Жыццё, якое працягваецца

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Музей гісторыі горада Мінска спрычыніўся да ўрачыстасцей у гонар 70-годдзя Перамогі правядзеннем выстаўкі дзіцячай творчасці “Фарбы вясны”. У апошняй бяруць удзел выхаванцы шэрагу сталічных дзіцячых школ мастацтваў.

/i/content/pi/cult/528/11425/1-2.jpg

З таго, што выстаўка прымеркавана да згаданай вышэй даты, не вынікае, што на ёй пераважае ваенная тэматыка, хоць такія работы тут, безумоўна, ёсць. Дзеці, у адрозненне ад сацыяльна заангажаваных дарослых мастакоў, якія малююць тое, чаго ад іх чакае грамада і што аплачвае замоўца, могуць дазволіць сабе раскошу рабіць тое, што ім самім цікава. А паколькі генетычна чалавек настроены на станоўчыя эмоцыі, і толькі сацыяльны досвед робіць яго рэалістам ды прагматыкам, дык і малююць дзеці прыгожае: кветкі, хатніх жывёл, гарманічныя краявіды, казачных герояў, любімых сваякоў ды добрых сяброў. Гэтая шчырасць дазваляе не звяртаць увагі на тэхнічную недасканаласць дзіцячых малюнкаў. Бо так важна захаваць здольнасць бачыць прыгажосць…

Дарэчы, зараз і на “дарослых” выстаўках, прымеркаваных да сацыяльна значных дат, тытульная тэматыка не абавязкова галоўная. Мы паступова адыходзім ад савецкіх традыцый ды ідэалагічных канонаў, і сёння кожная мастацкая імпрэза нагадвае больш агляд творчых патэнцыялаў і амбіцый, чым супольную працу мастакоў над рознымі аспектамі адной вялікай тэмы.

Мяркуючы па тым, што прадстаўлена ў экспазіцыі “Фарбы вясны”, дзіцячыя школы мастацтваў, маючы ў аснове выкладання адзіную, базавую для ўсёй сістэмы методыку, дазваляюць выкладчыкам творча эксперыментаваць з мэтай максімальнай рэалізацыі талентаў выхаванцаў. Пра гэта сведчыць шырокае кола тэхнік, жанраў, сюжэтаў. Тыя работы, дзе адлюстравана тэма Вялікай Айчыннай вайны, выдаюць знаёмства юных мастакоў з савецкай выяўленчай класікай. Ды, бадай, не толькі выяўленчай: тут і кіно, і літаратура. Інакш кажучы, уяўленне гэтага пакалення пра Вялікую вайну і Перамогу зараз фарміруецца збольшага ўсё ж такі нашым асяроддзем, нашай гістарычнай і культурнай традыцыяй.

Варта адзначыць, што ў тэматычным раскладзе выстаўкі немалое месца займаюць уласна беларускія рэаліі. Найбольш — архітэктура і мастацтва. Яно і зразумела, бо гэтыя чыннікі нацыянальнай тоеснасці навідавоку. Але ўдумлівы глядач здолее ўбачыць у дзіцячых малюнках і адлюстраванне станоўчай сацыяльнай тэндэнцыі  — усталяванне культурнага суверэнітэту краіны.

Найбольш відовішчнай часткай выстаўкі мне падаецца дэкаратыўна-прыкладны раздзел. Само разуменне дэкаратыўнасці дазваляе трактаваць форму і колер як самадастатковыя каштоўнасці. Ва ўзорах ткацтва, батыку і аплікацый хоць і адчуваецца ўплыў настаўнікаў, якія дапамагаюць юным мастакам засвоіць тэхніку ды “паставіць вока”, але выяўленчыя прыярытэты вызначаюць усё ж такі аўтары. А аўтараў, як я ўжо згадваў, вабіць прыгажосць…

Перамога  — радасная падзея. Мабыць, арганізатары выстаўкі правільна зрабілі, калі далі юным мастакам магчымасць выявіць эмоцыі Перамогі, не засяроджваючыся на драматызме вайны.

Жыццё працягваецца. Ці не за гэта змагаліся нашы дзяды?..

Фотарэпрадукцыі малюнкаў Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"