"Маленькі Версаль" чакае верасня

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Да Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне завершыцца рэстаўрацыя палаца Друцкіх-Любецкіх — двайніка палаца Малы Трыанон у французскім Версалі, помніка архітэктуры пераходнага ад барока да класіцызму перыяду. Рэстаўрацыя з-за недахопу фінансавання расцягнулася на дзесяць гадоў (найперш былі адрэстаўраваны фасады будынка, перакрыты дах). Цяпер жа тут штодзень працуюць да сямідзесяці рабочых-аддзелачнікаў Шчучынскай МПМК-167 і дзесяць рэстаўратараў ААТ “Белрэстаўрацыя”.

/i/content/pi/cult/526/11377/3-3.jpg

Паралельна з тынкоўкай, шпатлёўкай, афарбоўкай залаў ідуць працы ў сутарэннях, рэстаўруюцца дзверы, будуюцца дванаццаць ганкаў. Рэстаўратары “чаруюць” над складанымі ляпнінай, столевымі карнізамі, разеткамі пад люстры. Здымаюць злепкі, каб вырабіць столевыя карнізы там, дзе іх практычна не засталося. А наперадзе — вялікае добраўпарадкаванне тэрыторыі плошчай каля 4000 квадратных метраў.

На завяршэнне работ па рэканструкцыі помніка архітэктуры XVIII стагоддзя з мясцовага бюджэту выдаткавана 13 мільярдаў рублёў, а неабходна, папярэдне, 22 мільярды. Паспяхова ўвесці аб’ект можна будзе пры ўмове своечасовага фінансавання падрадных работ.

/i/content/pi/cult/526/11377/3-4.jpg

Пакуль жа плануецца, што палац расчыніць свае дзверы ў Дзень беларускага пісьменства. А потым “Маленькі Версаль” стане пляцоўкай Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Раённага гістарычнага музея, а таксама канферэнц-залай для дзелавых і культурных імпрэз.

Нагадаю, што Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне быў узведзены ў 1900 годзе віленскім архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім. Князь Ксаверый Друцкі-Любецкі быў накіраваны Расійскай імперыяй Паслом у Францыю, а вярнуўшыся, стварыў “маленькі Версаль” проста ў Шчучыне. Князі валодалі палацам да 1939 года. У савецкія часы там размяшчаўся Дом афіцэраў.

Ала БІБІКАВА

Шчучын

Фота аўтара