А калі — Год культуры...

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

На выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны агучана ідэя абвяшчэння 2016-га Годам культуры. Мы вырашылі ўнесці ў скарбонку прапаноў да гэтай ініцыятывы і свае развагі, якія друкуем цягам некалькіх нумароў. Запрашаем падзяліцца меркаваннямі і чытачоў!

/i/content/pi/cult/527/11404/2-7.jpgПерш чым распачаць гаворку пра галоўнае, заяўленае тэмай нашага “Дэтальнага разгляду”, хацела б спытаць (найперш у самой сябе): мо толькі я як прадстаўнік моладзі не надта адчуваю сапраўды яскравую культурную актыўнасць у Год моладзі, які пануе тры месяцы?

А што станецца пасля ўрачыстага абвяшчэння культурнага статуса 2016-га? Урэшце, калі пазбавіцца неаб’ектыўнага ў сваёй сутнасці максімалізму ды паразважаць, то атрымаецца, што кожны год “са статусам” так або інакш з’яўляецца годам культурным: хіба гасціннасць (2014) не месціць у сабе гэтае паняцце? А здароўе (2008), кніга (2012), моладзь (2015)? Таму культура — гэта канстанта ў нашым жыцці, наш вечны спадарожнік.

Каб 2016-ы прайшоў паспяхова і запамінальна, трэба, вядома ж, шчыльна займацца падрыхтоўкай ужо зараз. Да працэсу я прапанавала б падключыць сацыёлагаў, што даведаліся б у насельніцтва, якім бачыцца гэты год, чаго сапраўды не хапае ў плане культуры, што чакаюць. Ва ўмовах добрай інфарматызацыі і камп’ютарызацыі насельніцтва такія апытанні правесці нескладана, асабліва па школах, ВНУ ды і на прадпрыемствах.

Прыкладна з тым жа сацыялагічным даследаваннем я звярнулася б непасрэдна да работнікаў сферы, якім новыя “культурныя” праекты, планы, задачы і давядзецца, верагодна, праз некалькі месяцаў ажыццяўляць. Цалкам магчыма, што прагучаць цікавыя прапановы, ініцыятывы і працэс запусціцца ўжо зараз.

А рыхтавацца скрупулёзна і загадзя, каб усе задумы атрымаліся своечасовымі ды актуальнымі, — хіба ж гэта не паказчык папраўдзе высокай культуры ў грамадстве?..

Аліна САЎЧАНКА

/i/content/pi/cult/527/11404/2-6.jpgАдзін шпацыр па цэнтры сталіцы прымусіў задумацца аб праблеме пошуку герояў — як у нацыянальным кантэксце, так і ў канкрэтна-культурным.

Адна з буйных сталічных устаноў культуры здала плошчы ў тарцы будынка пад бар. Называецца ён “Героі”. Нічога супраць суседства такога кшталту ўстаноў не маю. Мяркую, “кантэкстуальная” рэклама аднаго праз іншае (“Дык гэта ж той бар, што ў…”) не зашкодзіць ніводнаму з бакоў. А звярнуў я ўвагу на той бар праз вялікага фармату здымкі, выкарыстаныя ў экстэр’еры як ілюстрацыі да назвы: кажу пра фота Уінстана Чэрчыля, Фрэнка Сінатры ля ўвахода. Здымкі Сяргея Даўлатава ды многіх іншых вядомых персон у аздобе інтэр’ера. Але адразу зазначу: і супраць гэтых герояў я таксама нічога не маю.

Ды ў Год культуры мне хацелася б, каб, прынамсі, у культурнай прасторы, знаходзілася месца і для герояў беларускіх. Скажаце, іх няма? Не пагаджуся. Іншая справа, што мы звыкліся з шаблонамі кшталту “класік”, “геній” і да ўвасабленняў у духу мармур-бронза (з захапленнем дзеля “птушачкі”) пад час стандартных мерапрыемстваў. І, хутчэй за ўсё, не чытаем, не слухаем, не праглядаем творы сваіх сучаснікаў, слаба ўяўляем здзяйсненні гістарычных асоб. Бо паўстае ў масавай свядомасці сакраментальнае: а навошта? Нават у прафесіяналаў у сферы культуры з заробкам добра калі ў два семсот.

І тым не менш, а як жа наконт пераасэнсавання? Калі спробы з’яўляюцца, дык становяцца актуальнымі хіба для вузкага кола публікі, бо для іншых дастаткова “мармуру-бронзы”, за якімі нічога няма ў плане свядомаснага багажу. Вось таму многія і многія пераасэнсаванні — без гіпераншлагаў, без чэргаў па білет, без перавыданняў ды паўтораў. Вось іх, паспяховых, прысвечаных нашым героям, я і хацеў бы бачыць у Год культуры больш.

Сяргей ТРАФІЛАЎ

Фота Юрыя ІВАНОВА і Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст
Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах