Фармат патрабуе тлумачэнняў

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

“Ступені” vs. “Артэрыя”
Што ёсць выстаўка? Справаздача? Мастацкае выказванне? Знаёмства з аўтарам? Усё залежыць ад пастаўленай задачы. Дзве фотавыстаўкі, якія адкрыліся напрыканцы сакавіка ў дзвюх дзяржаўных установах — галерэі “Універсітэт культуры” і Цэнтры сучасных мастацтваў, — далі падставу паразважаць наконт таго, з якіх элементаў складаецца выставачны праект. Беларускае грамадскае аб’яднанне “Фотамастацтва”, штогадовая выстаўка якога “Ступені” становіцца сапраўды пастаяннай, — прадставіла маладых аўтараў, што нядаўна сталі сябрамі арганізацыі. Выстаўка ў ЦСМ — “Артэрыя” — таксама знаёміць з плёнам высілкаў менавіта маладых фатографаў, і тут праект ажыццявіўся дзякуючы ініцыятыве саміх аўтараў ды “ўдаламу збегу абставін”.

/i/content/pi/cult/528/11435/7-1.jpg

Арганізатары абедзвюх выставак зрабілі акцэнт на “праектную фатаграфію”. “Куратары выстаўкі прапанавалі ўдзельнікам прадставіць не адзін-два здымкі, а серыю фотаработ: такі падыход, на іх думку, дапаможа гледачу ацаніць індывідуальны почырк і стыль кожнага з фатографаў”, — адзначаецца ў прэзентацыйным тэксце да “Ступеняў”. “На Захадзе ўжо даўно не працуюць з адзінкавымі здымкамі: фатографы навучаны мысліць серыямі — стылістычна, семантычна і візуальна аформленымі тэкстамі, якія дазваляюць аўтару больш поўна выказацца…”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе да “Артэрыі”. Праектная фатаграфія ўваходзіць у практыку маладых аўтараў, — сведчаць тыя абгрунтаванні, але праектны фармат усё яшчэ мае патрэбу ў тлумачэнні, — такія высновы спараджаюць анатацыі. Далей у тэкстах ідзе прадстаўленне аўтараў ды іх праектаў, і на гэтым, бадай, усё.

Вось у такім “простым” падыходзе арганізатары выставак і падобныя: праекты, маладыя фатографы, аніякіх кантэкстуальных рамак. Адзін з куратараў “Ступеняў” Марына Бацюкова (другі куратар — Міхаіл Гарус), апісваючы мэты выстаўкі “Фотамастацтва”, прызнаецца: “Мы імкнуліся прадставіць новых фатографаў, выкарыстоўваючы тыя магчымасці, што ёсць у галерэі “Універсітэт культуры”. Гэта фармат знаёмства з новымі сябрамі аб’яднання”. Аднак пры ўсіх выгодах, якія мае памяшканне Цэнтра сучасных мастацтваў, калі кожны з удзельнікаў выстаўкі ў ім, атрымаў, лічы, персанальную залу, нельга не заўважыць: спроба “Артэрыі” прадставіць новае пакаленне падалася больш эфектнай. Але па-другое, перад намі паўсталі два розныя кірункі — сучасныя піктарыялісты і арт-фатографы.

Піктарыялісты?

Разглядаю ўважліва серыі аўтараў “Ступені”. Дасціпная дакументальная фатаграфія Паўла Осіпава “Social Landscape” (“Сацыяльны ландшафт”), побач — атмасферная серыя “Пад месяцам” Андрэя Дубініна, зробленая ў тэхніцы пігментнага друку. Візуальныя эксперыменты Андрэя Васкрасенскага (гуміярабік) — “Секцыя” і “Нацюрморты”; пяшчотная замалёўка Вольгі Сяргеевай “На Петраградскім баку” (сярэбраны адбітак, алей); вытанчаная “Сустрэча” Марыі Банэ (гуміярабік)… Так, праходзячы па экспазіцыі, адзначаеш, што колішнія альтэрнатыўныя тэхнікі фатаграфіі, на тэму якіх толькі нядаўна адбылася выстаўка ў Нацыянальным гістарычным музеі краіны, цалкам знаходзяць сваіх апалагетаў у сучаснасці. Цыянатыпія, пігментны друк, гуміярабік… — піктарыяльная фатаграфія “разбіваецца” толькі некалькі разоў: фэшн-пастаноўкай Яўгеніі Мужавай “The Orbit of Venus”, чорна-белым класічным рэпартажам Ірыны Дайнаковай “Дзеці ў спорце” і дакументальным даследаваннем таго ж Паўла Осіпава… Гэтую адметнасць — захопленасць моладзі “Фотамастацтва” старадаўнімі тэхнікамі — немагчыма не заўважыць. Адкуль яна? — вось пытанне. І тут можна зрабіць здагадку: многія з удзельнікаў з’яўляюцца вучнямі майстроў сталага пакалення — сяброў таго ж фотаклуба “Мінск”, іншых інстытуцый. Напрыклад, Людміла Сідэнка — выпускніца студыі “У Бірылкі”; пераемнасць Марыі Банэ, Андрэя Васкрасенскага ад аўтараў Мінскай школы фатаграфіі ўбачыў пецярбургскі куратар Ігар Лебедзеў, уключыўшы іх работы ў выстаўку і фонды “РОСФОТО”… Падобныя паралелі, на жаль, куратарамі не выкарыстоўваюцца напоўніцу, застаючыся радком у біяграфіі аўтара. Між тым, стварэнне падобнага кантэксту задало б зусім іншы фармат успрыняцця новага пакалення, якое ў ручных фатаграфічных працэсах знаходзіць арганічныя для сябе магчымасці самавыяўлення. Але ж маем — няхай і дабротны, але — фармат справаздачнай выстаўкі.

Канцэптуалісты?

Што ж прадэманстравала “Артэрыя” маладой крыві? Выстаўка прадставіла аўтараў, якія знаходзяць сябе ў арт-фатаграфіі. Невыпадкова ў падтрымку выстаўкі зрабіў паказы стужак пра тое ж канцэпт-фота Уладзімір Парфянок: усё гэта падтрымлівае экспазіцыю, як задаючы гарызонты аўтарам, так і выхоўваючы публіку ўспрымаць фатаграфію падобнага кшталту.

Па сутнасці, аўтарам “Артэрыі” ўдалося стварыць інсталяцыі, прасторы, якія раскрывалі іх праекты, — ад серыі “Час пераходу” Юліі Назаравай, што размешчана наўпрост на сцяне калідора, атаясамліваючы прамежкавы стан унутраных змен асобы, да запамінальнага “чорнага пакоя” Ягора Войнава, дзе аўтар прадставіў праект “Парадны ўваход”, натхнёны наведваннем парыжскіх могілак Пер-Лашэз. Нічога страшнага ці амаральнага: серыя Ягора — гэта развага наконт убачаных абліччаў пахавальняў. “Цёплыя” вітражы і халодны камень, пакінутыя мяккія цацкі ды засохлыя кветкі… Зразумела, што ў серыі можна ўбачыць супрацьстаянне жыцця і смерці, памяці ды забыцця, але Ягор прапануе пашырыць межы ўспрымання і адчуць у еўрапейскім рытуале шанавання памерлых і пэўную заслону ад смерці… Але гэтую ідэю, на маю думку, можна было б развіваць далей, даследуючы цырымонію шанавання памерлых.

Праект Алены Пратасевіч “Другі крок” — спроба раскрыць такую тэму, як мацярынства, праз паўсядзённы візуальны досвед, што часам паказвае нам больш, чым клішаваныя партрэты. Фатаграфіі Алены — сполахі-ўспаміны, якія дапамагаюць усвядоміць, што ж адбываецца з дарослым у час нараджэння і выхавання дзіцяці: дзе мяжа ўласнага “я”, дзе ён сабе ўжо проста не належыць. Аніякіх візуальных штампаў кшталту “мама і дзіця”. Дзённік Алены — гэта мова нібы выпадковай фатаграфіі, што, насамрэч, выдае чалавека, які шчыра прызнаецца ў сваёй разгубленасці перад шчасцем, болем, каханнем — тым станам, што часам немагчыма назваць… І ці здольныя перадаць той неацэнны досвед выявы ў “Instagram”? Аўтар пытаецца таксама і пра гэта.

Прыгожы і тонкі праект “Ліст з Ціхага горада” Кацярыны Смурага, які адсылае да жывых сакрэтаў нашага “ўнутранага дзіцяці”, — яшчэ адна прастора, дзе фатаграфія — дакладны медыум пэўнай думкі ды эмоцыі. Андрэй Карачун — і яго праца з візуальным, якая афармляецца ў фантомы-фактуры паўсядзённасці… Аўтары выстаўкі ў ЦСМ дэманструюць стаўленне да фатаграфіі як да пластычнага медыя: гэта прыклады, дзе здымак усё яшчэ з’яўляецца нечым большым, чым прыкладным інструментарыем увасаблення думкі. Для канцэптуальнага мастацтва майстэрства валодання тэхнікай  — справа другасная, тым не менш, нельга сказаць, што часам медыя не можа праяўляць спецыфіку. Дзесьці на гэтым перакрыжаванні “формы” ды “ідэі” знаходзяцца ўдзельнікі “Артэрыі”.

Чаго выстаўцы істотна бракавала (зноў-такі!), дык гэта тэксту, які раскрываў бы магчымасці і прыкметы арт-фатаграфіі, акрэсліваў тое агульнае, што ўласціва яе прыхільнікам. Па-шчырасці, нягледзячы на тое, што заяўленым аўтарам удалося стварыць больш эфектную экспазіцыю, яны засталіся сам-насам з сабой, — куратар Ягор Войнаў не здолеў спалучыць іх творы ў цэласнае выказванне. Але ж выявіць свой падыход да фатаграфіі — на прыкладзе праектаў — удалося.

Што ж маем? Піктарыялісты супраць канцэптуалістаў? Ці нават так: традыцыяналісты супраць арт-фатаграфіі? У гэтым умоўным спаборніцтве тых, хто выйграў, не аказалася, бо не склалася з адпаведным кантэкстам выстаўкі — як пабудаванага мастацкага выказвання. Што да фармату знаёмства з аўтарамі — магчыма, тут усё добра, але сёння, калі выставачны праект мусіць несці большую сэнсавую нагрузку, гэтага ж, бадай, недастаткова…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"