Наша ўсё!

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Уладзімір КАВАЛЁНАК, лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, ураджэнец вёскі Белае Крупскага раёна
Як натуральнае мы ўспрымаем тое, што дасягненні касманаўтыкі выкарыстоўваюцца ў розных галінах дзейнасці чалавека — ад ваенна-прамысловага да аграпрамысловага комплексаў, рухаюць навукова-тэхнічны прагрэс. Але касманаўтыка аказвае ўплыў у цэлым на наша развіццё, у тым ліку — на сферу культуры.

/i/content/pi/cult/528/11432/5-4.jpgЧалавецтва заўсёды вабіла невядомае, таямнічае, тое, што немагчыма пакратаць рукамі, а толькі ўявіць сабе, нафантазіраваць. Так і атрымліваецца з творамі мастацтва. Хлапчуком я зачытваўся кнігамі Герберта Уэлса, Жуля Верна, Аляксандра Бяляева, Аляксея Талстога, Івана Яфрэмава, дзе распавядалася пра скарэнне галактычных глыбінь. Не прайшла для мяне незаўважанай касмічная тэма, якую прапаноўваў кінематограф. З задавальненнем я глядзеў такія фільмы, як “Аэліта”, “Імглістасць Андрамеды”, “Планета бур”, “Салярыс”. Ну а сярод жывапісцаў, чыя творчасць звязана з космасам, ёсць і мой калега — двойчы Герой Савецкага Саюза Аляксей Лявонаў: ён не адзін дзясятак гадоў стварае карціны, на якіх намаляваны далёкія светы. Так, як ён сабе іх уяўляе. А колькі выдатных песень напісана — пра людзей, якія пабывалі ў космасе (напрыклад, пра Юрыя Гагарына), і аб палётах. А “Трава ля дома” з’яўляецца ледзь не галоўнай песняй касманаўтаў!

Так што, магчыма, і творчасць агулам нейкім чынам ды паўплывала на выбар прафесіі, і я ўжо сам змог “дакрануцца” да космасу! Сёння ж хто да яго толькі не спрычыняецца апасродкавана — ад стваральнікаў блокбастараў да распрацоўшчыкаў камп’ютарных гульняў.

Калі ж казаць пра мяне як пра чалавека, які мае хоць нейкае дачыненне да культуры, то, дапусцім, мае здымкі Галапагоскіх выспаў і тайфуну “Рыта”, зробленыя калісьці з космасу, абышлі выданні ўсяго свету. Без залішняй сціпласці магу сказаць, што імі мне ўдалося данесці да зямлян тое, наколькі прыгожая наша планета, калі глядзіш на яе здалёк. Я сябе лічу, мякка кажучы, датычным да дакументальнага фільма “Космас далёкіх дарог”, няхай майго імя — як суаўтара — няма ў цітрах. Напісаў я і дзве публіцыстычныя кнігі — “Радзіма крылы дала” і “Арбіты жыцця”. У іх распавёў чытачу пра сваё жыццё, пра тое, як успрымаю навакольны свет.

Цяпер мне цікава ўсё, што звязана з гісторыяй. Хлебам не кармі, дай мне пакорпацца ў кнігах на гэтую тэматыку! Знаходжу ў іх нешта новае, нечаканае для сябе, здзяйсняю адкрыцці. Аднак, шчыра скажу, да інтэрпрэтацый беларускай гісторыі стаўлюся з некаторай насцярогай: надта шмат там заблытаных момантаў, дый літаратуры — сур’ёзнай, падрабязнай — сустракаў не так шмат. Але Беларусь, беларуская культура, мастацтва заўсёды са мной. Мой лепшы сябра — паэт Васіль Зуёнак, які напісаў пра Зяленую пушчу, а Якуб Колас, яго “Мой родны кут, як ты мне мiлы!..” — гэта наша ўсё!

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"