Аўдыя & Відэа-13

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Сакавіцкія аўдыя- і відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць выканаўца Атмараві (A.) і спецыяльны карэспандэнт “К” Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/528/11437/8-2.jpg

Аўдыя

Гурт “Здань”, міні-альбом “У пошуках ежы”

А.: — Назвы добрыя — гурта і альбома. Народныя, так бы мовіць. Музыка таксама, тэарэтычна, народная. Галоўная цяжкасць, на мой погляд, у тым, што музыка для стваральнікаў гэтых песень адарваная ад тых, да каго апошнiя нібыта звернуты. Адсюль празмернае ўскладненне, перегруз музычнага боку. Першыя чатыры песні ашаламляюць нядбайнасцю вакалу, а ў баладзе “Безназоўная зорка” — раптам! — усё прыгожа і нават цудоўна. Хоць я палегчыў бы партыі ўдарных і баса. Заўсёды засмучаюся чуць выраз “мастацтва дзеля мастацтва”, і гэты рэліз — не выключэнне. Тут ёсць “пахвальная тэма” з варыянтамі кампазіцый на дзвюх мовах. Але, на маю думку, жаданне зрабіць праўдзіва камерцыйны рэліз з гэтых рэчаў змагло б знайсці для іх нейкую больш дакладную форму. Каб з’явілася магчымасць гаварыць аб камерцыі ў музыцы.

В.: — Гродзенская каманда, створаная ў далёкім 2000-м, нагадвае пра сябе раз на сем гадоў, і робіць гэта адносна ярка: у другой палове “нулявых” гурт падарыў свету баладу ”Ты з Мінска, я — з Гароднi”, у 2015-м — міні-альбом. Павольная кампазіцыя ёсць і на ім, астатняе - больш (“Правiнцыйны рок-н-рол”) і менш драйвовыя трэкі са шчыльнай рытм-секцыяй. Да ўсяго, напеўныя. Цалкам фарматны рок, які спакойна можна ставіць у FM-ратацыю дзесьці з 18-й да 24-й. Да прэтэнзій аднясу сыраватую лідар-гітару, якая відавочна дысануе з басам ды ўдарнымі (прытым, што саўндпрадзюсарам выступіў чалавек, здавалася б, умелы — урэшце, яму і музыкантам лепш відаць), і вакал. Матэрыял такі, што з ім трэба спрабаваць прабівацца на зборныя канцэрты ды фестывалі рознага ўзроўню, а там і да сольніка ў Мінску недалёка.

Гурт “PunKrot”, альбом “Д.А.С.Т.”

A.: — Матэрыял запісаны выдатна. Інструменты чытаюцца, вакал вылучаецца, хоць падпяваць прыпеў для мяне было б няпроста. Эстэтыка гэтага жанру мне не моцна зразумелая: я — пра мелодыі, тэксты, ідэі ды сэнсы. Пры гэтым не магу не заўважыць ужыванне гутарковай лексікі, што горача вітаю. Вельмі цікава было б паслухаць гэтыя рэчы ў акустыцы. Я салідарны з Джонам Бон Джові: сапраўдныя песні ззяюць у мінімалістычным афармленні. Вакал плюс акампануючы інструмент — і ўсё зразумела. Магчыма, менавіта ў такім рэжыме мне было б лягчэй палюбіць радок, дзе рыфмуецца "год-кампот"…

B.: — Гэты беларускамоўны калектыў які год запар ходзіць у надзеях айчыннага року, але большае, чым статус “нядрэнная панк-каманда”, не гучыць на адрас “PunKrot”. Інструменталісты ў гурце падабраліся талковыя, аранжыроўкі адпавядаюць кірунку, трэкі — у меру рэзкія. Сам альбом прэтэндуе на канцэптуальнасць. Хіба вакал слабенькі. Аднак не пакідае адчуванне нейкай недайгранасцi, недаспяванасцi, “недапрафесiяналiзму”. Быць можа, не хапае крыху і камерцыйнай ноткі, хоць бы на ўзроўні мелодыкі. А то атрымліваецца, што адыгралі-запісалі музыканты з дзясятак кампазіцый — і ў фортку яны вылецелі?..

Гурт “Nizkiz”, альбом “Лiрика”

A.: — Я заўважыў “Nizkiz” колькі гадоў таму. Прызнаў у іх сваякоў, бо чую любоў да гітарных партый пэўнага кірунку: такая гісторыя а-ля пост-“Placebo”. Цэласна, моцна, таленавіта. Вакал — дзівосны. Рэдкі выпадак гурта з яркім, вядомым голасам, якi слухаць прыемна. Зразумела, што без прадзюсара Джыма Эбiса і “Rak Studios” складана рабіць “тлушч” накшталт “Muse”, але ўсё ж і гукі, і аранжыроўкі дазваляюць атрымліваць задавальненне. Аднак і гэта зноў, як мне здаецца, спроба прайграць нейкі стандарт, чым знайсці сваю новую мову. І тут у мяне з’яўляюцца пытанні культуралагічнага кшталту. У тэксце я зноў чую адвечнае імкненне стварыць паэтычнае вязьмо рыфмаванага рускага слова. Цяжка ўявіць звычайнага слухача року, які ў здаровым розуме кажа каму-небудзь: “Будь моей звездой хоть бы на час”. Урэшце, мне самому не ўдаецца выйсці на ўзровень размоўнай лексікі. Тут мы “сваякі” з “Nizkiz” — відавочна, узраслі на тых жа культурных “дражджах”, што дало нам шчасце асалоды лепшай гітарнай музыкай і тэкстамі рускіх паэтаў, але тым самым адсунула ад паўсядзённага жыцця — “закваскі” ўсіх моцных гітарных гуртоў апошніх пяцiдзесяцi гадоў. Сіла такой музыкі — у максімальнай прастаце і даступнасці. А тут музычна ўсё. Тэкстава я чую чарговае пляценне паветраных сэнсаў, далёкіх ад штодзённасці. Імкненне да прыгожага ўяўнага свету зразумелае, але, на жаль, гурт робіць такую музыку пазбаўленай цэнтральнай лінiі — адлюстравання індывідуальнай творчай адзінкі ў кантэксце надзённага.

B.: — Пакрысе (насамрэч, адштурхоўваючыся ад гучнай музыкі) магілёўскі гурт выбіўся ў шэрагі самых цікавых маладых рок-каманд Беларусі. Іх рэлізы з нецярпеннем чакаюць меламаны. Спачатку калектыў гэты мне, мякка кажучы, не надта спадабаўся, але, пачуўшы яго ўжывую ды зноўку, больш уважліва, азнаёмiўшыся з трэкамі ансамбля, я зразумеў, што не меў рацыі. Жорсткі саўнд пры меладычнасці ўсіх без выключэння кампазіцый, старанна вывераныя аранжыроўкі, пранізлівы і эмацыйны вакал (з прыблізных айчынных аналагаў, у галасавым дачыненні, — землякі з "Nevma"), які падкрэслівае тэкставае ўтрыманне дарожак — чалавек у навакольным свеце. Амаль палова альбома — патэнцыйныя і нават безумоўныя хіты: “Будзь маёй зоркай”, “Паварочвай!”, “Цяпер i далей”, “Дзе я...”. Не люблю слова “бомба”, якім журналісты нярэдка характарызуюць тую або іншую падзею, але “Лiрика” ад “Nizkiz” — сапраўды хлапушка (як мінімум) на беларускім музычным рынку: і па якасці матэрыялу, і паводле ўласна гуку.

Відэа

Гурт “LiteSound”, кліп на песню “UFO”

А.: — Ухвальна браць за ўзор сучасны перадавы поп кшталту Адама Ламберта, спрабаваць зрабіць мешаніну з поп-сімвалаў розных часоў. Візуальная частка — у чымсьці сапраўдны “ваў!”. Квяцістасць, якая часам прымушае забыць музычны трэк і задумацца: “Дзе ж яны ўзялі грошай на ўсе гэтыя касцюмы?” Пры тым сама кампазіцыя не ўтрымлівае дынамікі — з першых нот, дзе саліст нават слова “дэпрэшн” спявае “з поўнай аддачай”, ідзе неаслабны напор. Для поп-песні гэта, мяркую, нават занадта. Я асабіста як слухач хутка стамляюся ад такога націску, бо люблю дэталі. А дэталі тут, на жаль, закампрэсаваны ў адзіную шчыльную плынь мужчынскасці. Тое, магчыма, і было творчай задумай стваральнікаў.

В.: — Дадзенае відэа — афіцыйны ролік на саўндтрэк да шоу братоў Запашных “UFO. Цырк з іншай планеты”. А там, дзе браты... Каракіны — лідары гурта “LiteSound”, — заўсёды прыгожа: ці тое скандалы, ці — прыгожыя дзяўчыны ў кліпах, ці самі ролікі і музыка. Да чароўнай юнай паненкі дадаліся яшчэ і іншапланетнікі, якія перанеслі галоўнага героя маленькага кіно з Зямлі на цыркавую арэну. Фабула зразумелая: цыркачы — людзі ў чымсьці не з гэтага свету. І калі чалавека прынялі ў іх кола, значыць, ён абраны. А кампазіцыя, выкажу шчыра сваю думку, — “не фантан”. Але аформлена прыгожа.