Пра Рай, панядзелак і пятніцу

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтатур па СДК і не толькі. Сенненскія падыходы да брэндынгу: рэалізаваныя і не
Мы сёння завершым гаворку пра Талачынскі раён і больш падрабязна спынімся на культуры Сенненшчыны. А пагаварыць, як і заўжды, ёсць пра што. Тым больш, што ў гэтым артыкуле мы распавядзём пра работу СДК, музея і раённага дома рамёстваў. Калі ўлічыць, што праблемы бібліятэчнай справы з нашых старонак не знікаюць, дык у сённяшняй публікацыі прадстаўлены досыць шырокі спектр культурных прыярытэтаў.

/i/content/pi/cult/526/11388/10-1.jpg

 

 

У Сенненскім раённым доме рамёстваў.

Мода на электрагітары?

Апошняя ў гэтым аўтатуры “К” фарба ў партрэт сельскай культуры Талачынскага раёна — гэта расповед пра СДК аграгарадка “Серкавіцы”. У адрозненне ад бібліятэкі з матэрыяльнай базай тут усё як мае быць. Кіруе ўстановай Яўген Недасека, якога засталі за “клавішамі”. Аказваецца, у аграгарадку дзейнічае ці не адзіны на раён ВІА. За тыя дваццаць пяць гадоў, што Яўген Недасека працуе ў СДК, праз музычны калектыў прайшоў дзясятак маладых людзей. Нядаўна колішні вучань кіраўніка вярнуўся ў вёску і вырашыў далучыцца да “дарослага” музычнага гурту — хлопец грае на ўдарных. Далучыўся да ВІА і адзін з бежанцаў з Данецка, які працуе на ферме ды грае на гітары. Сам дырэктар СДК грае на ўдарных, клавішных, гітары, баяне… Здзівіла ж, што за 30 гадоў, якія дзейнічае ансамбль, ён так і не атрымаў назвы. А па законах маркетынгу, як няма назвы — дык няма і брэнду.

Інструменты, якія пабачылі ў СДК, аказаліся рарытэтнымі. Тая ж гітара пабачыла свет ажно ў 1985 годзе. Па словах Яўгена Недасекі, у 1986-м мясцовая гаспадарка вырашыла пасадзейнічаць стварэнню музычнага калектыву і набыла неабходную апаратуру. Папаўненне адбылося толькі ў 2007-м, калі вёска змяніла статус на аграгарадок.

Здавалася б, з баявым музычным калектывам ды неабходнымі інструментамі можна зарабляць неблагія грошы, аднак гадавы план у пяць мільёнаў кіраўнік СДК лічыць велікаватым. І без актыўнай гастрольнай дзейнасці па суседніх установах культуры яго, думаецца, не выканаць. Вядома, ёсць яшчэ і дыскатэка. Толькі збіраецца там “то дзесяць чалавек, а то і два толькі прыйдзе”. І адным выпускным вечарам на сцэне СДК таксама гадавы план не выканаеш. З клубных фарміраванняў у Серкавіцах дзейнічае фальклорны калектыў “Спадчына”, куды ўваходзіць 12 чалавек. Займаецца гурт не толькі спевамі, але і аднаўляе старадаўнія народныя абрады. Маецца ва ўстанове і дзіцячы тэатр мініяцюры.

Пабываўшы ў Серкавіцах, так і не зразумелі сітуацыю з філіялам дома рамёстваў. Чамусьці ў СДК пасля рамонту ў 2007 годзе ўжо не знайшлося месца для адной майстрыхі. А хто ведае, мо цяпер у аграгарадку болей бы людзей цікавілася народнымі традыцыямі…

(Не)лірычнае адступленне Яўген Рагіна

Па маім перакананні, мода на гурты і не знікала ніколі. Проста ў гады майго юнацтва была яна павальнай, а танцы пад “жывы гук” доўга заставаліся нормай. Але па ўсім выглядае, што сельскі бум на ВІА вяртаецца. Цудоўна! Лепш з гітарай, чым з якой пошасцю… У Серкавіцкім СДК прысеў за ўдарную ўстаноўку, бо калісьці слава Рынга Стара не давала спакою. Атрымалася штосьці няўцямнае. Але да канца дня я быў амаль шчаслівы…

Раённыя экзоты…

Вандроўка па Сенненшчыне атрымалася надзвычай цікавай і… трошкі сумнай. У вёсцы Расна ад клуба застаўся толькі будынак. У Порплеве, як распавялі нам вяскоўцы, такой установы няма вось ужо гады два… Нечакана нам сустрэлася акуратная вёсачка Рай, а потым, за палеткамі, пасярод хмызнякоў — вялізны Чортавы камень пад найменнем “Кравец”, які паспеў стаць брэндам (не, не раёна, а гэтых канкрэтных мясцін). Кажуць, жыў тут калісьці… самы звычайны чорт, які ўмеў шыць і выконваў любую кравецкую замову ад сялян. Але аднойчы яны пакрыўдзілі хвастатага краўца… З таго часу, нібыта, і доўжыцца тут жыццё паміж выраем ды чортавымі выбрыкамі…

Геаграфічная адметнасць Сенненшчыны ў тым, што знаходзіцца яна ў далечыні ад ажыўленых аўтатрас, а чыгункі няма. Напэўна, па гэтай, сярод іншага, транспартнай прычыне многія не ведаюць, што тут нарадзіліся дзяржаўны дзеяч, Герой Савецкага Саюза Пётр Машэраў (вёска Шыркі), лётчык, Герой Савецкага Саюза Аляксандр Гаравец (вёска Машканы), скульптар Заір Азгур (вёска Маўчаны), паэт Анатоль Вялюгін (таксама Машканы)… І менавіта ля Сянно на пачатку Вялікай Айчыннай адбылася ці не самая буйная ў свеце танкавая бітва...

/i/content/pi/cult/526/11388/11-1.jpg

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Пабачыўшы на карце населены пункт з назвай “Рай”, наша каманда вырашыла хай сабе і праехаць які лішні дзясятак кіламетраў, але зрабіць фотаздымак на фоне “райскай” шыльды. А таксама пабываць у Доме культуры і бібліятэцы. Вось толькі ў Раі няма ні ўстаноў культуры, ні крамы, ні карчмы. Нягледзячы на інтрыгуючую назву, турыстаў тут няма чым зачапіць. Няўжо нельга прыдумаць якую крэатыўную ідэю і хаця б прадаваць тыя ж “райскія яблычкі”? Думаю, пры пэўнай рэкламе попыт перавысіў бы прапанову.

…і гарадскія матывы

Хтосьці скажа: рэкламы ў райцэнтры малавата. Спрачацца мы не будзем: усё правільна, каб твой дом быў прыцягальны, яго пастаянна расхвальваць ды добраўпарадкоўваць трэба. І самы раз тут паразважаць пра камунальныя праблемы Сянно, што працуюць на імідж раёна. Але далёка не на станоўчы.

Тое, што асобныя раённыя гатэлі і гатэльчыкі для камфортнага пражывання прыстасаваны мінімальна, мы ўспрымаем як непазбежны цяжар журналісцкага жыцця. Канешне, кепска, што цягам апошніх гадоў (бывалі тут колькі разоў) нумары ў сенненскай гасцініцы застаюцца не самымі ўтульнымі, а тэлевізары ў іх не працуюць з прычыны недасканалай антэны. Але ўдвая горш тое, што шыльда на гасцінічным будынку, прысвечаная памяці Пятра Міронавіча Машэрава, амаль не чытаецца з-за старасці. А не за гарамі — свята Вялікай Перамогі, якую цяжка ўявіць без гераізму нашых партызан, сярод якіх — і Машэраў.

Спадзеў на Сталіна…

Вернемся ў горад. Дзе знаходзіцца мясцовы музей, у раёне ведае кожны. Дужа ягоныя фасады адметныя. Як і ў Талачыне, установа месціцца ў старадаўніх мурах. Музей абжыўся ў будынку колішняй земскай управы, узведзенай па індывідуальным плане ў 1910 годзе з элементамі класіцызму.

Дырэктар Іва Шубко падзялілася з намі надзённымі клопатамі. Найперш, агульнай тэндэнцыяй да зніжэння колькасці наведвальнікаў. Не спрыяе турыстычнай перспектыве і тая самая аддаленасць Сянно ад магістральных шляхоў. Што тут казаць, калі з Мінска ў гэты горад можна прамым рэйсам даехаць толькі ў панядзелак і пятніцу. Каб выправіць сітуацыю, музей арганізоўвае экскурсіі па раёне — пераважна на транспарце замоўцы. Балазе, цікавых аб’ектаў на Сенніншчыне хапае. Згадайма так званы помнік прыроды “Каплічка”, сядзібу пачатку ХХ стагоддзя роду Свяцкіх у вёсцы Пламя, паштовую станцыю ў Паграбёнцы сярэдзіны XVIII стагоддзя, касцёл у Застадоллі і драўляную царкву святога Уладзіміра ў вёсцы Обаль...

З іншага боку, музей не можа пахваліцца пастаяннай экспазіцыяй. Падобная сітуацыя, мо толькі яшчэ больш горшая, назіраецца на Віцебшчыне хіба ў Дуброўне, дзе фонды па-ранейшаму месцяцца ў будынку райвыканкама... Здавалася б, у раёне рэгулярна адбываюцца раскопкі археалагічных помнікаў (і Інстытутам гісторыі, і Віцебскім дзяржуніверсітэтам). Прынамсі, можна стварыць добрую экспазіцыю, прысвечаную першабытным стаянкам нашых продкаў. Вось толькі знойдзеныя старажытныя прадметы чамусьці не трапляюць у мясцовы музей... Ды і набыць тыя ці іншыя каштоўныя рэчы ўстанова не можа сабе дазволіць. Застаецца спадзявацца толькі на свае экспедыцыі. Так, пад час адной з іх, у закінутай хаце быў знойдзены ўнікальны фотаздымак пачатку ХХ стагоддзя, на якім адлюстраваны сельскагаспадарчы тэхнікум, які да Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся ў сядзібе Свяцкіх.

З плюсаў можна адзначыць і той факт, што сенненскі музей мае пастаянную карцінную галерэю, названую ў гонар мясцовага мастака Уладзіміра Гоманава з 28 палотнамі. Праўда, часова там размясцілася камерцыйная выстаўка васковых фігур “Кола гісторыі”, якая пераехала ў Сянно з Талачына. Але назваць яе камерцыйнай уласна для музея можна з вялікай нацяжкай: больш за палову сумы ад прададзеных білетаў пералічваецца на рахунак уласнікаў выставачнага праекта.

Таму застаецца спадзявацца на свой крэатыў. Так, у музеі распрацаваны інтэрактыўныя экскурсіі і заняткі са школьнікамі. На іх можна даведацца, да прыкладу, як ладзіліся на Сенненшчыне вячоркі. А ў тыя ж “ночы музеяў” праводзяцца “Этнаграфічны марафон” і “Тэатральны экспрэс”, прэзентацыя вясельнага абраду. І гэта дае свой плён. Летась у музеі адбылося каля дваццаці “этна-вяселляў”, кожнае з якіх сёння каштуе маладым у 200 тысяч рублёў.

Пазнаёміўшыся з крэатыўнымі праектамі, цікавымі выстаўкамі, мы так і не пабачылі сувеніраў. А ўсе адгаворкі, маўляў, кожны можа купіць сувенір у краме РДР, выглядаюць смешнымі. Пагадзіцеся, турыст спачатку прыходзіць не ў Дом рамёстваў, а менавіта ў музей. Ды і каб не было ў музея цікавостак, якія можна з поспехам размяшчаць хай сабе на магніціках! Згадаем хаця б дзяржаўны сцяг. У музеі нам распавялі, што арнамент для яго быў абраны з мноства варыянтаў і зацверджаны яшчэ за савецкім часам, а аўтар варыянта, які выкарыстоўваецца і па сёння, — сялянка Матрона Маркевіч, што нарадзілася ў сенненскай вёсцы Клімавічы, а жыла і пахавана, як высветліў краязнаўца Васіль Бандарэвіч, ў мясцовай жа вёсцы Касцелішча. Арнамент гэты яна выткала на ручніку яшчэ ў 1917 годзе. Ідэя арнамента ў тым, што шчасце складаецца з працы і майстэрства… Ромб з крукамі абазначае хлебную ніву. Іншая сімволіка “гарантуе” ўдачу, багацце, урадлівасць…

