Навошта творчы вечар лідару гурта?

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Уладзімір ПУГАЧ, лідар гурта “J:морс”
Аматары нашай музыкі ведаюць, што гурт “J:морс” дазваляе сабе часам праводзіць не проста канцэрты, а выступленні, выбудаваныя драматургічна, калі для нас асабліва важны фідбэк, калі паміж публікай і музыкантамі ўстанаўліваецца больш цесны кантакт.

/i/content/pi/cult/526/11383/13-22.jpgУ апошнія гады я стараюся ў дзень свайго нараджэння прыдумляць нейкае незвычайнае свята для сябе і блізкіх мне людзей. Сёлета такім стане мой сольны выступ у адным з мінскіх кафэ 18 красавіка. Публічных “сольнікаў” ў маёй творчай біяграфіі яшчэ не было: усё абмяжоўвалася нейкімі звычайнымі вечарынамі ў сяброў або адпачынкам на прыродзе, калі спяваліся песні, прыгадваліся гісторыі з артыстычнага жыцця. А некалькі гадоў таму здарылася нешта кшталту кватэрніка, але і ён прадстаўляў сабой, хутчэй, бясплатны канцэрт для досыць вузкага кола “сваіх”. Тады мяне падтрымалі музыканты гурта — Уладзімір Пазняк і Павел Трацьяк. У гэты раз, магчыма, хто-небудзь з музыкантаў — з цяперашняга складу ці ранейшага — таксама ўздымецца на сцэну мне дапамагчы, але пакуль усё плануецца менавіта як сольны акустычны выступ.

Была спакуса назваць яго па аналогіі з праектамі з мінулага “Творчы вечар Уладзіміра Пугача”, але потым я адмовіўся ад гэтага. Хоць будучы канцэрт я бачу ў чымсьці акурат такім: з дыялогам паміж артыстам і гледачамі, з адказамі і пытаннямі, можа быць, з экскурсамі ва ўласную біяграфію, з нейкімі байкамі, выпадкамі — вясёлымі і сумнымі — з жыцця. Як пойдзе, карацей.

Канешне, асноўнае месца будзе адведзена песням вядомым, некаторыя з іх паўстануць у тым выглядзе, як яны задумваліся першапачаткова, але затым моцна змяніліся ў рамках аранжыровак для выканання гуртом. Будуць, несумненна і тыя, якія я не спяваў гадоў з дзесяць, незнаёмыя шырокай публіцы, тыя, што так і не ўвайшлі ў рэпертуар “J:морс” з розных прычын — ці то стылістычна, ці то праз тое, што чакаюць свайго часу. Хачу сыграць і каверы песень, якія мне падабаюцца. “Beatles” і Высоцкага дакладна не будзе. Але чаму б не выканаць тое, што я з задавальненнем слухаў і спяваў для сябе годзе ў 2000-м (ды і зараз слухаю, спяваю)? Усіх імёнаў і назваў не агучу — хай для гледачоў захаваецца інтрыга, але прозвішча Макарэвіч назаву. (Дарэчы, на канцэрце такой малой формы самога Андрэя Вадзімавіча я быў некалькі гадоў таму.)

Чаго мне дакладна хочацца, дык гэта стварыць цёплую, сяброўскую, нават хатнюю атмасферу ў зале — атмасферу шчырасці, без дыстанцыі паміж мной і слухачамі, без гэтага пафаснага століка на сцэне і кубачка, у які мне перыядычна далівалі б кавы. Ёсць ідэя наогул сесці ў зале і спяваць адтуль. Пагляджу на месцы, наколькі апошняе прадставіцца магчымым і ці будзе зручным для наведвальнікаў. Гэта значыць, гледачам нейкія імправізацыі ад сябе я паабяцаць дакладна магу — падрыхтаваныя загадзя і тыя, што ўзнікнуць натуральным чынам.

Вельмі чакаю гэтага вечара, энергіі, эмоцый, усмешак, шчырых зносін, адкрытых асоб. Спадзяюся атрымаць масу станоўчых уражанняў ад яго, задавальнення. Паспрабую даць тое ж самае і ўсім тым, хто прыйдзе мяне паслухаць. Налета мне споўніцца сорак. Кажуць, што мужчыны гэтую дату — як ніяк, юбілейную — гучна не адзначаюць: маўляў, дрэнны знак, нядобрая прыкмета святкаваць яе шумна. Не ведаю, ці буду я адзначаць “саракет” нечым падобным, але што-небудзь, вядома, прыдумаю. Галоўнае, дажыць бы! А гэты сольнік на 39-годдзе хай стане рэпетыцыяй!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"