Ля дзедавага дома…

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, педагог
Вялікі Рэмбрант казаў: “Застанься дома! Цэлага жыцця не хопіць на спазнанне цудаў, якія тут тояцца…” Пра Фердынанда Рушчыца пісалі так: “Мастак верыў сам і хацеў прымусіць паверыць другіх, што гэты край — не Богам забытая правінцыя, а краіна са сваёй прыгажосцю і эстэтычным густам”…

/i/content/pi/cult/526/11381/13-1.jpgРаней я пісаў пра тых людзей, якія сваёй апантанасцю ды энтузіязмам не дазваляюць нам спускацца ў бяспамяцтва. “Развучыліся нашы людзі радавацца простым рэчам… Ці ж гэта галоўнае ў жыцці — нахапаць, больш урваць?” Так сказаў рэжысёр Мікола Трухан.

Не было б тых рухаў заклапочанасці на пачатку 1990-х з боку мастакоў Яўгеніі Ліс, Алеся Лася, Сяргея Верамейчыка, тагачаснага старшыні Смаргонскага райвыканкама Анатоля Янеца — і нічога б не засталося ад маёнтка Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі… Спарахнела б усё ці разрабавалі на будматэрыялы… Дзякуй Богу: колькі разоў у Залессі на ўгодкі Агінскага з’яджаліся людзі, цікаўныя да мінуўшчыны свайго краю. І дзеці заўсёды маладой тэатральнай студыі “Альшанка” паказвалі фрагменты са свайго музычнага спектакля.

Без той жа заклапочанасці з боку валожынскіх улад і асобных людзей не стварыўся б музей Фердынанда Рушчыца ў Багданаве, які збіраюцца ўрачыста адкрыць да 145-й гадавіны са дня нараджэння выбітнага беларускага мастака, педагога напрыканцы мая гэтага года ў час правядзення чарговага Рэгіянальнага дзіцячага плэнеру. Таму менавіта дзіцячыя выстаўкі, якія ладзяць па выніках тых плэнераў, водгукі ў прэсе — гэта наша з вамі, дарослыя, абавязковая заклапочанасць.

…Даўно, яшчэ ў 1991 годзе, я прапанаваў Уладыку Філарэту праводзіць у нас на Беларусі дзіцячыя плэнеры пад эгідай Праваслаўнай царквы, як такое рабілі ў Польшчы, на Беласточчыне. Групы дзяцей 12 — 14 год тыдзень — два жылі, сілкаваліся пры царкве, знаёміліся з мастацтвам аздаблення Храма, спрабавалі ствараць іконы, а галоўнае — пісалі краявіды той мясцовасці. Потым тыя выстаўкі дэманстравалі па ўсёй Польшчы. Шкада, што гэтая слушная ідэя ў нас не замацавалася…

Пасля маіх персанальных выставак у больш як дваццаці кропках краіны надышоў час Капыля. За шэсць кіламетраў ад гэтага горада захаваўся ў добрым стане дом майго дзеда Адольфа Іосіфавіча Квяткоўскага. Гэта вёска Дусаёўшчына. Галоўнае, што мясцовыя ўлады і падказалі ідэю, каб правесці дзіцячы плэнер менавіта ў Дусаёўшчыне, згадаўшы, што раней, у ХІХ стагоддзі, побач знаходзіўся панскі дом у незвычайным італьянскім стылі. І гэтае месца пан з Падгорскіх-Аколавых назваў Рым. Мая бабуля Гэля называла вёску Рымё — па-беларуску так меладычней і зручней…

Эпіграфам для раённага плэнеру, што адбудзецца 15 — 16 мая 2015 года абралі радкі з верша “Аколава” польскага мовазнаўцы, перакладчыка Леанарда Падгорскага:

…Калі мілей мне за Акропаль…

Цяпер узнеслы, чысты, белы

Касцёл на ўзгорку — родны Копыль.

З добрымі надзеямі планую плэнер са студэнтамі ў мястэчку Райца, што ў Карэліцкім раёне. Старажытны двухсотгадовы маёнтак паноў Раецкіх з двухсотгадовымі дрэвамі ў свой час выкупілі ў дзяржавы і з павагай да аўтэнтычнасці аднавілі народныя майстары Вера і Алесь Салдатавы… Побач Валеўка, трошкі далей возера Свіцязь — мясціны, якія натхнялі Адама Міцкевіча…

Так, час ад часу я вандрую па краіне. Увесну мінулага года за паўдня аб’ехалі са студэнтамі-архітэктарамі значную частку Ваўкавышчыны. Прыемна ўразіла, што ў Красках і Падароску старадаўнія маёнткі знайшлі сваіх гаспадароў, якія збіраюцца адрадзіць спадчыну…

Калісьці, у мінулым яшчэ стагоддзі, мы, навучэнцы студыі Сяргея Каткова, ездзілі з ім па ўсёй Беларусі. У мяне нават засталіся малюнкі з тых вандровак! Зараз колішні Рэспубліканскі палац піянераў, сёння — Нацыянальны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, мае, падаецца, больш значную фінансавую падтрымку ад Міністэрства адукацыі краіны. Дык вось, мяркую, гэты Цэнтр даўно мог ладзіць, акрамя дзіцячых плэнераў, і творчыя плэнеры мастакоў-педагогаў…

У паэта Анатоля Сыса ёсць такія словы: “Колькі б нас пасля Купалы не было…” Канцоўку радка можаце адшукаць самі. Усё гэта адбываецца і ў дзіцячай мастацкай педагогіцы ў маштабах краіны. Каму вучыць? Трэба неяк жыць на смешную зарплату. Саюз мастакоў душаць завоблачнымі падаткамі плюс арэнда за майстэрні — нібыта плошчы даюць камерсантам! Пра які, скажам, Музей дзіцячай творчасці марыць? Гэта яны, напрыклад, у Нарвегіі, могуць сабе дазволіць мець Каралеўскі музей дзіцячага выяўленчага мастацтва! Дарэчы, і ў ім ёсць творы беларускіх дзяцей, выкананыя калінкавіцкай гуашшу. Але гэта іншая гісторыя.

І яшчэ. Едзем па горадзе. Афішы пра выстаўкі катоў, сабак, вясельных сукенак, экзатычных малпаў… Таму што — кожнаму свая эстэтыка…

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог