Цяпер уражвае не кераміка…

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Максім КАЛТЫГІН, мастак
Яшчэ ў юнацтве зачапілі словы Томаса Карлейна пра тое, што адным дадзена адкрываць новыя шляхі, а іншым — прадаўжаць іх ды ўладкоўваць. Можа, гэта гучыць і нясціпла, але мне хацелася належаць да першых, адкрываць новае, а не даводзіць да ладу існае, прыдуманае іншымі. Зрэшты, да гэтага імкнецца кожны мастак, а ўжо як атрымліваецца — гэта вырашаць іншым...

/i/content/pi/cult/528/11431/5-3.jpgЗнайсці ўласную пластычную мову я спрабаваў яшчэ ў сваёй дыпломнай рабоце ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Пятра Машэрава. Мне хацелася спалучыць міфалогію і сацыялогію, літаратурныя вобразы з актуаліямі рэчаіснасці. Я яшчэ цьмяна ўяўляў, чаго канкрэтна хачу, але дакладна ведаў, чаго мне не трэба. А не хацеў я ў творчасці аказацца падобным на свайго бацьку — мастака Валерыя Калтыгіна, які быў маім першым настаўнікам. І менавіта з той прычыны, што бацькавы стыль мне вельмі даспадобы (мне і зараз падабаецца тое, што ён робіць), асабліва ў той перыяд, калі ягоныя творы набылі канцэптуальную цэласнасць ды пазнавальнае аблічча. Я баяўся застацца пад ягоным уплывам.

У той жа час я бачыў работы маладзейшых керамістаў: Лявона Трацэўскага, Тамары Сакаловай, Ірыны Каваленка, Сяргея Кайдака. І яны таксама мяне вабілі ды натхнялі. Не магу не згадаць і віцебскую мастацкую школу як асяродак, які моцна паўплываў на мае светапогляды. Асабліва я ўдзячны выкладчыку скульптуры Івану Каладоўскаму і графіку Віктару Мішуціну.

Мастацтва ўвогуле і дэкаратыўнае ў прыватнасці ўмоўна падзяляецца на тое, што на продаж, і на тое, што мастак робіць, незалежна ад таго, знойдзецца на твор пакупнік ці не. Мастацтва з камерцыйным ухілам і мастацтва як форма духоўнай самарэалізацыі. Так было заўжды. І ў добрыя для мастацтва часы адно і другое неяк ураўнаважана. Што ж да сённяшняга дня, дык (мне хацелася б памыліцца!) падаецца, нібыта камерцыйны пачатак дамінуе…

Апошнім часам у нашым дэкаратыўна-прыкладным мастацтве мяне ўражвае не кераміка, якая з’яўляецца маёй спецыяльнасцю, але шкло і габелены. А вось кераміка, на маю думку, знаходзіцца ў крызісным стане. Многія з тых, хто мяне вучыў, перасталі творча працаваць і выстаўляцца, змянілі род заняткаў, нават з’ехалі з краіны… Губляем кадры, перспектывы нацыянальнай школы…

Што ж да Бабруйска, дык тут, дзякуючы традыцыйнаму Міжнароднаму пленэру “Арт-Жыжаль”, які арганізацыйна ды матэрыяльна падтрымлівае мясцовае кіраўніцтва, не толькі захавалася, але і развіваецца рэгіянальная мастацкая школа. Я сам неаднаразова браў удзел у пленэры, і магу засведчыць, што творчае сумоўе з землякамі-беларусамі ды мастакамі з замежжа ўзбагачае кожнага кераміста і спрыяе плёну агульнай працы.

Мне як аўтару даваць ацэнку сваёй выстаўцы некарэктна. Згадаю толькі, што на ёй прадстаўлены творы з 2003-га па 2014-ы гады, якія знаходзяцца ў фондах Бабруйскага музея. Хто захоча, здолее прасачыць эвалюцыю стылю. А для мяне гэтая экспазіцыя — магчымасць асэнсаваць зробленае і, мабыць, зазірнуць у будучыню. Сёння мяне вельмі цікавіць тэма экалоггіі. На выстаўцы гэтай тэме быў прысвечаны графічны цыкл “Мутагенэз”. Цывілізацыя ўзняла нас над прыродай, але яе далейшае развіццё ўяўляе пагрозу для існавання чалавека.

Выстаўка мае назву “Набліжэнне” і адбываецца ў рамках выставачнага праекта “Сустрэчы”. У паэта Алеся Разанава ёсць радкі: “Чым далей ад сваіх вытокаў, тым бліжэй да іх разумення”. Я згадваю сваё жыццё, занатаванае ў работах, і ў думках сустракаюся з людзьмі, якія адыгралі ролю ў маёй біяграфіі…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"