“Маці Міласэрнасці”, або Ён даў мне Палессе

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Невядомыя фільмы кардынала Казіміра Свёнтэка
Маленькі пакой драўлянага дома. З яго — уваход у сумежны, яшчэ меншы, пакойчык. Абодва застаўлены нейкай дапатопнай апаратурай: праектар для 8-міліметровай кінастужкі, два старыя магнітафоны, мікрафон на стойцы... На стале — рулоны стужкі (вялікія і маленькія) на бабінах, аматарская кінакамера “Кварц”, пад сталом — штатыў.

/i/content/pi/cult/527/11401/15-2.jpg

У невялікім калідорчыку, які нагадваў кухню, стаяць вёдры, напоўненыя вадой, нейкія начоўкі, відавочна, для праяўкі здымкаў або кінаматэрыялу. Паміж гэтымі прадметамі басанож хутка рухаецца мужчына гадоў сарака. Уключае ў іншым пакоі праектар, які дае адбітак на прасціну, замацаваную на сцяне. Вокамгненна ляціць да магнітафона — уключае словы, музыку і мікрафон. Ідзе запіс гуку, звядзенне гукавых стужак да фільма. Усё павінна адбывацца сінхронна, як у сапраўдным кіно. Не павінна быць пабочнага шуму, таму яго рухі бясшумныя. Тое, што адбываецца ў пакоях, нагадвае нейкую магію.

Мужчыну завуць Казімір Свёнтэк. 1960-я. Ён — святар, які не так даўно пачаў служыць у пінскім касцёле пасля вяртання з лагера, дзе адпакутаваў 10 гадоў як “варожы элемент” для савецкай улады. Амаль ніхто з парафіянаў не ведае пра вялікае захапленне гэтага святара кінематографам і здымкамі роднага Палесся...

Я даведаўся пра ксяндза Казіміра Свёнтэка выпадкова, калі здымачная група “Беларусьфільма” на пачатку 1980-х працавала над стужкай аб праблемах меліярацыі Палесся. Мы проста зайшлі ў пінскі касцёл, які знаходзіўся побач з гасцініцай, і заспелі экскурсію, якую вёў чалавек не самага маладога веку. Моцна ўразіла яго веданне архітэктуры, гісторыі касцёла, дасведчанасць у пытаннях рэстаўрацыі, адносіны да савецкай улады, якую ён адкрыта асуджаў за тое, што яна зрабіла з рэлігіяй, касцёламі і людзьмі, абрынуўшы іх у поўную бездухоўнасць. Словы святара былі вельмі смелымі для таго часу — пачатку 1980-х...

Пасля згаданага выпадку маё жыццё пачало неяк дзіўна перасякацца з жыццём Казіміра Янавіча (гэтак мы, па атэістычным няведанні, звярталіся да яго некалькі гадоў). Я шмат распавядаў і пісаў пра тое, як вырашылі здымаць фільм ужо пра кардынала Казіміра Свёнтэка, як доўгі час, маючы горкі вопыт 
ГУЛАГу, ён не падпускаў мяне да сябе і як усё ж паверыў у мае шчырыя памкненні зрабіць фільм пра гісторыю, ганенні і адраджэнне Касцёла ў Беларусі.

За гэтым стаялі гады стварэння чатырох дакументальных фільмаў: “Mater Misericordiae” (“Маці Міласэрнасці”), “Вяртанне”, “Канікулы кардынала”, “Сведка веры”. Гэта стужкі пра пастыра Касцёла ў Беларусі, пра яго вялікі ўнёсак у адраджэнне апошняга, пра веру, якая моцна трымала ксяндза Казіміра і дзякуючы якой ён выжыў. Гэта фільмы пра тое, як у святара паверыў Папа Рымскі Ян Павел ІІ, прызначыўшы, нягледзячы на ўзрост, біскупам, пасля — арцыбіскупам, а затым узняўшы да годнасці кардынала.

