Экалогія грамады

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Энгельс ДАРАШЭВІЧ, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар філасофскіх навук
У сакавіку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбыўся “круглы стол”, прысвечаны памяці беларусазнаўцы, этнамузыколага і аўдыявізуальнага антраполага Зінаіды Мажэйка.

/i/content/pi/cult/528/11430/5-2.jpg…З Зінаідай Мажэйка мяне пазнаёміў філосаф Уладзімір Конан у 1957 годзе. Па сканцэнтраванасці на інтэлектуальных ды культурных каштоўнасцях, ігнараванні ўсяго мяшчанскага і ўтылітарнага Зінаіда Якаўлеўна была рафінаванай “шасцідзясятніцай”, такіх людзей, як той казаў, зараз “не робяць”… Сярод яе сяброў заўсёды былі вядучыя навукоўцы і дзеячы культуры. Менавіта шырокае кола зносін ды высокі напал інтэлектуальнага жыцця дазволілі ёй бліскуча спалучыць беларусазнаўства з паняційным апаратам высокай навукі, адэптам і служачым якой яна сябе лічыла. Зінаіда Мажэйка была прадстаўніком сістэмна-тыпалагічнай інтанацыйнай школы пецярбуржца Яўгена Гіпіуса (у этнамузыкалогіі) і сацыякультурна-антрапалагічнай школы эстонца Ленарта Мэры (у этнакінематаграфіі). А пра шырыню кола зацікаўленняў гэтага чалавека сведчыць сяброўства ў саюзах кампазітараў, кінематаграфістаў, музычных дзеячаў Беларусі, а таксама ў міжнародных камісіях IOV, Амерыканскага біяграфічнага інстытута, Інтэрнацыянальнага біяграфічнага цэнтра ў Кэмбрыджы. Дарэчы, у гэтым універсітэце Зінаіда Якаўлеўна была ўключана ў спіс “200 вядучых жанчын-інтэлектуалаў свету”.

Рубяжы, якія дасягнула беларусазнаўства, Мажэйка прадбачыла. Фальклор нашага народа сёння даследаваны і пажанрава, і парэгіянальна, і ў зрэзе “жывога бытавання” традыцый. З іншага ж боку, інфармацыя пра традыцыйную культуру ёсць, але ў грамадстве дагэтуль няма дакладнага разумення, як з гэтай інфармацыяй працаваць: ні канцэптуальна, ні ўжыткова-тэхнічна… Таму — бясспрэчна: пажаданні аб лёсе фальклору, якімі “хварэла” Зінаіда Мажэйка, могуць быць вырашаны толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх беларусаў. А задача яе сяброў ды вучняў — намацаць пералік захадаў і мадэлей дзейнасці па дасягненні “экалагізацыі свядомасці нашага грамадства ў дачыненні да аўтэнтычных форм фальклору”, да якога заклікала Мажэйка ў сваіх апошніх працах.

Пасля выступленняў удзельнікамі “круглага стала” быў унесены шэраг прапаноў. Выдатна, што памяць нашай калегі будзе ўшанавана ў назве канферэнцыі, якую ладзіць Універсітэт культуры і мастацтваў: Навуковая канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання” памяці антраполага Зінаіды Мажэйка. Аднак неабходна прапанаваць: Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — разгледзець пытанне выдання збору твораў даследчыцы, прымеркаванае да яе наступнага юбілею; Саветам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Універсітэта культуры і мастацтваў, Акадэміі мастацтваў — прызначаць імянную стыпендыю студэнтам, якія праявілі сябе ў аўдыявізуальнай антрапалогіі; Міністэрству культуры ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” — уручаць спецыяльны прыз імя навукоўцы за лепшы ўсходнееўрапейскі этнаграфічны фільм сезона; Белтэлерадыёкампаніі — актыўна далучаць экспертаў-прафесіяналаў да планавання і стварэння спецыялізаваных тэлепраграм пра фальклор.

Усё гэта — патрабаванні часу і самае малое, што можна зрабіць у памяць аб нашай вядомай суайчынніцы.

Фота euroradio.fm