Маркевіч памерла ў 1957 годзе, знікла з карты раёна і вёска Касцелішча. Але вы згодныя з тым, што імя гэтага чалавека павінны ведаць усе беларусы, што яно — нароўні з імёнамі Машэрава, Азгура, Гараўца? І першы крок да гэтага, падаецца, павінен зрабіць Сенненскі музей.

Музейшчык і краязнаўца Васіль Бандарэвіч у той дзень, на вялікі жаль, хварэў. Але мы пазнаёміліся з ягонай жонкай Галінай Бандарэвіч, якая працуе акампаніятарам у РДК. Сям’я, словам, — унікальная. Але пра гэта — гаворка ў наступным артыкуле.

НТР у РДР

У дачыненні да дырэктара РДР Вольгі Квашко начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканама Сяргей Мяцеліца зазначыў, што яму патрэбны найперш амбіцыйныя работнікі, а Вольга — менавіта такая. У наступным нашым артыкуле мы змесцім грунтоўную гутарку з начальнікам аддзела, які на ўсё мае свой адмысловы погляд. А цяпер — пра РДР.

Дом рамёстваў створаны ў 1993 годзе. З таго часу туліўся спачатку на першым паверсе музея. Сёння дзейнічае ў будынку, што дастаўся ў спадчыну ад мастацкай школы. Таму тут ёсць аж тры выставачныя залы, шмат майстэрняў і пакояў для навучання ганчарству, роспісу па дрэве, вышыўцы, ткацтву, саломкапляценню, карункапляценню, выцінанцы, па вырабе паясоў, глінянай свістулькі. Але ўразілі не толькі плошчы (болей, бадай, і не трэба). Здзівіла найперш якасць вырабаў дзяцей і дарослых. Таму гандаль у салоне “Сенненскія сувеніры” — вельмі жвавы, а экскурсіі па залах і майстэрнях — частыя і даволі шматлюдныя. Самае станоўчае ўражанне выклікала і тое, што майстры выконваюць замовы насельніцтва па вырабе традыцыйных рэчаў, дапамагаюць з афармленнем памяшканняў у беларускім стылі. Словам, традыцыі Матроны Маркевіч годна працягваюцца.

Мы назвалі б Сенненскі РДР адным з лепшых у краіне вось яшчэ з якой нагоды. Калісьці пісалі, што было б няблага адрадзіць выраб традыцыйных ткацкіх станкоў на падставе сучасных тэхналогій, асвоеных у выніку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі… Аказваецца, нашы мары-развагі даўно ажыццёўлены ў Сянно. Як гэта зрабілі, раз і назаўжды акрэсліўшы доўгатэрміновую перспектыву РДР? Пра гэта таксама чытайце ў нашым наступным артыкуле.

А напрыканцы застаецца дадаць, што Сенненскі дом рамёстваў сёння паспяхова рэалізоўвае праект па замацаванні ў сваіх творах мясцовага брэнду — святой каплічкі, што сустракае прыезджых на пачатку горада.

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Сёння ў Сянно можна сфатаграфавацца з роставымі выявамі замежных палітычных дзеячаў. Нам больш даспадобы была б выява Пятра Міронавіча Машэрава. Але гэты брэндавы вобраз пакуль не стаў дамінуючым. Толькі пачынае раскручвацца асоба Матроны Маркевіч. Яшчэ нельга набыць магніцікі са здымкамі работ Азгура і партрэтам героя Гараўца. Адсутнічаюць на банерах цытаты з вершаў Вялюгіна. Цікава будзе прыехаць сюды гадоў праз пару.

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"