Любоў, якая танцуе Эйфмана

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Пра варыянт канцэпцыі “сяброўства” на нашу карысць
Культурную палітру сталіцы ўпрыгожыў яшчэ адзін фестываль — “Хварастоўскі і сябры”. Сярод апошніх, між іншым, аказалася шмат беларусаў.

/i/content/pi/cult/526/11386/9-1.jpg

Фота з сайта Балета Барыса Эйфмана

Пачынаць трэба з таго, што арганізатарам гэтага свята ў Мінску (у Маскве і Санкт-Пецярбургу фестываль ідзе роўна дзесяцігоддзе) выступіў наш ураджэнец Максім Берын. Разам з бацькам, беларускім дырыжорам Аркадзем Берыным, цяпер вядомым і ў свеце, ён жыве і працуе ў Германіі. Але кампанія Максіма мае на рахунку шмат цікавостак у сферы нашай культуры (тут і фестывалі “Уладзімір Співакоў запрашае”, “Магія раяля”, і канцэрты зорак сусветнага маштабу).

Але сярод “сяброў Хварастоўскага” беларусы апынуліся не проста па волі прадзюсара. З нашай Аксанай Волкавай ён разам спяваў у Метраполітан-опера. І пра тое, што марыў бы выступіць з ёй у Мінску, казаў і раней. Неаднойчы супрацоўнічаў ён з нашымі аркестрамі, пачынаючы з Прэзідэнцкага. Тут усё зразумела: навошта “цягнуць” на гастролі аркестр, калі можна знайсці выдатныя мясцовыя калектывы! Сёлета дайшла чарга і да сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Сама па сабе фестывальная праграма не магла не выклікаць нараканні. Па сутнасці, тры рознажанравыя вечары ніяк не спалучаліся ў “канцэпцыйнае” цэлае, з’яднанае найперш фестывальнай атмасферай. Але першы фестывальны канцэрт — сольнік знакамітага піяніста Барыса Беразоўскага — вылучаўся яшчэ і адметнай праграмай. Акрамя ўлюбёнай публікай “завядзёнкі” (цудоўных, але часта выконваемых твораў Сяргея Рахманінава, Фрыдэрыка Шапэна і іншых кампазітараў), ён адкрыў для нас фартэпіянныя мініяцюры Рыхарда Штрауса, якога ў нашай прасторы прызвычаіліся лічыць выключна аркестравым аўтарам.

Закрыццё ж фестывалю было ўвогуле феерычным: мы ўбачылі трупу Тэатра балета Барыса Эйфмана са спектаклем “Радэн”, які за тры з паловай гады, што мінулі з прэм’еры, аб’ехаў паўсвету. Балет, прысвечаны жыццю, творчасці і каханню французскага скульптара Агюста Радэна і яго студэнткі-музы Камілы Кладэ, аказаўся надзвычай “беларускім”. У цэнтральнай партыі Камілы — Любоў Андрэева, якая апошнім часам працуе ў Санкт-Пецярбургу, але працягвае вучыцца на харэографа ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у класе народнага артыста СССР, прафесара Валянціна Елізар’ева. Сцэнаграфія — нашага Зіновія Марголіна, які, праўда, даўно ўжо лічыцца беларуска-расійскім мастаком.

У адной з замежных рэцэнзій знайшла кпіны з нібыта няўдалага афармлення — “абстрактнай канструкцыі”, што “не выклікае асацыяцый з часам Радэна”. І падумала пра тое, наколькі тое ажурнае металічнае збудаванне адпавядае… беларускаму авангарду пачатку ХХ стагоддзя: простыя геаметрычныя фігуры, праз якія паўстаюць яркія, насычаныя колеры, пазбаўленыя адценняў-пераходаў. Дык гэта ж супрэматызм Казіміра Малевіча, які ў “часы Радэна” жыў і працаваў у Віцебску!

Што ж да Любові Андрэевай, дык у хуткім часе, ужо ўлетку, на сцэне нашага Музычнага тэатра яна ўвасобіць сваю дыпломную працу — шэраг аднаактовых харэаграфічных пастановак. Пакуль жа можна было атрымаць асалоду ад яе выканальніцкага майстэрства — неверагоднай энергетыкі, гнуткасці, эмацыйнай выразнасці, сапраўднай стыльнасці кожнага руху. Дарэчы, мы не ўпершыню бачылі маладую артыстку ў эйфманаўскім рэпертуары: яна ўжо некалькі разоў прыязджала да нас, выступаючы ў гала-канцэртах зорак сусветнага балета. Дый замежныя крытыкі яе ўхваляюць: “музычная, пластычна выразная, яна танцуе харэаграфію Эйфмана так, быццам выгадавана ў гэтым тэатры”.

Шмат думак выклікаў і сам спектакль “Радэн”: пра пакуты творчасці, прызнанне-непрызнанне мастакоў, няўлоўнасць імпульсаў натхнення — і катаржную працу па іх увасабленні. Асабліва красамоўнымі былі сцэны, калі Радэн ці Каміла на нашых вачах “выкручвалі-выляплялі" статуі і скульптурныя кампазіцыі. Пазней, на хвалі роспачы і душэўных пакутаў, Каміла знішчыла большасць сваіх выяў. Ці ж не шкада, што мы ніколі не ўбачым тых таленавітых прац? Зноў узніклі паралелі з нашай культурнай спадчынай — далёкай і блізкай па часе. Ці ж мала выпадкаў бывае, калі бяздумна знішчаецца тое, што потым давядзецца адраджаць?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"