Пра што мне піша неба

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Іван КІРЧУК, лідар этна-трыа "Троіца", выкладчык Інстытута культуры Беларусі і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка
Працягваем знаёміць чытачоў з фрагментамі кнігі фалькларыста, лідара этна-трыа “Троіца” Івана Кірчука “Гарыць свечка ля алтара”, выдадзенай летась. Першыя публікацыі з серыі — у №№ 3, 5, 7, 9, 11 за 2015 год...

/i/content/pi/cult/528/11444/14-1.jpg

12 чэрвеня.

21.00. Ва ўсю гаспадарыць дождж! Што рабіць? Тэлефанаваў маме, каб не выязджала, але, пакуль дабраўся з універсітэта, яна ўжо, напэўна, выехала. У дождж!

Сёння правёў “рытуальныя спевы” ў новай групе завочнікаў. Група моцная, добрая. Увогуле, ідуць магутныя завочнікі, і з імі вельмі цікава працаваць. Студэнты павінны атрымліваць новыя цікавыя заданні, і я напоўніцу стараюся!

Праз пару гадзін я памкнуся ў ноч, каб раніцай сустрэцца з мамай. Потым вярнуся на Курган толькі напрыканцы месяца. Але тут ужо збіраецца цэлая кампанія! Радуе тое, што я распісаў амаль два месяцы: свае паездкі, рэпетыцыі “Троіцы”. Буду заняты.

15 чэрвеня.

У пятніцу я ўпаў на верхнюю паліцу! Заплечнік, поўны правіянту і сувеніраў, — пад галаву. Колы стварылі мілую калыханку, і я праваліўся ў сон.

Ліда атрымала эстафету ад Мінска, і слёзы Неба меланхалічна падалі на рэйкі. Праз сорак хвілін я драмаў у дызелі. А праз паўгадзіны рухаўся па сцяжынцы, што вяла да дома, у якім спала мама. Як здорава, калі цябе чакае мама! Я маліўся Нябёсам, каб падарылі нашай сустрэчы надвор’е!

І вось я на Кургане…

Дождж знікае, як па ўзмаху нейкай цудадзейнай палачкі, і мы з мамай працуем, размаўляем ды шкадуем, што галоўны “кухар” Міша — у Мінску. Мама кідаецца ў “бой” з пустазеллем. Я важна бяру касу: участак зарос. Мой першы закос, дакладней — “абрыў” травы. Высветлілася, што касу яшчэ трэба кляпаць, і па нашай просьбе мясцовы дзед панёс яе на свой падворак.

У суботу вечарам, купаючыся ў сонечных промнях, мы вярнуліся ў Ліду. Я планаваў начаваць на лецішчы, але мама папрасіла пабыць з ёю.

У нядзелю было свята — “Божэ Цяло”. І быў хрэсны ход да алтароў, якія выставілі на вуліцы. Я ўпершыню прайшоў усё з мамай.

Натоўп поўз па лідскіх вулачках. Дзесьці далёка наперадзе з хрыплага дынаміка даносіліся тэксты песняспеваў. Народ падхопліваў і ішоў. Мама трымалася за мяне, бо дрэнна сябе пачувала. Пасля рынку ў яе ёсць сілы? Заўжды ўражвае старое пакаленне! Мы яўна слабейшыя…

Лідскае надвор’е было неблагім. Адкрываліся нейкія белыя абшары сярод шэрых хмар і ішоў дождж. Мама, як малое дзіця, ірвалася чамусьці наперад, да ксяндзоў. Магчыма, па звычцы, бо сорак гадоў яна была харысткай у гэтым касцёле. Былі моманты, калі гэтая яе стараннасць, прывязанасць да таго, што сышло, вярэдзіла маю душу. Але гэта мая мама — старэнькая, хворая. І мне патрэбна цярпенне да яе. Заўжды.

Тут, у шэсці ад Алтара да Алтара, — усе роўныя. Як у іншым Свеце, дзе няма кватэры, няма машыны. Галоўнае — твае думкі, вера. Усё ў гэтым хрэсным ходзе было ў нейкім варыве малітваў, просьбаў, песняспеваў, ладану, званоў. Нехта проста станавіўся на калені на асфальт ці траву, маліўся. Мы — розныя, але ўсе ідзём у адзін бок. Да “Божага Цела”…

Шмат розных думак…

Працяг — у наступных нумарах "К". Пачатак тут.