Жыццё гэтага чалавека, яго пакутніцкія выпрабаванні, непахісная вера не маглі не паўплываць і на мяне. Я прыняў сакрамэнт хросту, і гэта яшчэ больш нас зблізіла. Паміж намі ніколі не было нават намёку на нейкае панібрацтва — я адносіўся да яго з вялікім піетэтам і глыбокай пашанай (нават хваляваўся, калі ён звяртаўся да мяне). Кардынал стаў кантактаваць са мной часцей, бо ўбачыў ува мне прафесіянала. Трэба сказаць, што ён увогуле адносіўся да прафесіяналаў у любой сферы з павагай.

Аднойчы Яго Эмінэнцыя запрасіў мяне ў свой вельмі сціплы дамок у Пінску па вуліцы Шаўчэнкі, 12. Для мяне той вечар стаў вялікім адкрыццём. Кардынал паклаў перада мной каля двух дзясяткаў касет фармату VHS, на вокладках якіх я ўбачыў назвы фільмаў і прозвішча святара. Гэта былі яго фільмы — дакументальныя фільмы кардынала Казіміра Свёнтэка!

/i/content/pi/cult/527/11401/15-1.jpg

Яго Эмінэнцыя растлумачыў, што ў маладосці шмат здымаў на 8-міліметровую камеру. Фільмы былі на дзвюх стужках: выява — на адной, а на другой, магнітнай, зведзены гук (дыктарскі тэкст, музыка і гукі прыроды). Пасля гукавыя плёнкі кудысьці зніклі, а знаёмыя кардынала з Польшчы перавялі ўсе стужкі на касеты VHS, даўшы ў якасці гукавога афармлення музыку. Гэтыя гукавыя касеты пазней знайшліся. Кардынал тады запытаўся ў мяне, ці можна вярнуць усё, спалучыўшы цяпер ужо на касетах адзнятае і арыгінальны гук? “Можна”, — адказаў я. Тады Яго Эмінэнцыя папрасіў зрабіць новыя вокладкі для касет, замяніўшы надпіс “кардынал Казімір Свёнтэк” на “ксёндз Казімір Свёнтэк”. “У той час я быў ксяндзом, таму гэта будзе больш правільна і дакладна”, — сказаў ён мне.

Прызнаюся, я не верыў сваім вачам, не верыў таму, што ляжала перада мной! Але гэта было яшчэ не ўсё...

— Можа, гэтыя запісы дапамогуць Вам у працы? — прамовіў ён, дастаючы са стала нешта падобнае да агульнага сшытка.

Пад кардоннай вокладкай ляжалі аркушы, надрукаваныя на машынцы. Гэта былі мантажныя лісты фільмаў. Той, хто займаецца здымкамі, разумее: падобныя дакументы існуюць у прафесійным кінематографе, яны неабходныя пры здачы фільма на студыі або працы з ім у архівах.

Перада мной у асобных падборках на кожны фільм ляжалі сцэнарыі, дыктарскі тэкст і вершы, падрабязнае апісанне музычнага суправаджэння з указаннем кампазітара і яго твора. І самае галоўнае — у канцы было падрабязнае, пахвіліннае апісанне эпізодаў фільма, з тэкстамі і музыкай. Пазначалася працягласць стужкі і дата прэм’еры!

З такімі дакументамі заўсёды існавала прафесійнае кіно. І гэта праца, шчыра кажучы, была вышэйшай прыступкай для прафесіянала. Я думаў, навошта гэта рабілася. І зразумеў: малады ксёндз лічыў, што калі ён бярэцца за нешта, то гэта “нешта”, па магчымасці, павінна быць максімальна набліжана да прафесійнага. У адваротным выпадку атрымліваюцца проста забаўка, дылетанцтва.

Я некалькі дзён не мог знайсці сабе месца, калі прагледзеў гэтыя фільмы і праслухаў гукавыя касеты. Мала таго, што ксёндз Казімір падабраў дыктарскі тэкст, дык ён і сам яго чытаў — удумліва, пранікнёна, як сапраўдны акцёр. Для мяне гэта было адкрыццё новага чалавека. Ці мог я падумаць у першыя гады нашага знаёмства, што ўнутры святара, які займае самую высокую ступень у іерархіі Касцёла Беларусі, прымае няпростыя рашэнні, часам жорсткія і непахісныя, жыве мяккі, лагодны чалавек, які мае такое асаблівае замілаванне да прыроды, так захапляецца сваім родным Палессем!

Аднойчы я бачыў яго ў Мосары, дзе знакаміты ксёндз Юзаф Булька стварыў дзівосны куточак, які нездарма цяпер называюць беларускім Версалем. Я бачыў, як кардынал з нейкім асаблівым пачуццём праходзіў па мосціках, перакінутых праз сажалкі з лілеямі. Ён спыняўся, углядаючыся ў адлюстраванне кветак, а каля блакітных елак і стромкіх туяў рабіў рух рукой, нібы пагладжваючы дрэўцы па вершалінах. Гэта было цудоўна! Кардынал Свёнтэк размаўляў з ксяндзом Юзафам як калега, які разумеў жыццё раслінаў і прыгажосць прыроды.

...Праз некалькі месяцаў, здымаючы апошняе з ім інтэрв’ю, я запытаўся: адкуль такое надзвычай трапяткое пачуццё любові да прыроды? Яго Эмінэнцыя задумаўся, а пасля адказаў, што, мабыць, ад матулі, якая яшчэ ў дзяцінстве, у Сібіры, перадала яму гэта пачуццё.

Пра тое, як кардынал па-дзіцячы да канца жыцця любіў сваю матулю, якую заўсёды называў толькі на “Вы”, можна пісаць і распавядаць бясконца, бо гэтак жа бясконца і бязмежна распаўсюджвалася яго любоў да самага дарагога яму чалавека:

“Калі я быў маленькім хлапчуком, нам было цяжка ў Сібіры, асабліва ў маразы, але пачуццё любові да прыроды было прыроджаным. Улетку я збіраў кветкі і бег да мамы: “Мама, глядзі, якую кветачку я знайшоў!”. Мама адразу ставіла яе ў якую-небудзь шклянку. Вось як гэта пачыналася!

А пасля яшчэ адзін такі момант: мабыць, у цяжкія гады майго лёсу Божы Провід пакіраваў так, каб аддзячыць мне за тое, што я вытрываў, каб прынесці мне палёгку. Таму Ён і абудзіў ува мне пачуццё любові да прыроды, а каб гэта яшчэ дапоўніць — даў мне Палессе. Я назаўсёды быў прызначаны ў беларускае Палессе. І як увайшоў я ў гэту прыгажосць, дык ледзь не патануў там у ёй, у пінскіх балотах!

Вось адкуль гэтыя здымкі, маё кіно, усе выезды з маім сабакам, гэтыя вечары і ночы ў стагах сена. Колькі я бачыў узыходаў сонца!

У мяне на сёння яшчэ не выкарыстаныя тры цудоўныя і прыгожыя тэмы:

1. Кантрасты. Нараджаецца дзіця, яно маленькае, пасля расце, і вось ужо чалавек з барадой.

2. Маленькае шчаня ператвараецца ў вялікага сабаку.

3. Празрыстае неба і бура.

Колькі камбінацый... Калі зрабіць гэтыя фільмы, было б цудоўна! Колькі існуе магчымасцей убачыць прыгажосць, на якую ніхто не звяртае ўвагі!”

Кардынал Казімір Свёнтэк быў вялікім філосафам...

У той жа вечар я запытаўся ў яго: “А ці павінен кожны святар гэтак жа, як Вы, ставіцца да прыгажосці, да прыроды?”. Запытаў аўтаматычна і адразу пашкадаваў, бо пытанне было не вельмі карэктнае. Але кардынал адказаў на яго: “Безумоўна, дастаткова, калі ён мае добрыя навуковыя, тэалагічныя, філасофскія веды, калі ён выконвае свае абавязкі, але калі ў яго ёсць толькі гэта, то будзе нецікава. Галоўнае, каб была любоў да Бога і бліжняга. Але добра было б упрыгожыць святарства, каб не было толькі стаянне на каленях і малітвы. Чаму разам з тым не несці радасці жыцця, не бачыць навакольнага свету? Убогія і бедныя такія святары, хоць я не веру, што ёсць такія, хто не заўважае гэтай прыгажосці.

