Імгненні Палесся

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

У выставачнай зале райцэнтра — новая экспазіцыя. Свае фотаработы дэманструе ўраджэнец Століншчыны Павел Куніцкі. Звыш 30 здымкаў зроблены ў розную пару года. Большасць з іх не патрабуе каментарыяў: усё зразумела без слоў.

/i/content/pi/cult/528/11442/8-7.jpg

— Палессе — гэта, перш за ўсё, людзі, — кажа творца, — працавітыя, прыветныя, разважлівыя, усе жывуць у гармоніі з прыродай, ашчадна захоўваюць культуру і традыцыі продкаў…

На вернісажы аўтар падзяліўся гісторыяй нараджэння пэўных кадраў. Ён жыве ў Пінску, працуе ўласным карэспандэнтам газеты ў палескім рэгіёне, у журналістыцы — амаль трыццаць гадоў. Дзяцінства і юнацтва прайшло на Століншчыне — у пасёлку Лясны Рэчыцкага пасялковага савета.

Адно з захапленняў аўтара — падарожжы па беларускіх рэках на катамаране “Надзея” з групай аднадумцаў з Брэста. Справаздачы пра паходы рэгулярна друкуюцца. Павел Куніцкі — лаўрэат V Рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Беларусь”.

Першыя свае фотаздымкі пра Палессе (а іх у аўтара — больш за сотню) Куніцкі прадставіў у сакавіку 2014 года ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску. Пасля былі вернісажы ў Лунінцы, Брэсце, Пружанах... І вось — фотавыстаўка ў землякоў…

Галіна ГАШЧУК