Калі пэндзаль — шпага

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

У “Галерэі Мастацтва” — выстаўка жывапісу Васіля Пешкуна, на якой ён прадставіў свае нацюрморты і пейзажы.

/i/content/pi/cult/526/11387/9-2.jpg

Васіль — яркі прадстаўнік таленавітай маладой генерацыі ў свеце выяўленчага мастацтва. Яго творчы шлях складваецца даволі паспяхова, але гэта не толькі спрыяльны збег акалічнасцей, а яшчэ і вялікая працаздольнасць і поўная аддача прафесіі. Ён імкнецца кожны дзень праводзіць плённа, адточваць сваё майстэрства і, канешне, эксперыментаваць. Але ў першую чаргу гэта творчы працэс, без якога мастак проста не можа існаваць.

Кожны чалавек мае свае карані і месца, адкуль ён родам. Васіль Пяшкун нарадзіўся ў Гомелі. Але, як і большасць дзяцей свайго пакалення, праводзіў лета ў вёсцы. Сюды ён ездзіць і сёння, прычым — у любую пару года. Адпачынак на прыродзе ўсё роўна сумяшчаецца з працай. Летам яго Муза нібыта саткана з лёгкага павеву ветру, напоўненага водарам лугавых траў, з промняў яркага сонца, з карункаў ценяў на залатых пясчаных дарожках. Вясковыя пейзажы Пешкуна прасякнуты любоўю і сардэчнай цеплынёй, сапраўднымі пачуццямі і ўспамінамі аб мілых мястэчках.

Працуючы ў пленэрных умовах мастаку неабходна цалкам паглыбіцца ў наваколле. Перадаць менавіта той момант і настрой — справа не простая. Але Васіль спраўляецца з гэтым дзякуючы віртуознай тэхніцы, нестандартнаму кампазіцыйнаму рашэнню і свабодзе ўспрымання. Па сваім характары гэта энэргічны, адкрыты, некалькі імпульсіўны чалавек. Аднойчы на адкрыцці персанальнай выстаўкі Васіля, адзін сябар параўнаў яго з фехтавальшчыкам. І сапраўды, на відэа з майстар-класа, якое здымалі ў яго вёсцы Надзвін, мастак трымае ў адной руцэ пэндзаль-шпагу, а другую заклаў за спіну, нібы змагаўся з прыродай, фарбамі і палатном. У выніку гэтай своеасаблівай бітвы Васіль выходзіць пераможцам, бо тут жыве ягоная душа і ягоная Муза-сялянка.

Беларускія краявіды напісаны па-рознаму. На адных гэта шчыльны, пастозны мазок, які стварае ўражанне вясновага бездарожжа, зямлі ці гурбаў снегу. Рэалістычнасць гэтых прац настолькі моцная, што глядач, маючы добрую фантазію, можа нават адчуць своеасаблівы вільготны пах паветра разам з туманам. На іншых палотнах пераважаюць мяккія колеры, быццам акварэльныя пералівы. Тонкія галінкі дрэў абазначаны веерным пэндзлем, а стрыманых пастозных акцэнтаў усяго некалькі. Яшчэ ў адным варыянце жывапісу мастака гэта кароткія, хуткія, вібруючыя мазкі з мноствам адценняў, якія надаюць карціне яшчэ больш дынамікі. Усе тры прыёмы працуюць на эмацыйнае ўспрыманне стану прыроды, што ўбачыў аўтар.

Зусім іншая атмасфера пануе на вуліцах горада. Пяшкун — адзін з нямногіх мастакоў, які выходзіць з эцюднікам “у людзі”. А на пытанне, ці не адцягваюць яго шум машын ды мінакі, адказвае, што навучыўся абстрагавацца і не заўважаць знешнія раздражняльнікі.

Гарадскі пейзаж, як прызнаецца сам Васіль, вельмі цікавы жанр. У ім ён знаходзіць магчымасць выказаць зусім іншыя думкі і эмоцыі. У работах адчуваецца нейкая гарэзлівасць, моцная энергія. Муза горада вядзе свайго творцу ў пошуках найлепшай пазіцыі. Яна падказвае незвычайныя ракурсы і здольнасць заўважыць прыгажосць, здавалася б, зусім непрыкметных куткоў. Архітэктурныя пабудовы пазбаўленыя ў Пешкуна залішняй манументальнасці, а славутасці і помнікі культуры пазнаюцца адразу: напісаны яны лёгка, але экспрэсія пісьма застаецца.

Большая частка нацюрмортаў мастака нараджаецца ў майстэрні. Яго жонка (мастачка Ганна Сілівончык) кажа, што букеты, якія дораць ім на святах ці мерапрыемствах, амаль ніколі не трапляюць дамоў, бо адразу ж становяцца нагодай да творчага парыву Васіля. Кожны нацюрморт мае свой асаблівы характар. Гэта можа быць, скажам, адзінокая белая ружа ў гранёным стакане, дзе жорсткасць і прастата шкла яшчэ больш падкрэслівае далікатную прыгажосць і пяшчоту кветкі. У такім мінімалістычным нацюрморце ўсё трымаецца на паўтоне і гульні светлаценю.

Складаныя кампазіцыі з мноствам рэчаў патрабуюць больш тонкай падрыхтоўкі. У самім працэсе ёсць нешта ад тэатральнай “кухні”. На некаторы час месца, на якім кампануецца будучы нацюрморт, становіцца своеасаблівай сцэнай. Кожнай рэчы адводзіцца свая роля, галоўная ці другога плану, але ўсе яны павінны ўзаемадзейнічаць адно з адным, а з іншага боку — несці ўражанне цэласнага вобразу.

Калі жывапіс закранае патаемныя "куткі" душы, “дастае” з памяці светлыя ўспаміны і пачуцці, абуджае эмоцыі, дорыць радасць і адчуванне сапраўднага шчасця, ці не доказ гэта таму, што аўтар ідзе ў правільным кірунку. Застаецца спадзявацца, што верная Муза Васіля Пешкуна будзе і далей усюды наведваць свайго майстра, натхняць яго і дапамагаць ў дасягненні новых вяршынь.

Ульяна ФЯДОТАВА, мастацтвазнаўца