Новая сукенка ТЮГа

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

“Утульна”: пра тое, якім стане галоўны дзіцячы тэатр краіны
Прызнаюся: у мінскім Тэатры юнага гледача я быў усяго аднойчы — напрыканцы 1990-х на прэзентацыі “Народнага альбома”. Успаміны пра мерапрыемства ў мяне засталіся выдатныя, а пра тое, як выглядаў сам тэатр, — даволі няпэўныя. Таму новае спатканне з ТЮГам, што пасля рэканструкцыі яшчэ не адкрыўся, прыемна хвалявала. Дык вось, “утульна” — тое адно слова, якім я ахарактарызаваў бы ўбачанае. І ніякага будаўнічага смецця ці бачных недаробак. Так, напэўна, дзесьці штосьці яшчэ падкруцяць, падправяць, але, па вялікім рахунку, да розуму засталося давесці толькі мантаж сцэны. І пяцігадовы “антракт” скончыцца...

/i/content/pi/cult/526/11393/12-1.jpg

Пра навінкі

Да асноўных работ па рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынкаў Тэатра юнага гледача прыступілі восенню 2010-га. Займалася гэтым толькі дзяржава без прыцягнення прыватных інвестараў. Вонкава галоўны корпус, які з’яўляецца помнікам архітэктуры, не змяніўся. Але ўнутры змен багата.

Асабліва “дасталося” сцэне, якую, як кажа дырэктар тэатра Ігар ВАРОНІН, насыцілі абсталяваннем і апаратурай максімальна, ператварыўшы яе такім чынам у адну з самых функцыянальных у краіне пляцовак. З навінак: пяць пад’ёмных сегментаў на кругу сцэны, які верціцца, вялікая штанкетная гаспадарка — на гэтых трубах, якiя узнiмаюцца і апускаюцца, мацуюцца тканіна, дэкарацыі. Адзначу таксама два пульты — асістэнта рэжысёра і механіка, светлавую і гукавую тэхніку высокага класа, вiдэаабсталяванне, аркестравую яму. “Але аркестра ў штаце не будзе, — заўважае Ігар Генрыхавіч. — У выпадку неабходнасці па дамове запросім інструментальны гурт. Дарэчы, цяпер у тэатра маецца магчымасць ажыццяўляць і музычныя праекты — балазе, маем і канцэртны раяль”.

У глядзельнай зале да рэканструкцыі было 459 пасадачных месцаў, цяпер — 323. Памяншэнне адбылося за кошт выканання неабходных патрабаванняў па пажарнай бяспецы. Знік пярэдні рад, павялічылася адлегласць паміж астатнімі, шырэйшымі зрабіліся і праходы. “Згаданае пайшло на карысць як публіцы — ёй стане зручней, — так і тэатру, — тлумачыць спадар Варонін. — А таму прасцей выканаць план па працэнце запаўняльнасці залы. Ды і чым зала большая (і пры гэтым не вельмі кампактная), тым больш гледачы адчуваюць нейкую адарванасць ад дзеі на сцэне. А камернасць ТЮГу відавочна да твару”. Вядома, з’явіцца і глядацкае кафэ, а да яго — буфет для супрацоўнікаў тэатра. Арандатары ўжо вызначаны.

Размешчаныя раней побач з асноўным будынкам двухпавярховік і невялікую гаспадарчую пабудову знеслі, узвёўшы на іх месцы, лічы, шасцiўзроўневае збудаванне (чатыры паверхі плюс скляпенні ды гарышча) адміністрацыйна-вытворчага комплексу, што злучаецца з галоўным корпусам, таму плошчы ТЮГа значна павялічыліся. А ўнутранае аздабленне, барэльефы, роспіс, уся гістарычна-мастацкая частка галоўнага корпуса захаваліся. Яны спазналі толькі рэстаўрацыю.

/i/content/pi/cult/526/11393/12-2.jpg

Калі?

— Плануецца, што тэатр расчыніць свае дзверы для гледачоў 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, што сімвалічна, — паведамляе Ігар Генрыхавіч. — Пакуль жа цвёрда магу заявіць: будаўнічыя работы завершаны, заканчваюцца пуска-наладачныя. Бліжэйшым часам тэатр прыступае да працы на новай сцэне па фарміраванні рэпертуару адпаведна яе ўмовам. Мы пяць гадоў даем спектаклі ў Доме літаратара з яго маленькай сцэнай, куды ўціснулі дэкарацыі наяўных спектакляў. Цяпер ім трэба вярнуць адпачатковы выгляд, выкарыстоўваючы тэхнічныя магчымасці новай сцэны, святла, гуку. За гады “падарожжаў” з’явіліся новыя спектаклі, якія таксама патрабуюць адаптацыі. Лагічна, што новы ТЮГ сустрэне публіку і новымі пастаноўкамі.

А яшчэ тэатр абвясціў конкурс у некалькіх узроставых намінацыях па напісанні п’ес. Брэндавы спектакль — вось пра што марыць Ігар Варонін. Такі ў рэпертуары ёсць — “Тарас на Парнасе”, — але тэатр вядзе пошукі і сярод сучаснай драматургіі. “Галоўнае прызначэнне тэатра, зыходзячы з нашай градацыі пастановак, — наведванне яго сям’ёй. Таму з прыцэлам на гэта і складаецца праграма развіцця — тэатр для дзяцей з бацькамі”, — зазначае візаві.

Адна з будучых прэм’ер — спектакль “Сіняя птушка” па п’есе Морыса Метэрлінка з прыгожымі касцюмамі і цікавымі дэкарацыямі. Не выключана, што менавіта гэтая казачная феерыя стане галоўнай “разыначкай” урачыстага адкрыцця. А само будучае дзейства стартуе проста з уваходу. Але раскрываць усе творчыя планы ў тэатры не спяшаюцца. Наогул, сезон 2015 — 2016 гадоў — юбілейны для ТЮГа: у красавіку 2016-га тэатр адзначыць сваё 60-годдзе.

 

***

— Ці ўсё атрымалася з перабудовай? — пытаюся я ў дырэктара.

— Шмат прыгожага. Падлогі паркетныя ў фае глядзяцца годна, але... гэта непрактычна, для разавай візуалізацыі, — шчыра адказвае ён. — Так што тэхнічным службам цяжкавата ў гэтым сэнсе давядзецца... Ці прасіць гледачоў прыходзіць у абутку са светлай падэшвай? — жартуе дырэктар і працягвае. — Мо сёе-тое выйшла не так, як хацелася б. Але асноўныя заўвагі падправілі ўжо. Вялікі дзякуй дзяржаве, што ў цяжкі для эканомікі краіны час давяла рэканструкцыю да завяршэння і ў выніку падаравала і трупе, і ўсёй Беларусі гэты прыгожы тэатр. А наша місія — напоўніць яго высокаэстэтычным зместам, выклікаць цікавасць як у дзяцей, так і ў дарослых.

Кажучы аб верагодным папаўненні творчымі кадрамі для абноўленага тэатра, Ігар Генрыхавіч адзначыў: таленты сярод выпускнікоў профільных навучальных устаноў, вядома ж, ёсць, аднак праблема, на яго погляд, заключаецца ў тым, што далёка не ўсе маладыя спецыялісты — рэжысёры, акцёры — сёння ідуць працаваць у сферу культуры. Хто губляе цікавасць, каго заробак не задавальняе. Таму адна з задач кіраўніцтва ТЮГа — назапашванне стымулюючых фактараў для прыцягнення прафесіяналаў. З адкрыццём будынка, мяркуе Варонін, магчымасцей у гэтым сэнсе стане больш. Сваё слова тут павінен сказаць і апякунскi савет, якi ствараецца пры тэатры — балазе на заканадаўчым узроўні сёння з’явіліся пашыраныя магчымасці для партнёрства.

Што ж, новая сукенка Тэатра юнага гледача сядзіць на ім выдатна. Гэта я вам заяўляю з усёй адказнасцю! Хутка і вы зможаце пераканацца ў тым: чакаць засталося няшмат!..

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"