Карта лёсу

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Па версіі праўнука Яўхіма Карскага…
Ланцужок лёсавызначальных падзей 1918 года, якія неверагодным чынам стварылі магчымасць абвяшчэння незалежнай дзяржавы, можна распачынаць з рознага часу... Але ў ліку іх і тая падзея, якая, здаецца, не ставіла сабе амбітных мэтаў: выхад фундаментальнай працы філолага-славіста, этнографа Яўхіма Карскага “Беларусы”, якая бадай ўпершыню навукова пацвердзіла адметнасць беларускай культуры. Яе з’яўленне на пачатку ХХ стагоддзя мела вялікае значэнне. Ды нават так — менавіта на “Этнаграфічную карту беларускага племені”, выдадзеную на пачатку 1903 года ў першым томе будучай “энцыклапедыі беларускага мовазнаўства”, абапіраліся, у прыватнасці, аўтары ўстаўных грамат БНР, вызначаючы тэрыторыі, на якія мусіць распаўсюджвацца ўплыў гэтай спробы ўтварэння дзяржавы.

/i/content/pi/cult/526/11400/15-2.jpg

Насамрэч, уплыў згаданай карты на лёс беларускага краю мог быць і большым. Так лічыць праўнук акадэміка — Аляксандр Карскі, гісторык і літаратар, які прысвяціў вывучэнню біяграфіі свайго продка 12 гадоў, напісаўшы пра славутага вучонага даследаванне. Напрыканцы мінулага года гісторык наведаў Мінск, каб на ІІ Міжнародных грамадска-навуковых чытаннях “Перагук стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет сёння” ўзгадае некалькі эпізодаў са сваёй кнігі, якая чакае публікацыі ў Расіі.

Аляксандр Аляксандравіч зрабіў акцэнт на вывучэнні малавядомых старонак біяграфіі Яўхіма Фёдаравіча, уплыве яго прац на грамадства таго часу, і асабліва — у перыяды буйных катаклізмаў.

— З розных пазіцый “Беларусы” маюць каласальнае значэнне, — вылучае галоўную работу вучонага яго нашчадак. — І варта аддаць належнае кіраўніцтву Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта, дзе выкладаў Карскі. У час Першай сусветнай вайны, нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, знаходзяцца сродкі на выданне трэцяга тома даследавання. А прысвечаны ён быў народнай паэзіі…

У 1915 годзе з-за акупацыі Варшавы германскімі войскамі набор выдання не ажыццявілі. Але пад час эвакуацыі Варшаўскага ўніверсітэта ў Растоў-на-Доне, акадэмікамі зноў было падтрымана рашэнне Карскага надрукаваць гэты том у Маскве. “Словам, — падкрэслівае Аляксандр Карскі, — навуковы свет разумеў: на прыкладзе гэтай фундаментальнай работы гаворка ідзе пра ідэнтыфікацыю беларускага народа, які, па-сутнасці, для расійскага абшару быў не адкрыты”.

Але гісторыя “Этнаграфічнай карты беларускага племені”, якая была перадрукавана ў 1917 годзе, склалася драматычна, мяркуе Аляксандр Аляксандравіч. Яго версіяй падзей, агучанай пад час прабывання Аляксандра Карскага ў Беларусі, мы і дзелімся. Прапануем вашай увазе маналог навукоўца.

— 8 кастрычніка 1916 года Яўхім Фёдаравіч быў абраны ў акадэмікі Пецярбургскай акадэміі навук. Доўгі час ішоў працэс узгадненняў, пакуль 9 студзеня 1917 года не выйшаў загад па грамадзянскім ведамстве, а 18 студзеня “Правительственный вестник” не надрукаваў гэты загад. Бліжэйшае пасяджэнне агульнага сходу Акадэміі выпала на 4 лютага, дзе прысутнічаў і Карскі. І вось акурат на ім была зачытана заява неадменнага сакратара Акадэміі Сяргея Альдэнбурга. Яна гучала так: “У гэты час усё больш ясна вымалёўваецца неабходнасць стаць у поўным узбраенні навукі на варце інтарэсаў нашай радзімы. У гэтых адносінах вялікую ролю мае дакладнае прадстаўленне аб племянным складзе, асабліва тых абласцей, якія ляжаць па абодва бакі нашых межаў — еўрапейскіх і азіяцкіх, там, дзе судакранаюцца з землямі нашых праціўнікаў. Улады яшчэ не прасякнуліся дастатковай свядомасцю неабходнасці выкарыстоўваць адпаведным чынам навуковыя сілы Расіі. І таму чэрпаюць свае сведчанні часта з ненадзейных сведчанняў…”. Гэтай заявай навукоўцы, лічы “кідалі камень у гарод” новых уладаў, сведчылі, што пытанне мусіла разглядацца раней, бо зараз сітуацыя — крытычная. Толькі ў 1917 годзе ўзнікла неабходнасць разабрацца: хто ж жыве на тых ускрайках. Аказалася, вядома ж, позна…

Яўхім Фёдаравіч у першы ж дзень сваёй прысутнасці ў Акадэміі быў уключаны ў Камісію для даследавання племяннога склада памежных абласцей, куды абралі шэсць акадэмікаў. Яму было даручана, я так разумею, зрабіць новую карту “беларускіх абласцей”, з улікам абноўленых даных. Прамінула 15 гадоў з часу выхаду першай карты, і, вядома, патрабаваліся новыя даследаванні ды разлікі. Карскі не мог у той момант зафіксаваць перасоўванні апошняга часу — гэта было невырашальнай задачай. Тым больш, яму далі толькі месяц на складанне новай карты. Але зрабіць разлікі, зыходзячы з даных, якія меліся, апошняй даступнай дынамікі, колішніх прагнозаў распаўсюджвання беларускамоўнага насельніцтва, мяркую, цалкам было па сілах. І Яўхім Фёдаравіч усё гэта выканаў.

Але за гэты час адбылася Лютаўская рэвалюцыя. І пачалася страшная блытаніна і мітусня. Адбылося яшчэ адно пасяджэнне ў Акадэміі, на якім ставілася задача вывучыць племянны склад ужо ўсёй Расійскай дзяржавы, а не толькі яе памежных абласцей. Была прызначана, адпаведна, новая камісія. Потым першая камісія ўвайшла ўжо як падкамісія ў новае стварэнне. Усё гэта замарудзіла справу. А далей адбылося вось што. Загадчык друкарні Акадэміі выйшаў да прафесуры з пастановай ЦК рабочых, у якім да 5 красавіка яны патрабавалі павелічэння сваіх акладаў да 230 — 250 рублёў. Рабочыя, па-сутнасці, назвалі аклады акадэмікаў. Наступствы Лютаўскай рэвалюцыі, цяжкае становішча людзей ды многія іншыя фактары — усё гэта зрабіла немагчымым выкананне першапачатковых планаў. Натуральна, падобных перавыдаткаў Акадэмія была не ў стане вынесці. І, мяркую, менавіта згаданыя абставіны вымусілі адкласці друк новай карты на пэўны тэрмін. У выніку, яна пабачыла свет толькі напрыканцы снежня 1917 года.

Якія наступствы гэтай затрымкі? Як вядома, менавіта ў снежні ў Мінску распачалася лёсавызначальная падзея для беларускага краю — Першы Усебеларускі з’езд. Яўхім Фёдаравіч быў на яго запрошаны і дакладна прыбыў у сённяшнюю беларускую сталіцу 12 снежня. Я ўважліва вывучаў пратаколы з’езда: там вялася, па вялікім рахунку, выключна барацьба сацыялістаў — левых і правых. Прызнацца, тая барацьба паводле дакументаў падалася мне надзвычай прадказальнай.

Яўхім Фёдаравіч, які быў абраны на з’ездзе ганаровым старшынёй, выступіў з прапановай адкрыцця беларускага ўніверсітэта. Але ж, на жаль, не сказаў ні слова пра карту, якая магла б павярнуць дыскусію ў больш дзелавы, канкрэтны кірунак. Урэшце, на якіх тэрыторыях плануецца стварыць дзяржаву — пра гэта размова не ішла. А вось каб меўся дакумент…

Мне патрапілася ў тых пратаколах цікавая рэпліка Карскага. Быў момант, калі прадстаўнікі з’езда па прамой сувязі перамаўляліся са Сталіным. “Ці праўда нам магчыма самавызначыцца?” — удакладнялі яны. І Сталін адказваў: так, магчыма, але каб гэта было па-бальшавіцку. Маўляў, будзе сусветная пралетарска-сацыялістычная дзяржава, і вы дзесьці там самавызначаныя. Гэты адказ усіх усцешыў і супакоіў, нават узрадаваў. І толькі Яўхім Фёдаравіч спытаў: а ці не падаецца вам, што фраза Сталіна гучыць двухсэнсоўна? Але кожны жадае пачуць, як кажуць, што жадае.

Мы ведаем, чым усё скончылася. У ноч з 17 на 18 снежня быў прыняты першы пункт рэзалюцыі. Ён сцвярджаў: “Першы Усебеларускі з’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем”. Як толькі штосьці ўдалося вызначыць, у будынак уварваліся ўзброеныя бальшавікі і разагналі ўсіх. Вось вам і адказ Сталіна, які тады большасці прыйшоўся даспадобы. Мне не ўдалося знайсці дакументаў пра тое, ці знаходзіўся ў той момант Яўхім Фёдаравіч у зале, але вядома, што ён пазбег арышту і ўдала вярнуўся ў Петраград.

Ну, а 22 снежня адбыўся экстраардынарны сход Расійскай акадэміі навук. І вось дзесьці пасля гэтага пасяджэння і была надрукавана тая шматпакутная карта, якая, лічу, спазнілася проста трагічна. Аб’ява аб тым, што яна пабачыла свет, з’явілася толькі ў 1918 годзе. Там і было сказана, што надрукавана дзве тысячы асобнікаў ды іншыя звесткі.

Можна казаць пра тое, што бальшавікі ўсё роўна не далі б магчымасці атрымаць незалежнасць беларусам, але такі навуковы дакумент, як карта, даводзіў бы, што мясцовы народ вылучаецца і самавызначаецца не толькі па сацыялістычнай адзнацы, але і па іншых прыкметах: мове, культуры... Маўляў, вось дакладная карта бягучага года.

А далей, магчыма, змяніліся б і вынікі Брэсцкага міру. Але ў тых абставінах, на жаль, гэтага не адбылося.

 

Працяг чытайце ў наступных нумарах "К".

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"