Выдаліць пустазелле

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага АМЦНТіКАР, кіраўнік Рэспубліканскага савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці
Пасяджэнні нашага Савета праходзяць не радзей як два разы на год. Ягоныя рашэнні, як вядома, носяць рэкамендацыйны характар. Нагадаю, што абласныя метадцэнтры былі створаны адначасова з утварэннем абласцей. Час, натуральна, мінуў вялікі, многія патрабаванні змяніліся.

/i/content/pi/cult/528/11429/5-1.jpgАле нязменным засталося адно: метадычная падтрымка работы раённых аддзелаў. Таму мы пастаянна вывучаем досвед работы, даследуем праблемы рэгіянальнай культуры. Апошняе выязное пасяджэнне Савета адбылося на гэтым тыдні на Віцебшчыне, наступнае мяркуем правесці ў Гомельскай вобласці.

На Віцебшчыне мы цікавіліся стратэгіяй развіцця ўстаноў клубнай сістэмы ва ўмовах аптымізацыі. Натуральна, нам паказалі самае лепшае з аптымізаванай аптымальнай сеткі аб’яднаных устаноў культуры. На мой погляд, гэта досыць паспяховае і перспектыўнае аб’яднанне. Калі казаць канкрэтна, мы паглядзелі, як сёння працуюць змяшаныя ўстановы культуры, калі пад адным дахам аб’ядноўваюцца, скажам, і бібліятэкі, і клубы, і школы мастацтваў. Дадам, што складнікі тут могуць быць самыя розныя, але ў выніку мы заўжды маем гэткі кангламерат агульных намаганняў самых, здавалася б на першы погляд, несумяшчальных структур.

Што нас хвалявала? Тое, што ўсё новае не прарастае само па сабе. Гэтыя парасткі трэба карпатліва даглядаць, сістэматычна выдаляючы пустазелле. Інакш кажучы, хвалявалі праблемы, якія замінаюць справе. А праблемы наступныя. Калі мы аб’ядноўваем усе гарадскія ды сельскія ўстановы, дык як у такім выпадку весці статыстыку вясковых філіялаў і ці патрэбны яны ўвогуле пры наяўнасці ў межах раённага аддзела толькі адной юрыдычнай асобы?

Шмат пытанняў узнікае па аплаце працы сельскага работніка культуры. Юрасоба месціцца ў горадзе, а чалавек працуе на вёсцы. Але ў такім выпадку ён не мае права на 20-працэнтную сельскую надбаўку. Ці ж справядліва гэта? Адным словам, спрэчных пытанняў вельмі шмат. Значыць, трэба выпрацоўваць сістэму, балазе Міністэрства культуры заўжды ідзе нам насустрач.

А ўпарадкаваць праблемнае поле будзе вельмі няпроста. Да прыкладу, фінансавыя аспекты запатрабуюць падключэння Міністэрства фінансаў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва…

Па-за прававым полем знаходзяцца сёння і ўстановы культуры Магілёўскай вобласці. Цяпер прапрацоўваем пытанне і рыхтуем прапанову стварэння на базе Краснапольскага раёна эксперыменту па аб’яднанні літаральна ўсіх устаноў культуры ў адзіную структуру. Скажам, называцца яна будзе "Дзяржаўная ўстанова культуры і мастацтва Краснапольскага раёна". Сюды ў якасці падраздзяленняў увойдуць і клубы, і ДШМ, і бібліятэкі з РДР, у тым ліку — кінаструктура, якая на Магілёўшчыне ўваходзіць у шэраг клубных устаноў. Натуральна, будзе дзейнічаць адзіная бухгалтэрыя, адзіная афіцыйна ўзаконеная гаспадарчая група. Вы зразумелі, што праца наперадзе — вялікая і няпростая. Адна толькі заканадаўчая база чаго вартая. Але каму, як не нам, давесці гэты эксперымент да лагічнага завяршэння… Спадзяюся, справе паспрыяе і тое, што я з'яўляюся членам грамадскага Савета культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

На Віцебшчыне ў гэтым кірунку таксама шмат зроблена. У Докшыцах, да прыкладу, даўно ўжо існуе Кінаканцэртная зала "Іскра". Гэта ўніверсальная і перспектыўная структура. А ўяўляеце, як пашырацца творчыя магчымасці, калі ў такіх установах змяшанага тыпу пачнуць дзейнічаць яшчэ кавярня і бібліятэка ды плюс шматлікія дзіцячыя гурткі! Інакш кажучы, пуставаць такія цэнтры культуры не будуць па вызначэнні…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"