Фурор і маштаб: як дасягнуць?

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Андрэй НОВІКАЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра
Часам даводзіцца чуць, што любы фестываль пачынаецца з грошай. Але гэта надта спрошчаная формула. Насамрэч, усё пачынаецца з ідэі. А ўжо ад колькасці грошай залежыць, наколькі яна будзе рэалізавана: на дзевяноста працэнтаў, на восемдзясят, семдзясят…

/i/content/pi/cult/526/11382/13-2.jpgШто да сёлетняга — 10-га юбілейнага форуму “М.@rt.кантакт”, дык як арганізатар лічу, што на вылучаныя грошы мы зрабілі ўсё магчымае — па меншай меры, па суадносінах кошту і якасці. Але вельмі хочацца, каб надалей наш фестываль не толькі жыў, але і развіваўся. Бо апошнія гады ён, на маю самакрытычную думку, развівацца перастаў.

Што я маю на ўвазе? Нягледзячы на ўсе ўхваленні на яго адрас, хочацца вывесці яго на новы ўзровень. Гэта азначае не толькі палепшыць прыём замежных дэлегацый, забяспечыць ім увесь неабходны сэрвіс. Найперш гэта павелічэнне ліку спектакляў сусветнага ўзроўню. На фестывалі міжнароднага статусу, якім з’яўляецца “М.@rt.кантакт”, павінна быць больш спектакляў еўрапейскіх. Не проста прывезеных з тых ці іншых краін Еўропы, а такіх, якія ўжо зрабілі там фурор і рухаюць тэатр наперад. Толькі так, паказваючы лепшыя прыклады, можна зрушыць і нацыянальнае мастацтва, і нашу публіку, прывучаючы яе разумець самых “правакацыйных” творцаў. Толькі так можна дасягнуць міжнароднага не проста статусу, а яшчэ і маштабу.

Сёння, вядома, не самая лепшая эканамічная сітуацыя. Але гэта не значыць, што імкнуцца да вяршынь не трэба. Наадварот! Нікога нельга вінаваціць, а працаваць ды працаваць, нягледзячы на...

Даволі рэгулярна даводзіцца чуць, што фестываль становіцца не зусім маладзёжным. Але ж ці ёсць непераадольная мяжа паміж спектаклямі маладзёжнымі і не? Што такое ўвогуле маладзёжны спектакль? Затое існуе традыцыйны падзел на добрыя пастаноўкі — і "не зусім". Добры спектакль будзе ўспрыняты ўсімі, незалежна ад узросту. Да таго ж, мы і сапраўды робім стаўку на маладыя таленты, не баімся запрашаць іх нароўні з прызнанымі майстрамі — і для паказаў, і для крытычных абмеркаванняў. Упэўнены, сёлета нам таксама ўдалося захаваць і маладзёжную скіраванасць фестывалю, і яго канцэптуальнасць. У многіх спектаклях быў заўважны пошук новай (“маладзёжнай”, калі хочаце) тэатральнай мовы. Але ж нельга было не звярнуць увагу і на тое, што моладзь часам успрымала гэтыя пошукі з цяжкасцю, аддаючы перавагу ў сваіх ацэнках спектаклям... традыцыйным. Ці ж не парадокс? Гэта дадаткова сведчыць, як многа трэба прыкласці намаганняў, каб выхаваць падрыхтаванага да творчых эксперыментаў гледача. Такога, які не толькі глядзіць, але і адэкватна асэнсоўвае, разумеючы “правілы гульні”, прапанаваныя пастаноўшчыкамі.

Лічу, эксперыментальная частка фестывальнай праграмы, што разгортвалася ў невялікіх залах (у Абласным тэатры лялек і на Малой сцэне нашага тэатра), удалася. Тыя ж думкі чуў ад заўсёднікаў, гасцей. Вядома, хацелася б, магчыма, каб ледзь не ўвесь фестываль ператварыўся ў агульную эксперыментальную пляцоўку, складзеную з мноства камерных. Але такая мадэль не зможа пакуль сябе акупляць. Вялікую ж залу на адну моладзь таксама “прадаць” немагчыма. Таму шукаем варыянты, ідзем на некаторыя кампрамісы. І тое, што акупляльнасць фестывалю (падкрэслю, не эстраднага, а тэатральнага, ды яшчэ скіраванага на эксперымент) сёння ўзрасла да пяцідзесяці працэнтаў, — значная, насамрэч, заваёва. Але гнацца за лічбай, узнімаючы кошт квіткоў, — не той шлях, які патрэбны. Добра, што гэта разумеем не толькі мы, але і кіраўніцтва аблвыканкама, з боку якога мы бачым шчырую зацікаўленасць і падтрымку.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"