Музейнае… неба

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

“Ажывіць” і не даць “памерці”: асіповіцкае стаўленне да памяці
У Асіповічах да 2012 года не было музея. Дакладней, рашэнне аб яго стварэнні прынялі даўно, але не знайшлі адразу ж адпаведнага будынка. А цудоўная галерэя мастацкіх твораў Уладзіміра Стэльмашонка, які лічыў вёску Хімное, дзе нарадзіўся бацька, сваёй малой радзімай, гісторыка-краязнаўчых функцый ніяк не выконвала. Між тым, вялікаму гораду з гэткім жа немалым раёнам патрэбны быў не абы-які музей.

/i/content/pi/cult/527/11419/12-1.jpg

Пачатак

Любая сур’ёзная справа (у тым ліку і музееўтваральная) прадугледжвае нулявы цыкл. Ім у асіповіцкім кантэксце сталі выбар будынка былой пошты і ягоны рамонт, які расцягнуўся на значны час. Складнікамі названага цыкла з’явілася і кадравая палітыка. У выніку кіраўніком будучай установы была прызначана Антаніна Сцяпанава, колішні старшыня Дараганаўскага (запомніце назву — яшчэ спатрэбіцца) сельсавета, не толькі моцны адміністратар, але і, як паказала практыка, чалавек творчы.

Некалькі слоў і пра музейшчыка-практыка з вышэйшай профільнай адукацыяй Марыю Саканцаву. Кінула Мінск, каб прасцей было сына гадаваць, вярнулася на радзіму, тут яе праца і знайшла. У маркетолага — большыя грошы, але музейная прафесія — справа па душы. І толькі сапраўдны творца можа зрабіць выбар на карысць такога варыянту.

Такім чынам, у 2012-м быў пакладзены пачатак мясцовай музейнай справе… Але ледзь не забыўся на яшчэ аднаго ініцыятара змен. Гэта — старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, які нават у не надта спрыяльны для фінансавання час знаходзіць грошы для падсілкавання праектаў. Зазначу з нагоды, што музеі існуюць далёка не ў кожным райцэнтры краіны. Хаця б і з той прычыны, што любы музей, нібы немаўля: клопату патрабуе штодзённага, інакш так і зачэзне не нарадзіўшыся.

Развіццё

Аднак нулявы цыкл — гэта толькі кароткі разбег перад музейным марафонам. Скажу толькі, што музей і па сёння не мае да канца сфармаванага аблічча. І не таму, што не ўсе экспазіцыйныя залы лагічна завершаны. Проста ў мясцовых гаспадынь ёсць неўтаймоўнае жаданне зрабіць сцены і стэлажы — жывымі. І не толькі сцены, але нават і столь. У этнаграфічнай зале, да прыкладу, яна пасля будаўнічых завіханняў складаецца з ячэек. Марыя Саканцава хоча выцягнуць кожную, абгарнуць тканінай з адбіткамі мясцовага нацыянальнага арнаменту і вярнуць на месца. Адчуваеце, як зайграе родным музейнае “неба”!? І гэта не проста дэкор, бо музейшчыкі перакананы: любая дробязь павінна падштурхоўваць наведвальнікаў, сярод якіх 80 працэнтаў дзяцей, да актыўнага думання.

І гэта толькі адна з ідэй развіцця. Пэўныя падказваюць наведвальнікі. Нядаўна маленькі школьнік, разглядаючы фотапартрэты ў зале Вялікай Айчыннай вайны, запытаўся: “А мой дзядуля дзе?” Музейшчыцы прапанавалі: “Дык здымак прынясі!” У выніку гэты куточак экспазіцыі пастаянна ўзбагачаецца, расце, дыхае з усё больш пераканаўчай сілай.

А неяк наведвальнікі прынеслі ўзоры руды, якой славілася тутэйшая зямля. Так узнікла ідэя стварыць макет старадаўняй домны. Дапамаглі прадпрымальнікі, іншыя неабыякавыя людзі, галоўны з якіх — археолаг Вадзім Кошман і настаўнік гісторыі з вёскі Лапічы Юрый Сцяпанаў…

З Асіповіцкім музеем можна пазнаёміцца завочна — праз сайт. Рэкамендую. Тут і агульнае апісанне ёсць, і фотаздымкаў хапае, і на форум можна патрапіць. І што немалаважна, прадстаўлена кантактная інфармацыя з пазнакай дакладнага часу музейнай працы.

Перспектыва

У адной з залаў прэзентуецца камерцыйная выстаўка — “Лялечнае каралеўства”. Справа, зразумела, часовая. А глабальная задумка ў тым, каб пераўтварыць памяшканне, якое дэманстравала б кантраст эпох на іх гістарычным зломе. Плануецца сумясціць несумяшчальнае: рэфарматарста, мецэнацтва Магдалены Радзівіл і палітычную неўтаймоўнасць бамбіста і царазабойцы Ігнація Грынявіцкага… Таму зала, па словах Марыі Саканцавай, будзе і аформлена адпаведна: стык эпох, як мяжа паміж светлымі і чорнымі памкненнямі…

Як я не стараўся, але старшы навуковы супрацоўнік так і не раскрыла асноўных экспазіцыйных прыдумак. Запрасіла прыехаць праз час і пабачыць усё на ўласныя вочы.

І яшчэ адзін акцэнт: музей месціцца непадалёк ад чыгункі, таму сярод экскурсантаў трапляюцца транзітныя пасажыры, якім трэба прабавіць час паміж перасадкамі на цягнікі. У адной з экспазіцыйных залаў, дарэчы, вельмі дакладна ўзноўлена атмасфера дарэвалюцыйнай чыгуначнай станцыі. І менавіта з пашырэннем магчымасцей асіповіцкай чыгункі звязаны лёсы братоў Дараганаў, якія валодалі вёскай Дараганава, што стала праз час цэнтрам аднайменнага сельсавета.

Паралель

Цяпер — пра другую, паралельную, лінію музейнага руху ў Асіповічах. Аднойчы тагачасны старшыня Дараганаўскага сельсавета Антаніна Сцяпанава (сённяшні дырэктар музея) сустрэла і пазнаёмілася з прадстаўнікамі чацвёртага пакалення Дараганаў, што прыехалі на радзіму продкаў. Андрэй Дараган і ягоная жонка Лана прыехалі са Швецыі. Завязалася сяброўства. У выніку ўзнікла экспазіцыя “Сям’я Дараганаў”.

І ўзнікла яна ў своеасаблівым філіяле Асіповіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. А месціцца філіял ў былым Доме афіцэраў, які знаходзіцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Тут, дарэчы, знаходзіцца і згаданая ў пачатку артыкула галерэя Уладзіміра Стэльмашонка. Але гаворка цяпер — пра сям’ю Дараганаў. Гэты род вельмі паважаў просты народ, нават спроб падпалу маёнтка не было пасля рэвалюцыі. А тлумачыцца такая лаяльнасць вельмі проста: род Драганаў адрозніваўся прыстойнасцю ды сумленнасцю. Дык чым адметная “паралельная” экспазіцыя?

Я адказаў бы: “Усім!” У некалькіх залах прадстаўлены побыт шляхецкай сям’і: мэбля, посуд, дываны, адзенне, хатні рыштунак — усяго 370 прадметаў. Усё гэта ашчадна захавана і прывезена спадаром Андрэем з-за мяжы. А рэчы — унікальныя. Да прыкладу, дзіцячая кніжка з… тканіны, савок і мяцёлка для збору… крошак са стала, старадаўні фарфор, набор слясарных інструментаў памерам з далонь... І ўсё разам стварае неймаверную атмасферу людскасці, у якой і жыў род Дараганаў. Андрэй, пабачыўшы экспазіцыйныя старанні музейшчыкаў, не змог стрымаць слёз: “Урэшце я дома!”

Ці шмат у нас музеяў, якія распавядалі б пра лёс і побыт асобнага шляхецкага роду? У тым і справа…

Завяршэнне, якога не будзе

Сёлета Андрэй Дараган збіраецца прывезці ў музей сваякоў і родзічаў з усёй Еўропы. Значыць, экспазіцыі — пашырацца. Значыць, завяршэння музейнай справе ў Асіповічах проста не наканавана…

Я не вышукваю праблемы. Урэшце, яны самі лезуць у вочы. Дык вось, Асіповічы ўзялі ў палон іншым. Не столькі тым, што начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Раманчук сама запрасіла наведаць райцэнтр (хоць і гэта — доказ таго, што тут з праблемамі змагаюцца самі і досыць паспяхова). А тым, што ў аддзеле умеюць не проста думаць, а яшчэ і рэалізоўваць самыя неверагодныя праекты.

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"