Разам з вясной

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Кветкавы акцэнт на складаназлучаным фоне
Калі думаю пра хітраспляценні творчых парываў і праблем, звязаных з імі, згадваю цудоўныя радкі з верша “Тайны ремесла”: “…Когда б вы знали, из какого сора / Растут стихи, не ведая стыда, / Как желтый одуванчик у забора, / Как лопухи и лебеда…”. Гэтымі словамі Ганна Ахматава намалявала схему трансфармацыі прыродных сімвалаў у творчы пачатак. Сугучная гэтым думкам і выстаўка “Кветкавы рай”, што ўжо сёмы раз праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, (ідэя праекта належыць мастаку, арт-куратару Фёдару Ястрабу, якога, на жаль, больш няма з намі).

/i/content/pi/cult/526/11385/8-2.jpg

Пачуццё любавання, захаплення разнастайнымі формамі расліннага свету, змацаваныя настроем мастака разам з талентам і шматдзённымі практыкаваннямі. Складаны сплаў кампазіцыі, рытму, каларыту, фарбаў, і, канешне, натхнення — усё тое, што мастак перажывае і прапускае праз сваю душу. І калі гэтая крохкая раўнавага захавана, глядач атрымлівае непаўторныя ўражанні ад судатыкнення з творам. Экспазіцыя з’яўляецца яскравым прыкладам той самай раўнавагі ў творчасці.

Чулыя мастацкія натуры напярэдадні прыродных змяненняў звяртаюцца да мальбертаў, палотнаў, фотаапаратаў, каб паспець перадаць свае захапленні і настрой. Працоўная атмасфера пануе ў майстэрнях, прапахлых фарбамі, лакам, растваральнікамі. Карціну пішуць, “апранаюць” у багет, аўтар ставіць аўтограф... І вось на выстаўцы прадстаўляюць гатовы твор. І ён ужо не толькі твой, ён належыць гледачам і пачынае самастойнае жыцце.

Кожная кампазіцыя ўтрымлівае пазітыўную энергію, кожны мастак абірае сваю кветку, любуецца ёй, надзяляючы неўміручай сілай свайго майстэрства. У коле нашых інтарэсаў — жывыя і такія цудоўныя ружы, цюльпаны, хрызантэмы, гладыёлусы, касачы, мімозы, бэз, аксаміткі, рамонкі, настуркі, званочкі, васількі. Далікатныя, даведзеныя да дасканаласці творы прыроднага свету ператвараюцца ў адухоўленыя творчыя сімвалы прыгажосці.

Карціна, якая адкрывае экспазіцыю, — гэта “Бэз ў вазе” Валянціна Нуднова, выканана ў абстрактнай сімвалічнай форме. Яна падкупляе чысцінёй стылю і высокім прафесіяналізмам. Мастачка Ірына Кузняцова, якая стала выстаўляецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, прадставіла чатыры працы ў сучаснай фармальнай манеры (артыкулы з серыі “Поры года”). Работы надзелены ўласнай энергіяй: пяшчотная, кранальная вясна, яркае лета, мінорная восень, белая бязмоўная зіма.

Карціна Алеся Сушы “Хрызантэмы” — гэта вялізарны зялёны букет, які запаўняе прастору палатна, дзе, здавалася б, сабрана ўся зеляніна лета з дакладна выверанымі рытмамі колеру. Мастак Уладзімір Рынкевіч выставіў цудоўныя акварэлі “Вячэрні букет” і “Зімовы букет”. Яны кантрасныя па колеры: адна блакітная, другая — залаціста-вохрыстая. Аднак абедзве напоўнены філасофскімі развагамі. На пярэднім плане мільгае твар прыгожай незнаёмкі, што ідзе насустрач. А на фоне вялізнага горада ў акенцы можна пабачыць пяшчотны букет рамонкаў. Мікола Бушчык сваю працу “Ранак” прысвяціў святу. Гэта кранальная карціна — аповед пра дзіцячыя, наіўна-шчырыя ўспаміны: жанчына, кветка, насцеж адкрытае ў свет акно — у свет простых чалавечых стасункаў.

Запамінаюцца нацюрморты Дзмітрыя Сурыновіча, Аляксандра Дзямідава, Дзмітрыя Мшара, Сямёна Дамарада, Сяргея Пыжыкава, Уладзіміра Сытчанкі. Браты Іван і Юрый Козел, як заўсёды, прадставілі свае высокапрафесійныя нацюрморты.

Многія нашы мастачкі праводзяць лета на лецішчы. Тут нараджаюцца кампазіцыі з букетамі кветак, з дачным антуражам, з пладамі, вырашчанымі імі ж з маленькага семечка, якія прайшлі ўвесь цыкл ператварэнняў у восеньскае хараство. Сёлета — у працах Кацярыны Сялюта, Элеаноры Бубашкінай, Наталлі Лебедзевай, Алены Сесліковай, Вікторыі Віткоўскай, Фаіны Хамініч. Уражвае вялікая кампазіцыя Ларысы Зарубінай “Нацюрморт з касачамі”, насычаны колерам і рэчамі — рудыя касачы, грушы, раскрытая кніга з рэпрадукцыяй Мадзільяні, як каляровы і эмацыйны акцэнт на складаназлучаным фоне. Маладая мастачка Ірына Грыгарышына выставіла працу “Мальва” — свой аўтапартрэт з кацянём сярод квецені названай расліны. Наталля Рачкоўская ж нагадала, што ў 2011 годзе адбылася трагедыя — “Прысвячаецца ахвярам тэракта ў мінскім метро”. Гэта памінальныя кветкі…

Фотамастакі Алена Адамчык, Ірэна Гудзіеўская і Анатоль Дрыбас выставілі свае здымкі, што гарманічна злучыліся з сотняй прац беларускіх мастакоў. Таксама ў праекце ўзялі ўдзел фларысты-дызайнеры клуба “Прырода і фантазія” Таццяна Паўлава, Екацярына Новікава, якія прадставілі каля трыццаці дэкаратыўных кампазіцый.

Таццяна МАЛЫШАВА, член Беларускага саюза мастакоў