Запаведны “востраў”

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Ён піша тое, што дарагое сэрцу...
Час бяжыць. І за мітуснёй штодзённай кожны з нас неўпрыкмет падыходзіць да круглай даты. У кожнага яна наступае з рознымі пачуццямі, але, безумоўна, падводзіць рысу зробленага. Мяркуе чалавек і пра тое, што яшчэ можна здзейсніць… Прыйшоў гэты час і да наваполацкага мастака Віктара Лук’янава. Зусім нядаўна яму споўнілася 75.

/i/content/pi/cult/528/11436/8-1.jpg

Віктар Лук'янаў. Пейзаж.

На працягу амаль паўстагоддзя з раніцы да позняга вечара ён праводзіць за мальбертам на сваім запаведным “востраве”, у майстэрні. Такім чынам творчасць для яго стала жыццёвай патрэбай, як вада або паветра.

Па сацыяльным статусе — пенсіянер, па адукацыі, прафесіі, стане душы — мастак, па творчай манеры — акварэліст. Дарэчы, яшчэ і Ганаровы грамадзянін Наваполацка, адзіны з абласной суполкі Саюза мастакоў, які ўдастоены такога статусу.

Віктар Лук’янаў — адна з найбольш значных фігур мастацкага жыцця горада. Нарадзіўся ў вёсцы Уласава Суражскага раёна. У гады ваеннага ліхалецця Віктару Міхайлавічу не было і пяці, а ўсё астатняе — холад, голад, страх, пажары, хлюпанне гразі пад жыватом, калі хаваешся ад куль… Адтуль, з ваеннага ліхалецця, — яго вытокі…

Нягоды дзяцінства загартавалі ціхага каржакаватага хлапчука, які ўпарта ішоў да сваёй мэты. Прыхільнасцю да малявання ён абавязаны свайму хроснаму, які падарыў яму фарбы з пэндзлем і кніжку “Вперёд, капитаны!”. Праз усё жыццё пранёс Віктар Міхайлавіч сынаву падзяку бацьку, які падтрымліваў яго імкненне да прыгажосці. Пасля сямігодкі Лук’янаў паступае ў Віцебскае мастацкае вучылішча. А пасля службы ў войску — на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута.

У малады горад беларускай нафтахіміі 28-гадовы “чырвонадыпломнік” Лук’янаў прыехаў, калі на месцы сучаснага Наваполацка амаль нічога, акрамя баракаў ды некалькіх будынкаў пасярод чарнічнага лесу, не было. Затое сіл, жыццялюбства — хоць адбаўляй! Да 10-годдзя горада адкрылі першую залу Музея працоўнай славы ў адным з баракаў на вуліцы 1-я Лінія, а да 15-годдзя — здадзены ўвесь аб’ект. Лук’янаў стаў аўтарам мастацкай канцэпцыі: сам рабіў эскізы і кантраляваў работу.

Доўгі час на грамадскіх пачатках Віктар Міхайлавіч выконваў абавязкі галоўнага мастака горада, а свой талент, фантазію ўкладаў у яго ўпрыгожванне. Тады, у 1970-я, тут пачаў фарміравацца і творчы калектыў мастакоў. Для Лук’янава гэтыя гады сталі часам здзяйснення самых дзёрзкіх праектаў. Ім выкананы вітражы і роспісы ў грамадскіх установах Наваполацка, а таксама ў кінатэатры “Мінск”, Музеі баявой славы ў Полацку, упрыгожаны фасад музычнай школы…

Да свайго “філасофскага” ўзросту Віктар Лук’янаў прыйшоў сталым майстрам, мастаком вялікай выяўленчай сілы. Для ягонай творчасці характэрна пільная ўвага да ўсяго, чым жыве наш сучаснік, да мінулага і сённяшняга, да прыроды роднага краю. Але па прызванні ён — акварэліст, гэтай тэхніцы ён аддаў больш за паўстагоддзя, ягонае імя занесена ў энцыклапедыі, а тэхніку пісьма вывучаюць у навучальных установах. Віктар Міхайлавіч па праве можа ганарыцца тым, што вынайшаў шмат тэхнічных акварэльных прыёмаў. Яго творы грэюць цяплом і святлом жыхароў бліжняга ды дальняга замежжа, упрыгожваюць інтэр’еры буйных дзяржаўных будынкаў.

Ён піша тое, што любіць, што дарагое сэрцу і грэе душу: ціхую раку, зімовы лес, свячэнне бяроз і белую квецень саду, царкву, азораную золатам лістоты… Моцныя маладыя яблыні, звязка рыбы ў серабрыстай лусцы, жоўтыя дзьмухаўцы ў вазе… Здаецца, проста пейзажы або нацюрморты. А на самой справе — захапленне моцай, разнастайнасцю і кволасцю свету, напісанае фарбамі… Калі ён бярэ ў рукі пэндзаль, то давярае прыродзе настрой і сардэчны парыў, збянтэжанасць ды трывогу, глыбокія развагі ў хвіліны спакою. Углядаючыся ў творы майстра, думаеш пра тое, што без Мастацтва жыццё будзе цьмяным ды сумным, і толькі мастак, сапраўдны мастак, дапаможа спазнаць шматграннасць, прыгажосць ды каштоўнасць жыцця…

Вера ШУШКО, навуковы супрацоўнік Музея  гісторыі і культуры Наваполацка