Прыехалі “машынкі”

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі распачаў добрую традыцыю абменных гастролей-візітаў. На яго сцэне пачалі гасцяваць абласныя драматычныя тэатры, знаёмячы сталічную публіку (і крытыкаў, як хочацца верыць) са сваімі нядаўнімі пастаноўкамі. Дзён праз дзесяць нас чакаюць тры паказы двух спектакляў Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. А напрыканцы сакавіка прыязджаў Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр. І, сярод іншых, паказаў спектакль “Рэўнасць” сучаснага расійскага пісьменніка і драматурга Аляксея Слапоўскага, пастаўлены летась Якавам Натапавым.

/i/content/pi/cult/528/11439/8-5.jpg

Сцэна са спектакля "Рэўнасць". / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

П’еса, якая ўжо сваёй назвай скіроўвае да камедыі становішчаў, аказваецца, хутчэй, трагікамедыяй. Спектакль больш узмацняе трагічны напал, бо пачынаецца з фіналу — не напісанага драматургам. Герой, падобна на тое, збіраецца скончыць жыццё самагубствам, але спярша разгортвае сваю душу. І ў гэтай споведзі, калі хлусіць самому сабе не мае сэнсу, няма герояў “белых” і “чорных” — усе яны рознакаляровыя.

Перад рэжысёрам стаяла не зусім звычайная задача: увасобіць не толькі людзей, але і “ачалавечаныя” аўтамабілі. І ён бліскуча з ёй справіўся, скарыстаўшы менавіта тэатральныя, а не якія іншыя сродкі. Ніякіх “карнавальных касцюмаў”, складанай сцэнаграфіі (мастак — нядаўняя выпускніца Акадэміі мастацтваў Алёна Сакальвяк). Замест “машынерыі” — чалавечыя характары ў дадатак да нацыянальнай ментальнасці (вось машына — японская, вось — амерыканская, нямецкая і г.д.), што падкрэслена не толькі строямі, але і пластыкай (Варвара Каменская).

Відавочна, што акрамя ўласна “канцэпцыі” і неўтаймаванай рэжысёрскай фантазіі, пастаноўшчык карпатліва папрацаваў з акцёрамі, знайшоўшы для ігры кожнага з іх свае “разыначкі”. Траплянне роляў — стопрацэнтнае. Бачна, з якім натхненнем, энергетыкай, “чорцікамі” ў вачах выходзяць артысты на сцэну, не падзяляючы сваіх персанажаў на “галоўных” і “другасных”. Ды тут літаральна ўсе прэтэндуюць на “лепшую ролю”, бо кожны запамінаецца як непераўзыдзены майстар, сапраўдны “кароль эпізоду”.

Спектакль, пазначаны як дзея “толькі для дарослых” (і тым, верагодна, пакліканы асабліва прыцягваць моладзь), аказваецца скіраваным і на дарослых дзяцей-дзецюкоў, якія па-ранейшаму любяць гуляць “у машынкі”, і на дзелавых лэдзі, якія насамрэч прагнуць гуляць “у Барбі”, і на тых, хто прагне “сыграть в ящик”, каб адпомсціць усяму свету, і на тых, хто ўмее своечасова “націснуць на тармазы”. Казка для дарослых шчодра змяшана з жорсткай рэчаіснасцю, надзяленне жывой душой навакольных рэчаў спалучаецца са страчваннем душы ў людзей. Але філасофскі пасыл расцвітае ва ўсёй сваёй квецені толькі ў фінале, калі глядач паспеў “на ўсе сто” адсмяяцца-адрагатаць, спраўдзіўшы расходы і на білет, і на змарнаваны час (не смейцеся, але для рэгіянальных тэатраў гэта яшчэ важней, чым для сталічных, бо трэба не толькі запоўніць залу, але і не адбіць жаданне прыйсці яшчэ). Спектакль, пры ўсёй сваёй знешняй лёгкасці ды камедыйнасці, правакуе далейшае асэнсаванне — нават на ўзроўні падсвядомасці. І, галоўнае, заклікае да беражлівага стаўлення — да ўсяго, што ёсць у свеце: да людзей, рэчаў, пачуццяў, сябе самога…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"