Паміж “рэальна” і “абавязкова”

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Тэатральны Мазыр: каардынаты пракату ў спецыфічных умовах
У апошнім нумары часопіса “Мастацтва” за 2014 год вядучыя тэатральныя крытыкі краіны дзяліліся сваімі ўражаннямі наконт падзей адыходзячага года. Прафесар Рычард Смольскі ў сваіх назіраннях заўважыў: “Засмучае […] акалічнасць, якая доўжыцца не адзін год: шырокая тэатральная грамадскасць краіны фактычна не ведае, як сёння жывуць-выжываюць “маленькія” тэатры ў Мазыры, Пінску, Слоніме, Бабруйску, Маладзечне…” Сапраўды, не тое што “маленькія”, але нават абласныя тэатры не могуць сабе дазволіць працяглыя гастролі ў сталіцы з паказам сваіх лепшых спектакляў. Таму і ўзнікае пэўны інфармацыйны вакуум. Па-другое… “Жыве ці выжывае” — апошнім часам такая дылема набыла завостранасць для культурнай галіны ў цэлым і для тэатра ў прыватнасці. Гэтыя думкі сталі кропкай адліку для серыі гутарак з прадстаўнікамі рэгіянальных тэатраў. Раман Цыркін — галоўны рэжысёр Мазырскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Івана Мележа. Працуе ён у ім з 1999 года. У творчым даробку тэатра — 56 спектакляў. Наша гутарка адбылася незадоўга да 25-годдзя культурнай установы.

/i/content/pi/cult/528/11433/6-1.jpg

Раман Цыркін. / Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

— Да Міжнароднага дня тэатра ніякіх урачыстасцей не планавалі: адбылася прэм’ера спектакля “Лялька” ў пастаноўцы Юрыя Вуты, перад паказам прагучалі цёплыя словы.

— Атрымліваецца, тэатр застаўся без урачыстасцей з нагоды юбілею?

— Атрымліваецца так… Хоць і выносілася пытанне на абмеркаванне, але, як кажуць, “павісла ў паветры”. А нядаўна адзін супрацоўнік пераконваў: 25 — гэта не юбілей, а вось 50 і 100 — вось гэта трэба адзначаць! Мо і сапраўды так…

— Нагадаю чытачам, што два гады таму ў мазырскім тэатры здарыўся пажар. Цалкам знішчана Малая зала, на якой ішоў асноўны пракат пастановак. У агні згарэлі амаль усе тэатральныя касцюмы, рэквізіт, носьбіты з запісамі музычнага афармлення спектакляў. (Вечарам гэтага дня ў афішы быў заяўлены адзін з прэм’ерных паказаў спектакля “Трагедыя прынца Дацкага” паводле шэкспіраўскага “Гамлета” ў рэжысуры Рыгора Баравіка з Раманам Цыркіным у галоўнай ролі.) А ў якім стане сёння знаходзіцца будынак, які мае гістарычную каштоўнасць?

— Працэс аднаўлення рушыць, я сказаў бы, ірванымі тэмпамі — зразумела, у наўпростай залежнасці ад фінансавання. Часам будаўніцтва спыняецца, часам — актыўна аднаўляецца. Шмат зроблена звонку. Адбудавана частка, цалкам знішчаная пажарам, з’явіліся дадатковыя прыбудовы, якіх раней не было. Але працы, зразумела, яшчэ вельмі шмат.

— Наколькі я ведаю, пасля пажару па тэатрах краіны былі разасланы лісты з просьбай аказаць дапамогу мазыранам. Якія тэатры адгукнуліся на гэты заклік?

— Вялікую дапамогу касцюмамі і дэкарацыямі аказалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ды Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, за што — велізарная падзяка кіраўніцтву гэтых устаноў і асабіста Мікалаю Пінігіну, Сяргею Кавальчыку, Барысу Герлавану, Эдуарду Герасімовічу, Ігару Андрэеву. Яны першыя і, можна сказаць, ледзь не адзіныя, хто адгукнуўся. Толькі Гомельскі абласны драматычны тэатр яшчэ дапамог часткова “апрануць” спектакль “Ханума”.

— Колькі спектакляў з рэпертуару ўдалося аднавіць?

— Калі казаць шчыра, то з усяго спісу заяўленых мной спектакляў атрымалася вярнуць да жыцця толькі адзін: “Асабліва закаханы таксіст” па п’есе Рэя Куні, таму што ён прыносіць касу. На аднаўленне іншых, як адказалі мне ў дырэкцыі, грошай няма. Я думаю, што з ідэяй аднавіць увесь спіс давядзецца развітацца. А там ёсць спектаклі — лаўрэаты міжнародных фестываляў па творах беларускай, рускай і сусветнай класічнай драматургіі… Шкада, канешне ж, але што зробіш: такая сітуацыя склалася…

— Але калі нейкія грошы ўсё ж такі з’яўляюцца ў тэатры, на што або на каго яны накіроўваюцца?

— На запрошаных рэжысёраў ды іх спектаклі, калі казаць пра ўласна творчую частку. Гэта дазваляе казаць аб пэўным абнаўленні афішы.

— У якіх умовах у цяперашні час працуе трупа: дзе праходзяць рэпетыцыі, прэм’еры і пракат спектакляў?

— Мы зараз больш нагадваем не тэатр, а нейкую раённую філармонію. Працуем, у асноўным, па школах, садках, дзе паказваем дзіцячыя казкі. Яны і складаюць аснову пракату. Для рэпетыцый нам выдзелены чытальная зала бібліятэкі, аддзеленая ад іншай залы шафай. Тут і ставяцца спектаклі — і дарослыя, і дзіцячыя. (Дарэчы, аднойчы пад час рэпетыцый бібліятэкары папрасілі нас размаўляць напаўголасу, ледзь не шэптам, каб не перашкаджаць чытачам. Іх можна зразумець. Яны жылі сваім ціхім жыццём, — і тут “уварваўся” тэатр, а гэта, зразумела, эмацыйны занятак.) Часам на некалькі дзён перад прэм’ерай “дарослага” спектакля нам даюць сцэну Гарадскога дома культуры, дзе і адбываюцца першыя паказы. А пракат спектакляў — самая вялікая праблема. У месяц праходзяць максімум два вячэрнія паказы. Палічыце, колькі атрымліваецца за сезон. Таму ўсе новыя спектаклі ў нас яшчэ доўга будуць лічыцца прэм’ернымі. І гэта прытым, што кожны год запланавана дзве-тры новыя пастаноўкі для дарослых.

— Дык што было пастаўлена тэатрам за апошнія пару сезонаў? На якія з пастановак як рэжысёр у першую чаргу раіш звярнуць увагу?

— За час, што мінуў пасля пажару, было пастаўлена шэсць спектакляў для дзяцей і пяць вячэрніх: “Брыгадзір” Дзяніса Фанвізіна, “Ханума” Аўксенція Цагарэлі, “Абдураны муж” Жана-Батыста Мальера, “За двума зайцамі” Міхаіла Старыцкага, “Лялькі” Юрыя Вуты і Васіля Ткачова. Спектакль павінен “абрастаць мясам”: мець стабільны і сталы пракат. Але калі артыст вымушаны выходзіць на сцэну ў адной і той жа ролі, напрыклад, раз на два месяцы ды іграць на ўзроўні ўспаміну, гэта не спрыяе ні якасці акцёрскай працы, ні якасці спектакля ў цэлым…

— Што, на тваю думку, патрэбна гледачу горада і чым ты кіруешся пры выбары п’есы для пастаноўкі?

— Вядома, хочацца ставіць п’есы, заснаваныя на сур’ёзным драматургічным матэрыяле, але жыццёвыя рэаліі не дазваляюць сёння выпусціць паўнавартасны і дыхтоўны спектакль. Раней рэпертуарная палітыка будавалася так, каб у афішы былі спектаклі для рознага гледача: хтосьці прыходзіць у тэатр адпачыць і павесяліцца, іншы — атрымаць адказы на нейкія пытанні, і гэтак далей. Але абавязкова ставілася класіка. Рабілася гэта для таго, каб прафесійна расла трупа, каб глядач выхоўваўся на прыкладах сусветнай драматургіі. І п’есы адбіраліся не выпадкова, а так, каб яны ўпісваліся ў канцэпцыю развіцця нашага тэатра.

— Агучана ўсё ў мінулым часе. Хто зараз вызначае рэпертуар тэатра?

— Адміністрацыя — дырэктар і не так даўно прызначаны мастацкі кіраўнік. У агульным плане працы і мне дастаецца асобнае “акенца” для рэалізацыі рэжысёрскіх задумак.

— І ўсё ж такі вернемся да юбілейнай даты. Прыгадаем самыя яркія тэатральныя падзеі ў Мазыры…

— За 25 гадоў тэатр перажываў розныя перыяды: быў час заняпаду, прыгадваю і цудоўны перыяд росквіту. У рэпертуары з’явіліся творы Чэхава і Гогаля, Астроўскага і Саллагуба, Купалы і Коласа, Аляхновіча і Родзевічаў, О’Ніла і Касоны, Мальера і Шэкспіра, Макаёнка, Быкава, Дударава, Дзялендзіка, Каўарда, Моэма... Прыемна, што некаторыя п’есы ўпершыню былі пастаўлены ў нашым тэатры. Свае першыя крокі ў рэжысуры рабілі ў Тэатры імя Івана Мележа Кацярына Агароднікава, Дзяніс Фёдараў, Сяргей Яскевіч, Людміла Балігатава, Таццяна Сядова. Свае пастаноўкі на нашай сцэне ажыццяўлялі вядомыя рэжысёры Мікалай Трухан, Уладзімір Караткевіч, Віталь Баркоўскі, Юрый Вута, Мікалай Дзінаў, Сяргей Палешчанкаў, Леанід Данчук. Шмат гадоў супрацоўнічаў з тэатрам Рыгор Баравік. Мне пашчасціла паставіць “Дзядзьку Янку”, “На ўсякага мудраца даволі прастаты”, “Жаніцьбу”, “Бойкае месца”, “Дрэвы паміраюць стоячы”, “Раскiданае гняздо”, “Трыбунал”, “Бяду ад пяшчотнага сэрца”, мноства сучасных п’ес, казак. Тэатр неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных фестывалях ва Украіне і ў Расіі, былі гастролі ў Мінску, Маладзечне, Бабруйску…

Заключэнне ад аўтара

Танальнасць суразмоўцы не надта аптымістычная. Ствараючы доўгія гады тэатр, які ён лічыў сваім родным домам, рэжысёр нібыта апынуўся ў іншай ролі. Так, розныя сюрпрызы падкідваюць жыццёвыя абставіны. Вастрыня іх успрымання пераадольваецца нейкім філасофскім падыходам і часам. Як пісаў паэт Юрый Левітанскі: “Все приходит и уходит в никуда из ничего. Все проходит, но бесследно не проходит ничего”. Кажуць, што сцэна лечыць. А яшчэ — праца. Хацелася б, каб тая "фортка", пра якую кажа Раман, заўсёды была адчынена для яго рэжысёрскіх досведаў. І не толькі раз на сезон.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр