Ці актуальна сучаснае?

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Днямі ў сталічным Цэнтры cучасных мастацтваў адбыўся “круглы стол” па пытаннях сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва. На сумоўе былі запрошаны мастакі, якія, як лічыцца, гэтае мастацтва ствараюць, а таксама журналісты і мастацтвазнаўцы, якія гэты працэс, нібыта, асвятляюць і асэнсоўваюць. А падставай для размовы стала выстаўка Валерыя Песіна.

Мастак родам з Беларусі. У 1980 — 1990-х ён меў сваю дзялянку на полі мясцовага нонканфармізму і адначасова тусаваўся з “андэграўндам” Масквы і Санкт-Петярбурга. Зараз ён у творчым сэнсе стала атабарыўся ў Маскве, але і ў мінскім ЦСМ Песін не чужы. Мне гэтая асоба імпануе сваёй упартасцю і ўчэпістасцю. Бо стаць запатрабаваным мастаком у Маскве, не маючы мастацкай адукацыі (Валерый Песін — самавук) — трэба ўмець! Прынамсі, можна казаць, што мастак мае свой стыль і почырк. На маю думку, у біяграфіі Валерыя Песіна ёсць рысы, якія робяць яго характэрным прадстаўніком такой няўцямнай і цяжка вытлумачальнай з’явы як “сучаснае актуальнае мастацтва”.

Што да пасяджэння, дык, па-першае, і тое мастацтва, і гэты творца выйшлі з нонканфармізму, а прыйшлі на рынак. Па-другое, для такога мастацтва і гэтага мастака геаграфічная прывязка — чыннік неістотны. Па-трэцяе, і з’ява і канкрэтная творчасць у дадзеным кантэксце скіраваны не на шырокую аўдыторыю, а на кола “дасведчаных” асоб. Да ўсяго, гэтым разам, як і на аналагічным “круглым стале” на падобную тэму у Нацыянальным мастацкім музеі (там нагодай стала выстаўка Марыі і Мікалая Ісаёнкаў), кожны гаварыў пра сваё, хоць, магчыма, і дбаў пра агульнае. Хтосьці крыўдаваў на адсутнасць цікавасці да сучаснага мастацтва з боку дзяржаўных інстытуцый, — Мінкультуры ў прыватнасці. Хтосьці бэсціў мастацкую крытыку, якой, нібыта, не хапае кампетэнтнасці пры асвятленні актуальных з’яў. Было пытанне, як калекцыянаваць-захоўваць інсталяцыі, перформансы, відэа-арт і іншыя “актуаліі”? І, бадай, галоўнае: ці можна гаварыць пра наяўнасць ў Беларусі сучаснага мастацтва пры адсутнасці альбо браку адпаведнага інструментарыя і тэхналогій?

Гэта гутарка нагадала мне эпізод з журналісцкай практыкі. Канструктар, які браў удзел у стварэнні “беларускага трактару ХХІ стагоддзя” распавядаў, што, калі высветлілася, колькі будзе каштаваць новая мадэль (істотна больш за існуючую), а попыт заставаўся пад пытаннем, праект закрылі. Было вырашана: “Паколькі існучая мадэль робіцца ў новым стагоддзі, значыць, ён і ёсць трактарам ХХІ стагоддзя” Пры некаторай абсурднасці тэзы, сэнсу яна не пазбаўлена. Калі рэч альбо твор са стагоддзя мінулага задзейнічаны ў сённяшнім кантэксце, дык, значыць, гэтыя рэч ці твор — сучасныя.

Бадай, адзінае меркаванне з тых, што прагучалі на гэтым “круглым стале”, з якім я цалкам згодны, — такое: каб быць цікавым свету, трэба мець нацыянальнае аблічча, быць сабою. Тут дарэчы была згадка пра тое, што ў гады перабудовы, калі савецкі “авангард” прабіў сабе дарогу ў свет і сарваў нямала апладысментаў у культурных цэнтрах Еўропы, аўтарытэтны швейцарскі галерэйшчык адмовіўся выстаўляць гэта мастацтва, заявіўшы, што яно не сапраўднае, што гэта падробка пад заходні стыль, які рускаму (у шырокім сэнсе) мастаку чужы. Можа, і надта катэгарычна (зрэшты, заходняе мастацтва грунтуецца на Малевічы і Шагале), але, прынамсі, шчыра…

Для мяне сучаснае і актуальнае тое мастацтва, якое прымушае забываць пра ўласныя праблемы. Памятаю, як у юнацтве я балюча перажываў крыўду, і ў гэты момант пачуў па радыё, што нехта разбіў малатком аблічча Марыі-панны са славутай “П’еты” Мікельанджала ў Ватыкане. У параўнанні з гэтай трагедыяй мая дробная бяда падалася мне не вартай ўвагі. Не думаю, што я так перажываў бы за лёс твораў шмат якіх знаёмых мне “авангардыстаў”… Так што, ці актуальна сучаснае, кожны вырашае сам.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"