У спісах значыўся

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Новыя звесткі пра абаронцу Брэсцкай крэспасці — дзядзьку вядомага артыста
Нядаўна знакаміты расійскі артыст Нахім (Яфім) Шыфрын на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак выклаў допіс пра свайго дзядзьку, які загінуў пад час Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсце. Мы той статус з некалькімі здымкамі з сямейнага архіва заўважылі. І тэма нечакана атрымала працяг ужо ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/528/11427/4-1.jpg

Дзядзька Шыфрына

Вось што пісаў Шыфрын: “Мамін адзіны брат, Іосіф, загінуў у першыя дні вайны. Адна з фатаграфій, дзе ён у ваеннай форме, пазначана датай — “19/I-1941 г., Брэст-Літоўск». Думаю, што там жа ён сустрэў вайну. У Брэсцкім мемарыяле я не знайшоў ягонага прозвішча. Яму было ўсяго 23 гады. У Кнізе памяці напісана, што ён прапаў без вестак. Гэта несправядліва. Хай гэты статус будзе весткай пра яго”.

Пад допісам артыста было змешчана сем фотаздымкаў, на якіх можна было ўбачыць дзядзьку Шыфрына ў розныя перыяды жыцця, у тым ліку і ў вайсковай форме — тое самае фота з Брэста. Таксама там жа месцілася і выпіска з мемарыяльнага сайта, дзе згадвалася, што Цыпін Іосіф Эльевіч, ураджэнец сяла Ляды Віцебскай вобласці, служыў у 333 с.п. і прапаў без вестак.

Гэты допіс зацікавіў “К” і мы скантактаваліся з артыстам, каб дапамагчы яму ў ягоных пошуках. Наш візаві пагадзіўся на гэта адразу. Тады рэдакцыя звязалася з намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэспасць-герой” Ларысай Бібік, распавяла ёй пра змест допісу, а таксама даслала фота Іосіфа Цыпіна…

Не прайшло і некалькіх гадзін, як мы атрымалі адказ. Намеснік дырэктара, па-першае, падзякавала за дасланыя фотаздымкі і за ўвагу да лёсу загінулых воінаў, паведаміўшы, што гэтых кадраў Цыпіна ў архівах яны не мелі. Але, як адзначыла Ларыса Бібік, спісы тых, хто служыў у крэпасці напярэдадні вайны, на жаль, у іх не захаваліся. Зводную картатэку тых вайскоўцаў, якія служылі ды абаранялі Цытадэль, зараз складаюць супрацоўнікі музея. Праца гэтая распачалася яшчэ ў 1950-я на падставе ўспамінаў тых, хто выжыў, відавочцаў падзей.

Менавіта так і былі адшуканы звесткі пра Іосіфа Цыпіна. Прынамсі, чатыры чалавекі згадваюць яго ў сваіх успамінах. Сведкі вайны добра памятаюць яго сяржанцкае званне, пасаду, пацвярджаюць ягоны ўдзел у абароне Крэпасці і тое, што ён быў узяты ў палон.

Служыў ён у 333-м стралковым палку — вось што значаць лічбы і літары “333 с.п.”. Гэты полк гераічна абараняў Брэсцкую крэпасць ад гітлераўцаў 22 чэрвеня 1941 года. Менавіта тыя воіны знаходзіліся на накірунку галоўнага ўдару немцаў, удзельнічалі ў баях з ворагам, у тым ліку ў рукапашным, каля Цярэспальскіх варот Цытадэлі. Асноўныя сілы 333-га стралковага палка знаходзіліся спачатку ў верхняй частцы двухпавярховай вайсковай казармы, а пасля перадыслацыраваліся ў падвальныя памяшканні будынка…

Як адзначыла Ларыса Бібік, пасля ўзяцця ў палон Іосіф Цыпін, паводле папярэдніх даных, знаходзіўся ў зняволенні ў розных лагерах, у тым ліку ў лагеры ў Бялай-Падлясцы. Пасля ў адным з гэтых лагераў ён і быў расстраляны... Паводле слоў намесніка дырэктара мемарыяла, наяўныя архіўныя картатэкі пакуль не дазваляюць сказаць, калі і дзе гэта адбылося. Але Ларыса Бібік не губляе надзеі на тое, што патрэбная інфармацыя яшчэ можа знайсціся.

Адно вядома дакладна: Іосіф Цыпін, згодна з загадам НКА ад 30 красавіка 1941 года, быў узнагароджаны знакам “Выдатнік РСЧА”. Калі хто не ведае, дык “НКА” — гэта Народны камісарыят абароны СССР, а “РСЧА” — Рабоча-сялянская Чырвоная Армія.

Дарэчы, па словах Ларысы Бібік, у 1957 годзе да Сяргея Смірнова, знакамітага пісьменніка і аўтара кнігі “Брэсцкая крэпасць”, звярталася Зінаіда Ільінічна Цыпіна, спадзеючыся даведацца штосьці пра свайго брата. У музейных архівах захаваўся яе ліст.

Напрыканцы Ларыса Бібік адзначыла, што далейшы пошук інфармацыі абавязкова будзе працягвацца. З навінамі даследавання “К” абавязкова пазнаёміць чытачоў адразу пасля атрымання новай інфармацыі ад супрацоўнікаў музея. А пакуль наяўную інфармацыю рэдакцыя перадала артысту. Прачытаўшы гэтыя звесткі, ён напісаў: “Вялікі дзякуй! Значыць, нешта праяснілася. Ён быў расстраляны ў лагеры. У маёй сям’і нічога не ведалі пра паланенне… Я вельмі ўдзячны рэдакцыі!”

Па тры-чатыры на дзень…

Выпадак з дзядзькам Нахіма Шыфрына вымусіў задумацца: як часта звяртаюцца па звесткі пра родных, загінулых або зніклых без вестак у пачатку вайны? Па словах Ларысы Бібік, бывае, што падобных зваротаў яны атрымліваюць па тры-чатыры на дзень.

— Колькасць зваротаў да нас заўсёды была высокай, бо ў нашай і ў суседніх, былых савецкіх, краінах памяць пра Айчынную, пра Подзвіг салдат заўсёды шанавалася, — адзначыла суразмоўца. — Да таго ж колькасць запытаў значна вырасла, пачынаючы з 2011 года, пасля таго, як напрыканцы 2010-га выйшаў фільм “Брэсцкая крэпасць”…

Як распавяла Ларыса Бібік, ім пішуць з Беларусі, Расіі, Казахстана, ЗША, Ізраіля… Вельмі шмат, натуральна, допісаў з Расіі: з Інгушэціі, Чачні, іншых рэгіёнаў суседняй краіны, але больш за ўсё да музейшчыкаў звяртаюцца жыхары Масквы і Санкт-Пецярбурга.

— Колькасць зваротаў таксама павялічваецца пад час юбілейных дат, а таксама таму, што сёння людзі, на мой погляд, сталі больш уважліва ставіцца да сваіх каранёў, — адзначыла намеснік дырэктара. — Але выпадкі, падобныя да таго, што адбыўся з пошукам інфармацыі пра дзядзьку Нахіма Шыфрына, — сапраўды шчаслівыя...

Шчаслівым той выпадак можна назваць па адной прычыне: супрацоўнікі адразу ж адшукалі ўсе патрэбныя звесткі пра Іосіфа Цыпіна і, магчыма, змогуць знайсці яшчэ што-небудзь, звярнуўшыся па інфармацыю ў Польскі Чырвоны крыж, у нямецкія вайсковыя архівы або ў Падольскі ваенны архіў Міністэрства абароны Расіі… Часцей жа бывае зусім наадварот: неабходную інфармацыю пра людзей, якія зніклі без вестак, знайсці складана нават з дапамогай архіва ў Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Да таго ж не трэба забываць, што мемарыял — гэта, у першую чаргу, турыстычны аб’ект. Летась яго наведалі прыкладна 400 тысяч чалавек. Музейшчыкі, зразумела, не паспяваюць аддаваць усе свае сілы выключна пошукавай і даследчыцкай дзейнасці.

— Даследчыцкай дзейнасцю займаецца ў нас у асноўным навукова-экспазіцыйны аддзел, а таксама аддзел “Музей вайны — тэрыторыя міру”, — патлумачыла Ларыса Бібік. — Даволі працяглы час мы ўзнімаем пытанне пра павелічэнне штатнай колькасці музейных супрацоўнікаў з той мэтай, каб больш увагі надаваць даследчай і пошукавай працы. Але ж узбуйненне штату — гэта ў першую чаргу фінансавае пытанне, якое, вядома ж, вырашаецца не адразу. Хаця я не губляю надзеі на тое, што з цягам часу нашы пажаданні будуць улічаны, бо гэты складнік нашай работы сёння таксама вельмі важны, як і семдзесят, пяцьдзясят ці дваццаць гадоў таму..

На здымках: Іосіф Цыпін; адварот фота, падпісанага 19.01.1941 г.; выпіска з мемарыяльнага сайта.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"