Аптымізм Стрэйча

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Яніс СТРЭЙЧ, рэжысер
У Мінску 25 — 27 сакавіка прайшлі Дні латвійскага кіно. Кінастужкі з суседняй краіны дэманстраваліся ў сталічным кінатэатры “Перамога”.

/i/content/pi/cult/527/11411/6-2.jpgВітаючы мэтра латышскага мастацтва, рэжысёра Яніса Стрэйча, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў адзначыў: “Пасля нядоўгага расстання мы прыйшлі да супрацоўніцтва і распачынаем новыя праекты”. А Яніс Стрэйч, дарэчы, цягам ужо сарака гадоў звязаны з Беларуссю. Справа ў тым, што яшчэ ў 1970-я ў Мінску адбылася прэм’ера яго стужкі “Мой сябра — чалавек несур’ёзны”. Таксама ёсць у ягонай біяграфіі і ўдзел у “Лістападзе”, некаторыя іншыя сустрэчы з удзячнай беларускай публікай. Як у Латвіі развіваецца кінашкола, чым сёння займаюцца маладыя тамтэйшыя кінарэжысёры, ці ёсць перспектывы ў сумесных латышска-беларускіх кінапраектаў — на такія пытанні і адказваў мэтр у нашай сталіцы…

— У першую чаргу я хачу падзякаваць людзям за тое, што яны прыйшлі на сустрэчу, за тое, што ім цікавае латышскае кіно. Я вельмі гэтым уражаны: і такім цёплым прыёмам, і тым, што ў гэты вечар адказаў на шмат розных пытанняў ад гледачоў…

Як вы ведаеце, сёння легендарная Рыжская кінастудыя перайшла ў прыватныя рукі, там ужо не здымаюць маштабныя стужкі, як гэта было раней. Але я з задавальненнем гляджу на нашых маладых кінематаграфістаў: яны шмат вучацца, нямала ведаюць, тым больш, сёння можна вучыцца за мяжой, таму многія з іх дасканала валодаюць замежнымі мовамі.

Так, сёння ў Латвіі вучацца ўсе: і сцэнарысты, і рэжысёры, і акцёры, занятыя ў ігравым кіно, у анімацыі, у дакументалістыцы. Працуе маса прыватных студый і мы зусім не ведаем, што ж там адбываецца. Ды раптам, бывае, выходзіць карціна і перамагае на конкурсах.

Маладыя рэжысёры, сцэнарысты павінны самі шукаць грошы… Але ўсё адно ў Латвіі выходзіць вельмі шмат кінапрадукцыі. Да таго ж, у нас зараз поўная свабода ў выбары, у творчасці, чаго не было за савецкім часам. Ёсць, дарэчы, і паспяховая сумесная вытворчасць з Беларуссю: “Адзінокі востраў” і адзначаны ў Канах фільм “У тумане”, зняты Сяргеем Лазніцам паводле Васіля Быкава пад Даўгаўпілсам.

Акрамя таго, у нас падрастае цудоўнае маладое пакаленне. Я, прыкладам, нядаўна глядзеў выпускнікоў мінулага года: яны вельмі моцныя! Канешне, зараз няма такога, што іх усіх адразу забіраюць у дзяржаўныя тэатры або на кінастудыю. Як няма, да слова, і цэнтральнай прэсы, як тое вялося раней. Праўда, працуе “Кінацэнтр” — у іх ёсць пэўная вытворчая база, ёсць невялікі бюджэт.

Мы прэзентавалі ў Мінску “Лімузін колеру белай ночы”. І я вельмі рад, што дадзеная стужка прадстаўлена менавіта на вялікім экране. Тым больш, гэта была добрая, выдатна адрэстаўраваная копія. Дарэчы, многія таго не ведаюць, але ў Інтэрнэце сёння выкладзены гэты самы фільм з вельмі дрэнным, жахлівым дубляжом: яго рабіў вельмі добры спецыяліст і мой сябра ў Ленінградзе, а я, даверыўшыся яму, не праверыў якасць. Як аказалася, тыя, хто рабіў дубляж, вельмі ўсё “прызямлілі”, таму героі карціны крычаць, спрачаюцца і гэтак далей. Але ў нашай стужцы гэтага няма: там усе размаўляюць вельмі спакойна ды павольна! Таму мы вырашылі даць фільм у арыгінале, а пераклад пакінулі ў субцітрах…

Цікава, што гэтаму фільму ўжо амаль 35 гадоў і ў Латвіі яго ведаюць на памяць. Дэманструюць карціну даволі часта: справа ў тым, што там ёсць важныя для нас моманты свята Ліга. Дзея ў фільме, дарэчы, адбываецца ў Латгаліі...

Занатавала Любоў ГАЎРЫЛЮК