Тонкі давер Макаёнка

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

“Трыбунал” — пра… сямейныя каштоўнасці
У Новым драматычным тэатры неяк незаўважна склалася традыцыя рабіць усё не проста своечасова, а яшчэ і загадзя. Калі ў іншых тэатрах апошнія рэпетыцыі новай пастаноўкі бываюць нават у дзень прэм’еры, дык тут, здараецца, генеральны прагон са здачай спектакля праходзяць напрыканцы сезона, а першы паказ на публіку — толькі ў пачатку наступнага. Вось і з 70-годдзем Вялікай Перамогі так атрымалася. У той час, як хтосьці ўсё яшчэ суцяшае сябе: маўляў, толькі ў маі свята, — тут прэм’ера прымеркаванага да юбілею спектакля адбылася ў сакавіку. Якой жа з’явілася хрэстаматыйна вядомая п’еса Андрэя Макаёнка “Трыбунал”?

/i/content/pi/cult/528/11438/8-3.jpg

Сапраўды, ставілі яе ў свой час багата. І не толькі ў Беларусі, у тым ліку ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Практыкаваўся і такі фестывальны ход, калі Цярэшку Калабка ігралі разам беларускі і расійскі акцёры: на кожнага прыпадала па адной дзеі. Не ўсе памятаюць, але п’еса дала штуршок і да стварэння народнай музычнай камедыі вядомага беларускага кампазітара Рыгора Суруса. Пад назвай “Судны час” яна была ўвасоблена ў 1980-х на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, у Санкт-Пецярбургу, запісана на Беларускім радыё.

І пасля ўсяго гэтага — “сціплы” (ужо хаця б па памерах сваёй сцэны) Новы драматычны. Рэжысёр — Сяргей Кулікоўскі, які некалькі месяцаў таму паставіў у гэтым тэатры нашумелы спектакль “Як я стаў…” — востра сацыяльны, маладзёжны, мінімалістычны. У ім ён звяртаўся найперш да падлеткаў, “выцягнуўшы” з артыстаў нават больш за іх магчымасці ды стварыўшы жорсткі, але такі чалавечны аповед пра каханне — сапраўднае і падманнае, пра жыццё — рэальнае і ўяўнае. І раптам у яго рэжысуры — беларуская класіка, якую мы прызвычаіліся бачыць у традыцыйным ключы, тэма Вялікай Айчыннай, вёска...

Што ж, класіка засталася класікай, традыцыйнасць узмацнілася прадметамі народнай культуры беларусаў: увесь побытавы антураж, які яшчэ зусім нядаўна быў прыналежнасцю амаль кожнай вясковый хаты, — насамрэч вонкава — амаль музейныя арыгіналы, а не танныя копіі ці падробкі (мастак — Марына Шуста). Але сам спектакль, як ні дзіўна, традыцыйным не назавеш. Ён, хутчэй, вельмі тонкі, дзе больш відавочны, а дзе і ледзь заўважны мікст самых розных традыцый ды іх парушэнняў, ажно да гарманічнага спалучэння неспалучальнага. Пры ўсіх спасылках то на 1950-я з іх тэорыяй бесканфліктнасці і камічным увасабленнем ворагаў-дурняў, то на 1970-я з іх прагай да псіхалагічных рэбусаў, вынік атрымліваецца на дзіва сучасным. Бо тое ж абсалютна парадыйнае, шаржыраванае ўвасабленне Каменданта (Ігар Падлівальчаў, у другім складзе — Сяргей Тоўсцікаў), якое быццам бы парушае зададзеную ў спектаклі “кінематаграфічнасць” акцёрскай ігры, аказваецца блізкае не лубку, а батлейцы (рэжысёр па пластыцы — Марына Баранава), адначасова адсылаючы да колішніх купалаўскіх “Тутэйшых” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Сваю праўду мае Сырадоеў (Аляксей Верашчака, у другім складзе — Арцём Пінчук), які звычайна маляваўся пачварным здраднікам. Такі прыгажун проста не можа паверыць, што яго раз за разам адвяргае нейкая кульгавая Надзея (Кацярына Ермаловіч, у другім складзе — Юлія Мяжэннікава) — можа, яна хітруе, какетнічае, цану сабе набівае? А ён, відаць, і ў паліцаі пайшоў, каб толькі часцей ёй на вочы трапляць. Дый Валодзька (Павел Чарноў) аказваецца зусім не плакатна-легендарным піянерам-героем: сарамлівы, з заіканнем, ён, па сутнасці, канчае жыццё самагубствам, каб адпомсціць за няспраўджанае першае каханне.

/i/content/pi/cult/528/11438/8-4.jpg

Кожны з персанажаў мае свой характар, нейкую "разыначку", запамінальную рысу. Ледзь не ўпершыню маладыя салдаткі (дзве дачкі і нявестка Калабкоў) паўстаюць не згуртаваным трыа з галоўным і другаснымі галасамі, а поліфанічнай повяззю з уласнымі светапоглядамі і, адпаведна, лініямі жыцця. Але ў цэнтры ўвагі, вядома, аказваецца супрацьстаўленне Паліны (Таццяна Папова) і Цярэшкі (Ігар Нікалаеў, у другім складзе — Аляксандр Гусеў). Пры ўсёй смешнасці асобных рэплік ды мізансцэн, спектакль вядзе да надзвычай актуальных сёння пытанняў — веры (у самым шырокім сэнсе слова) і прыярытэтаў. Раптам становіцца зразумела, што перад намі не сямейная “дуэль”, а сапраўдная грамадзянская вайна ў межах адной вясковай хаты. І вечнае пытанне выбару.

Не перайначваючы п’есу, пастаноўка выводзіць на першы план не подзвіг, а тэму даверу. Не столькі ўласна вайну з ворагамі-чужынцамі, колькі, адпаведна назве п’есы, трыбунал (які, між іншым, вядзе адлік з часоў інквізіцыі). Гэта ж якія зрухі павінны былі адбыцца ў галовах людзей, каб мудрая, здавалася б, жанчына, не аслепленая рэўнасцю ці іншымі пачуццямі на ўзроўні інстынктаў, верыла сакратару райкама, якога раней бачыла хіба “на карцінках”, і не верыла любаму мужу, з кім век пражыла! У яе вусны Андрэем Макаёнкам укладзены “крамольныя” па мінулых дзесяцігоддзях словы: “Я цябе радзіла, я табе і радзіма”. І далей: “Я — твая савецкая ўлада!” Пры такім павароце ўся “музейнасць”, “звышрэалістычнасць” апісанай вышэй сцэнаграфіі пачынае адыгрываць зусім не інтэр’ерную ролю. Яна дадаткова сімвалізуе тыя сямейныя каштоўнасці, на фоне якіх усё астатняе — хіба снег, завіруха, хуткаплыннае знешняе надвор’е, якое не павінна разбураць “надвор’е ў доме” і ў душах людзей. У такім кантэксце цалкам апраўданым аказваецца спалучэнне беларускіх народных песень з сусветнай класікай, пачынаючы з “Пор года” А.Вівальдзі (ці ж мог ён уявіць, што ў яго роднай Італіі калісьці надыдзе пара Мусаліні?). І нацыянальная тэма спектакля набывае агульначалавечы разгорт — у прасторы і часе.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"