“Навошта, кажаце, яны патрэбны?” Дубль тры

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Зразумейце вы ўрэшце...
Прачытала артыкул “Навошта, кажаце, яны патрэбны?” (“К” №№ 9 — 10) і нават мову адняло хвілін на пятнаццаць. Годныя адказы калег, але каму? Ці задумаюцца хоць на хвіліну пад тымі адказамі аўтары “эксклюзіўных каментаў”? Пасля доўгіх разваг прыйшла да высновы, што нават калі і задумаюцца, то ўсё роўна не “дадумаюцца”. Мне ж таксама захацелася паразважаць на злабадзённую, як аказалася, тэму, адштурхоўваючыся ад канкрэтных цытат невядомых апанентаў.

“Мылі б падлогу — атрымлівалі б у два разы больш”

Калі бібліятэкар з вышэйшай адукацыяй, які здольны граматна кіраваць інфармацыйнымі масівамі, навучыць карыстацца імі іншых, пойдзе ў прыбіральшчыцы, то, выбачайце, гэта будзе абразай усёй краіны. Хто ж стане фарміраваць інтэлектуальны капітал нацыі?

А калі вы, шаноўныя, думаеце, што ў бібліятэцы працаваць могуць “жук ды жаба”, дык трэба аргументаваць! Упэўнена, аўтар згаданага “камента” пасля азнаямлення з табліцамі УДК і ББК схопіцца за галаву, а калі яму даць заданне прысвоіць індэкс альбо зрабіць бібліяграфічнае апісанне дакумента, то шукаць яго будзем “днём з агнём”.

“З развіццём Інтэрнэту бібліятэкі асабліва і не патрэбны”

З развіццём Інтэрнэту толькі бібліятэкі выратуюць чалавецтва! Інтэрнэт — геніяльнае вынаходніцтва, ён з’яўляецца незамяняльнай транспартнай магістраллю, але трэба памятаць, што ён таксама з’яўляецца прычынай тэхнакратызацыі і “гуглізацыі” мыслення. Трэба вучыцца фільтраваць рэсурсы і давяраць толькі правераным крыніцам. Дарэчы, бібліятэкі ў Сеціве добра асвойваюцца: буйныя — хутчэй, але і невялікія таксама робяць дзейсныя крокі. 99% інтэрнэт-кантэнту набыта на капірайтарскіх біржах, і прадаюць яго там не толькі “жук ды жаба”.

Усім вядома, каб на біржы ўладкавацца і зарабіць грошы, трэба прайсці рэгістрацыю, займець электронны кашалёк, нядрэнна пісаць (альбо перарабляць чужое “мыла”), а самае галоўнае, “падагнаць” у праграме антыплагіяту ўнікальнасць тэксту да 95%. Вось тут, сапраўды, кожны “дасць жару” пры невялікіх намаганнях і па медыцыне, і па псіхалогіі і г. д. Калі сёння непатрэбна бібліятэка з кнігамі і іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі, дык заўтра вам стане непатрэбным доктар, бо ёсць знахаркі ды матэрыялы з Сеціва, напісаныя ліфцёрам альбо токарам. Не спатрэбіцца і настаўнік!.. Дый навошта ў грамадстве спецыялісты розных галін дзейнасці, калі ўсё можна знайсці ў Сеціве? А на “сеціўнага майстра” не трэба вучыцца ў ВНУ, пісаць дыплом, абараняць дысертацыю: туды ўсіх бяруць, там безбар’ерны асяродак для ўсіх “гора-вучоных”...

Зразумейце вы ўрэшце: бібліятэка — скарбніца інтэлектуальнай памяці чалавецтва, і патрэбна будзе ў грамадстве заўсёды. Так, зараз ідзе актыўная рэарганізацыя бібліятэчнай дзейнасці. Нават калі ўявіць, што бібліятэкі стануць цалкам тэхнагеннымі і ўсё можна будзе атрымаць праз Інтэрнэт, то бібліятэкараў спатрэбіцца яшчэ больш, бо значна павялічыцца спектр апрацоўкі інфармацыйных масіваў. І такому спецыялісту трэба будзе плаціць больш, чым тром прыбіральшчыцам! У Сеціве даступны міжнародныя базы даных у поўным аб’ёме пасля таго, як вы за іх заплацілі. Гэта зручна тым, у каго ёсць грошы. Большай частцы грамадства падабаецца карыстацца гэтымі рэсурсамі бясплатна: у бібліятэцы — стацыянарна альбо ў віртуальнай чытальнай зале. За карыстальнікаў бібліятэк грошы плаціць дзяржава. Напрыклад, нашы вучоныя эканомяць сродкі, а ў кагосьці можа іх і не стае, каб выехаць за мяжу па дакумент. Якасны ж рэсурс у Сеціве ніхто дарма не дае: на вас зарабляюць грошы прадаўцы. А бібліятэка і бібліятэкары працуюць на вашу карысць бясплатна. І падобных аргументаў на карысць бібліятэк значна больш, чым негатыву.

“Калі ёсць электронныя кнігі, навошта ўвогуле патрэбны бібліятэкі?”

У бібліятэках таксама ёсць электронныя кнігі. А яшчэ шмат цікавых друкаваных кніжак, якія можна зрабіць электроннымі. Такіх вы ў Інтэрнэт-прасторы на небібліятэчным рэсурсе не знойдзеце. А яшчэ існуе “Закон аб аўтарскім праве і сумежных правах”, у адпаведнасці з якім без згоды аўтара кніжку нельга рабіць электроннай і даступнай для ўсіх. У бясплатнай электроннай кнігі да чытача — доўгі шлях, і найбліжэйшы — праз бібліятэку. Брава электроннай кнізе! Але не спяшайцеся традыцыйную адмаўляць, каб не давялося праз пару стагоддзяў чакаць “новых першадрукароў”.

“На жаль, у бібліятэк няма будучыні, а прыбіральшчыцы будуць патрэбны заўсёды”

Такой бязглуздзіцы яшчэ не сустракала. Хацелася б пабачыць асобу, якая лічыць, што працу прыбіральшчыцы нельга замяніць тэхнікай. А вось бібліятэчныя працэсы без бібліятэкара... У такое не паверу.

“Прыбіральшчыцы — працуюць, а супрацоўнікі бібліятэк праседжваюць штаны”

Праца прыбіральшчыцы ўвасоблена ў руху. Вынікам “праседжвання штаноў” з’яўляюцца бібліяграфічныя паказальнікі, каталагізацыя і сістэматызацыя дакументаў і шмат іншых працэсаў, зразумелых прафесіяналу і невядомых для шараговага карыстальніка. Дык што ж, па-вашаму, мае бясспрэчна больш істотны сацыяльна значны эфект?

З аднага боку, на каменты не варта звяртаць увагі, а з іншага, такое стаўленне да бібліятэказнаўства, няхай і ў невялікай колькасці насельніцтва, — сімптаматычнае. Гэта — паказчык зніжэння інтэлектуальнага ўзроўню, доказ абыякавасці да якасці напаўнення інфармацыйных крыніц, неразуменне значэння кнігі як у жыцці асобнага чалавека, так і чалавецтва ў цэлым. Шкада...

“Праз смугу стагоддзяў” да нас прыйшла кніга — друкаваная. І наша задача стаяць на варце інтарэсаў Яе Вялікасці кнігі і пабудаваных ў яе гонар храмаў-бібліятэк...

Вольга ПАЛУНЧАНКА, бібліятэкар

 

Калі выстойваюць лясы?

У дзяцінстве я марыў стаць бібліятэкарам. Мне здавалася, што лепшай прафесіі ў свеце няма: увесь рабочы дзень у засяроджанай цішыні чытальнай залы з вобразамі, якія з кніжных старонак паўстаюць так заманліва і прыгожа…

Ад полацкай ускраіны да дзіцячай бібліятэкі ў так званым Доміку Пятра Першага, шлях не такі і блізкі: калі пехатой, дык з паўгадзіны трэба было тэпаць. Чытаць мяне бацька навучыў, яшчэ калі мне было пяць гадоў, а праз год я ўрэшце наважыўся ісці запісвацца ў бібліятэку. Для смеласці запрасіў сваіх дружбакоў-суседзяў Васіля і Мішку, якія чытаць пакуль яшчэ не ўмелі, але ісці са мной не адмовіліся, бо я ім абяцаў, што буду чытаць для іх услых.

