў ён бадзёра, хаця быў вельмі худы і з бяльмом на воку. У працэсе гутаркі пра “былое і думы” прафесар паказаў дарэвалюцыйную юбілейную манету 1913 года, якую ён зрабіў да юбілею Дома Раманавых. На вонкавым баку — Мікалай II у ваеннай форме, за ім — Міхаіл Раманаў, заснавальнік дынастыі, у царскім адзенні і ў вялікакняжацкай шапцы. На абароце — двухгаловы гербавы арол са скіпетрам ды дзяржавай. І даты: 1613 — 1913. Праз гады рэпрадукцыю гэтай жа манеты я бачыў у Глебава: яна яму вельмі падабалася. Праўда, Аляксей Канстанцінавіч казаў, што арла са скіпетрам быццам бы ляпіў не Керзін — іншы скульптар, ягоны сябра, а хто менавіта, не памятаў. Але гэта так, да слова…

За дзве гадзіны прабывання ў Керзіна я ўжо даведаўся, што ён быў крэатурай усемагутнага ў той час скульптара Яўгена Вучэціча, аўтара знакамітай кампазіцыі “Перакуём мячы на аралы” (ягоны манумент на Мамаевым кургане ў Валгаградзе быў пазней); што Керзін шмат гадоў выкладаў у Віцебску, і што яшчэ да вайны ён атрымаў ад беларускага ўрада ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Але пра яго больш цесныя сувязі з Беларуссю я дазнаўся значна пазней — толькі ў сярэдзіне 1970-х, калі мае сябры Алег Белавусаў і Уладзімір Бойка працавалі над сцэнарыем дакументальнай стужкі пра Керзіна “Прафесар прыгажосці”, знятай на “Беларусьфільме”. Пра іншыя эпізоды з доўгага “беларускага жыцця” Керзіна я даведаўся з іншых крыніц, а таксама з успамінаў ягоных віцебскіх вучняў Заіра Азгура, Андрэя Бембеля, Яўгена Красоўскага.

Але зараз гаворка ідзе пра Глебава, і таму я працытую толькі некаторыя вытрымкі з дакументаў, звязаных з узаемаадносінамі Настаўніка і Вучня…

“Ленінград. Універсітэцкая набярэжная. Акадэмія мастацтваў. Прафесару Керзіну. Дарагі мой настаўнік, сябра мой, Міхаіл Аркадзьевіч! Бясконца родны мой чалавек! Прыміце ў дзень Вашага васьмідзесяцігоддзя разам з абдымкамі і пацалункамі пажаданне самага лепшага, самага светлага, самага добрага ў жыцці. Ваш Аляксей Глебаў. Народны мастак БССР. 28 сакавіка 1963 г.”.

У адказ: “Дарагі і любы, так, любы, Аляксей Канстанцінавіч, нарэшце, я сабраўся напісаць Вам. Перш за ўсё, хачу падзякаваць за памяць, увагу і шчырыя словы. Вы сабе не ўяўляеце, як мяне кранула Ваша віншавальная тэлеграма. Вы адзін адважыліся прызнаць мяне сваім настаўнікам. На жаль, ні Азгур, ні Бембель зрабіць гэтага не захацелі...”

На ілюстрацыі: Мікалай Гусеў. Партрэт Аляксея Глебава.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"