Усе заўважаюць, але, можа, некаторыя з іх не вельмі імкнуцца рэалізаваць свае назіранні. Мабыць, ім не хапае часу. Гэта не сведчыць пра тое, што святар не хоча. Не! Значыць, няма магчымасці, недастаткова таленту, каб расказаць пра гэта. Але затое ён умее прыгожа прамаўляць, гаворыць добрыя казанні. Гэта ж цудоўна!”

Праз некалькі месяцаў пасля гэтага інтэрв’ю я звярнуўся да Яго Эмінэнцыі з просьбай, якой ён зусім не чакаў. Як старшыня Міжнароднага каталіцкага фестывалю дакументальных фільмаў і тэлепраграм я хацеў, каб наш чарговы фестываль распачаўся адным з фільмаў кардынала. Ён катэгарычна забараніў гэта. Я разумеў яго матывы: ён не пераносіў рэкламы, не любіў пампезнасці, нясціпласці і, як я ўжо казаў, дылетанцтва.

Колькі мне трэба было прыкласці намаганняў, каб запэўніць Яго Эмінэнцыю ў тым, што ягоныя фільмы, хоць і былі фармальна аматарскімі, сведчылі пра прафесіяналізм аўтара! Я пераконваў яго, што гэтыя фільмы маглі б стаць яскравым прыкладам таго, якім яшчэ павінен быць святар. У мяне была няпростая задача...

І аднойчы кардынал сказаў мне: “Добра. Пакажыце адзін фільм. Але не павінна быць капіраванняў і тыражыраванняў. Прасачыце за гэтым асабіста”.

Фільм кардынала меў грандыёзны поспех! Ён стаў для ўсіх (і для нашых святароў у тым ліку) не толькі нечаканасцю, але і адкрыццём.

Там, у цёмнай зале, пад час праекцыі я ўпэўніўся ў тым, што ў нашым “серыяле” пра кардынала Казіміра Свёнтэка не хапае фільма пра кардынала-чалавека, простага чалавека вялікай культуры, пра таленавітага чалавека не толькі ў святарстве, але і ва ўнутраным, вельмі тонкім, адчуванні ўсяго жывога Божага стварэння. Не хапае фільма пра нашага калегу — кардынала-кінематаграфіста. І сёння я імкнуся запоўніць гэты прабел — імкнуся быць годным таго, хто даў мне шлях у новае духоўнае і прафесійнае жыццё.

Летась выйшла незвычайнае выданне, якое сведчыць пра шматграннасць асобы святара Казіміра Свёнтэка. Выданне складаецца з двух DVD-дыскаў з фільмамі пра мілую яго сэрцу прыроду Палесся, а таксама факсіміле мантажных лістоў фільмаў (сцэнарыі, тэксты, назвы музычных твораў для агучвання). Першую частку сваіх фільмаў ксёндз Казімір аб’яднаў пад загалоўкам “Чары прыроды”, а карціны “Вясновая прэлюдыя”, “Летняя балада”, “Восеньскі накцюрн”, “Зімовая фантазія” ён звязвае музычнымі жанрамі. Для гэтых фільмаў святар выбраў музыку свайго любімага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна. А для стужкі “Лясная сімфонія” — сімфанічны цыкл кампазітара-рамантыка Роберта Шумана. Пад час мантажу гэтых фільмаў ксёндз Казімір імкнецца захаваць кінематаграфічныя рытмы, якія садзейнічалі б музычнаму ладу суправаджэння.

Будзем жа беражлівымі да багатай духоўнай спадчыны кардынала, услухаемся ў яго жывы голас, пастараемся зразумець, наколькі ён быў глыбокім і незвычайным чалавекам, як тонка адчуваў прыгажосць прыроды, слова і музыкі.

Фотакарткі з альбомаў кардынала Казіміра Свёнтэка.

Юрый ГАРУЛЁЎ, кінарэжысёр