Пра той першы паход я ўжо напісаў аднойчы ў апавяданні. Дадам толькі, што давялося даказваць сваё ўменне чытаць. І пасля пэўных ваганняў двюх цётачак-бібліятэкараў я, дашкольнік, стаў паўнапраўным чытачом полацкай Гарадской дзіцячай бібліятэкі імя Льва Талстога. І хоць разумеў, сталеючы, што праца бібліятэкара не такая ўжо салодкая, цішыню чытальнай залы, шоргат кніжных старонак любіў не менш, а нават больш, чым у дзяцінстве. І пасля рабочай змены на заводзе шкловалакна, дзе я працаваў, не паступіўшы ў ВНУ з першага разу, не было лепшага адхлання, як пасядзець у чытальнай зале ўжо дарослай гарадской бібліятэкі, гартаючы свежыя часопісы. Менавіта ў гэтай чытальнай зале я ўпершыню прачытаў часопісны варыянт Караткевічавай “Чазеніі”. І не выйшаў з бібліятэкі, пакуль не дачытаў да канца.

Цяпер зрабілася нейкай своесаблівай модай казаць, што ў бібліятэках няма патрэбы, што і кнігі можна чытаць з Інтэрнэту, што нават кішэнны планшэт можа захаваць у сваіх сховах літаратуры больш, чым фонд сярэдняй бібліятэкі. Я і сам часам карыстаюся інтэрнэт-бібліятэкай, калі трэба хутка адшукаць якую-небудзь цытату, а ў чытальную залу бегчы па яе часу бракуе. Але цяжка ўяўляю асалоду, роўную таму, калі разгонеш кнігу, удыхнеш водар друкаваных літар, калі пагартаеш старонкі з выдатнымі ілюстрацыямі. Гэта як замест натуральнага і свежага ўжываць штучнае, хоць і прыгожае на выгляд. А хто заменіць гэтага вернага сябра і прапагандыста кнігі — бібліятэкара?

Я не буду вяртацца да інтэрнэт-дыскусій і зняваг там на адрас людзей цудоўнай прафесіі. Узгадаю хіба такіх верных і адданых сяброў нашай літаратуры, як Людміла Несцяровіч. Колькі з ёй было паходаў і паездак да чытачоў, колькі нашых пісьменнікаў адчулі яе спагаду і падтрымку! А калектывы сталічных бібліятэк імя Францішка Багушэвіча, імя Янкі Купалы, бібліятэкі № 7 у Серабранцы, бібліятэкі БДУ… Я не стану пералічваць далей, бо баюся, гэта зойме шмат месца. Скажу сваю думку, што нашы айчынныя бібліятэкары даказалі: для іх беларуская літаратура — па-ранейшаму любімая і патрэбная, і пісьменнік — жаданы, дарагі госць. Безумоўна, час патрабуе ад людзей гэтай прафесіі пошуку нейкіх новых падыходаў, форм працы, сумяшчэння дасягненняў ІТ-сферы і традыцыйных мерапрыемстваў. Галоўнае, каб іх прыклад адданасці кнізе, любові да літаратуры натхняў маладых чытачоў.

Мы ўсе звінаваціліся перад людзьмі гэтай прафесіі, якія зусім нячаста з’яўляюцца на тэлевізійных экранах, пра іх тыя ж журналісты і пісьменнікі таксама даволі рэдка згадваюць на старонках сваіх твораў. Ды і… Усе мы ведаем іх матэрыяльнае становішча, іх умовы працы… Але я хачу згадаць, што менавіта дзякуючы бібліятэкарам сусветная культура захавала столькі каштоўнага і неацэннага, што іх высакароднае асветніцтва цанілі і ўслаўлялі ва ўсе стагоддзі… І калі падрасце мой маленькі ўнук (так мне марыцца) я, як некалі і яго бацьку, прывяду ў светлы і чысты храм кнігі — у біблітэку, бо, як сказаў некалі наш цудоўны паэт Алесь Разанаў, “калі выстойваюць падлескі, тады выстойваюць лясы...”

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё