“Ілюзіі”: свет абнуляецца

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Тэатр — дзіўная з’ява. Беларускі тэатр — тым больш. У той час, як на вялікіх сцэнах класічныя п’есы набываюць новыя трактоўкі, сучасны, жывы тэатр апынаецца недзе побач, але на зусім нетэатральных пляцоўках. Спектаклі часам не маюць нават сталай сцэны, хаця і прымаюць удзел у міжнародных фестывалях. Напрыклад, “Білінгвы” Андрэя Саўчанкі ў сакавіку паказаны на культавай “Залатой масцы” ў Маскве, “По имени Господин” Наталлі Ляванавай — на Міжнародным тэатральным фестывалі М.@rt.кантакт-2015, “Patris” Сяргея Анцалевіча (удзельнік фэсту “ТэАрт-2014”), у якім вымалёўваецца вобраз сучаснай Беларусі, паказваецца раз-пораз на сцэне Новага драматычнага тэатра. З “Ілюзіямі” Таццяны Траяновіч тая ж гісторыя. Прэм’ера спектакля Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры адбылася на пляцоўцы Цэнтра сучасных мастацтваў 19 сакавіка. Там жа яе можна будзе пабачыць і ў красавіку, але лёс пастаноўкі нявызначаны.

/i/content/pi/cult/526/11384/8-1.jpg

Усё геніяльнае сапраўды вельмі простае. Іван Вырыпаеў напісаў п’есу, якую не хочацца ні інтэрпрэтаваць, ні нагружаць псіхалогіяй. Самае простае і адначасова складанае для акцёраў — выйсці і распавесці гледачам гісторыю, гледзячы ў вочы. Менавіта гэта і адбываецца ў спектаклі “Ілюзіі”. Рэжысер Таццяна Траяновіч свядома робіць акцэнт на акцёрах. У невялікім кабінеце ЦСМ няма звыклай сцэны і грувасткіх дэкарацый. Сцяна з пластыкам для малявання, графін з вадой і шклянкамі, відэапраекцыя. Акцёры аказваюцца твар да твару з гледачамі.

Таццяна Траяновіч як рэжысер зрабіла вельмі простую і, думаецца, правільную рэч: на галоўнае месца паставіла не меладраматычную гісторыю, а метад камунікацыі з гледачом. Каштоўнасць “Ілюзій” у магчымасці выйсці да некалькіх дзясяткаў чалавек і распавесці пра ілюзорную сутнасць жыцця. У адным інтэрв’ю Іван Вырыпаеў сказаў, што “ключавая мэта мастацтва — адказ на ўнутраныя пытанні не проста інтэлектуальна, а менавіта пачуццёва”. У сучасным рацыянальна-канцэптуальным свеце такая мэта здаецца вельмі патрэбнай, і “Ілюзіі” ёй цалкам адпавядаюць.

Складаюцца яны з невялікіх апавяданняў-маналогаў, кожны з якіх ставіць пад сумнеў змест папярэдняга. П’еса вядомага расійскага драматурга аказваецца куфэркам фокусніка, адкуль з’яўляюцца новыя фрагменты жыцця герояў. Менавіта фрагменты: тут няма лагічна пабудаванай канструкцыі, але ёсць гульня памяці. Адзін пазл уваходзіць у іншы, каб скласці карціну жыцця. Вядома толькі адно: усё скончыцца смерцю. А вось гэты адрэзак ад нараджэння да смерці суправаджаецца каханнем, болем, дзівацтвамі, здрадай, радасцю і, вядома ж, ілюзіямі.

Нельга назваць гэтыя гісторыі маналогамі: яны балансуюць на мяжы маналогу і яго прэзентацыі, гаварэння. “Ён паспеў ёй сказаць усё, што хацеў. Сандра, я хачу табе падзякаваць”. Аповед пра падзею, а не сама гаворка робіцца сутнасцю кампазіцыі і дае акцёрам магчымасць адасобіцца і, разам з тым, прыўнесці ўласную інтанацыю. Станіслаў Савосцін, Марына Дзянісава, Алеся Пухавая, Антон Макуха — шчыра і кранальна, са слязамі і гумарам, пад жывую гітарную музыку (кампазітар Арцём Давідовіч) распавядаюць пра жыццё і смерць дзвюх сямейных пар. Іх адносіны так перапляліся, што акцёры цягам спектакля малююць схемы са стрэлачкамі, каб патлумачыць, хто каго кахаў і хто каго хацеў. І калі з фактамі біяграфіі герояў разабрацца не так складана, дык сфера пачуццяў аказваецца зусім эфемернай і зменлівай. За акцёрамі няма выразна замацаваных персанажаў, ролі тут не размеркаваны да канца, каб не трапіць у спакусу па звычцы ўвайсці ў вобраз і схавацца за ім. Сутнасць і рызыка палягаюць у тым, каб выйсці на кантакт з залай.

У першым маналогу Марына Дзянісава апавядае мужчынскую гісторыю. Дэні перад смерцю прызнаецца сваёй жонцы ў каханні, дзякуе за шчаслівыя гады сумеснага жыцця і за тое, што менавіта з ёй, Сандрай, ён зразумеў, што “каханне — гэта адказнасць і падзяка”. Ен памірае ў ілюзорным шчасці, бо ўжо ў наступным маналогу Алесі Пухавой мы даведаемся, што Сандра ўсё жыццё кахала лепшага сябра свайго мужа Альберта. Сюжэт робіцца зусім меладраматычным, але тут жа разбаўляецца гратэскам. Антон Макуха дадае дзіўныя факты біяграфіі герояў. Нешта накшталт таго, што ў гераіні быў рак грудзей, а муж і жонка сталі… братам і сястрой, але тут жа абвяшчае: гэта быў жарт. Кожны новы персанаж прыўносіць зусім іншыя інтанацыі і сюжэты. Акцёры робяць дзіўную рэч: гавораць проста пра складанае, весела пра страшнае, зачаравана пра простае. Рэфрэнам жа гучыць думка: сапраўднае каханне можа быць толькі ўзаемным. Сюжэт яшчэ не раз перавернецца праз галаву, паказваючы, што чалавечыя ўзаемаадносіны — выключна ілюзіі ў нашай свядомасці. Героі не саромеюцца прадэманстраваць якія-небудзь дзівацтвы: адзін бачыць іншапланетныя талеркі ў небе, другая ў хвіліны роспачы хаваецца ў шафе для адзення.

Героі імкнуцца адшукаць цвёрды грунт, зразумець, як функцыянуе свет, а ён усё выслізгвае ад пэўных вызначэнняў. Наколькі выразна акцёры перадаюць гэтае тонкае адчуванне жыцця як хрупкай і эфемернай рэчы. Можна пражыць з чалавекам паўстагоддзя, і ў 84 гады заявіць жонцы, што кахаеш іншую. Можна апамятацца, бегчы дамоў з жаданнем сказаць “Я зразумеў, толькі цябе я кахаў усё жыцце” і знайсці жонку ў пятлі, а на стале запіску: “Я больш не разумею, як тут, у свеце, усё функцыянуе. Павінна ж быць хоць нейкае пастаянства у гэтым зменлівым космасе?...”

Свет нібыта страчвае свае межы і арыенціры, але, разам з тым, ён робіцца... мяккім. “Я заўседы думаў, што свет цвёрды, а ён мяккі”, — кажа адзін з герояў. Мяккасць свету і яго гарманічнасць — тое, што пранізвае эмацыйную пастаноўку ад пачатку да канца. У гэтай гаворцы аб простых рэчах — каханні, сяброўстве, здрадзе — раскрываецца сутнасць свету, дзе ўсё адносна.

Напрыканцы спектакля на відэа (яго рабіла Алеся Давідовіч) з’яўляюцца намаляванныя акцёрамі пад час спектакля схемы ўзаемаадносін персанажаў, жартоўныя карцінкі — усё мільгаціць і распадаецца на дробныя кавалкі, атамы. Свет абнуляецца, каб нарадзіцца наноў і ўваскрасіць галоўныя каштоўнасці: спагаду, дабрыню, літасць і каханне.

Крысціна СМОЛЬСКАЯ, тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства