А калі — Год культуры...

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

На выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны агучана ідэя абвяшчэння 2016-га Годам культуры. Мы вырашылі ўнесці ў скарбонку прапаноў да гэтай ініцыятывы і свае развагі, якія друкуем цягам некалькіх нумароў. Запрашаем падзяліцца меркаваннямі і чытачоў!

/i/content/pi/cult/526/11373/122-1.jpgШукаем скарбы разам!

У Год культуры так і хочацца “замовіць” штосьці незвычайнае, самае-самае. Да прыкладу, нейкі суперкруты конкурс ці фестываль, складзены адно з шэдэўраў сусветнага маштабу. Але каб Гран-пры і большасць іншых прызоў справядліва (менавіта справядліва, а не з-за “ветлівасці” міжнароднага журы) атрымалі беларусы.

Што ж, марыць ніхто не забараняе. Але як тыя мроі ўвасобіць? Ці хаця б наблізіць іх увасабленне? Спусціўшыся з нябёсаў на зямлю, прызнаем відавочнае: пачынаць трэба не з завоблачных “пражэктаў”, а з... сябе самога. З пракладання сваёй уласнай сцяжынкі да культурных вяршынь ці хаця б усяго таго, што завецца культурай у самым шырокім сэнсе слова. А яшчэ — з асэнсавання ўсяго, што зроблена папярэднікамі. Бо мы далёка не першыя, хто пра ўсё гэта дбае!

Перайшоўшы ад філасофстваванняў да практыкі, я аб’явіла б усеагульную акцыю пад “кодавай” назвай “Скарбы культуры маёй краіны”. У яе межах можа быць безліч самых разнастайных праектаў! Да прыкладу, школьныя сачыненні на заяўленую тэму — пра тую “маленькую” культурную спадчыну, што ёсць у кожным горадзе, мястэчку, вёсачцы і нават сям’і. Гэта можа быць нейкі мясцовы талент — мінулага ці сучаснага, нават проста вышыванка, зробленая прабабуляй. Усё што заўгодна! Але абавязкова штосьці “блізкае і роднае”, а не “далёкае” і таму халоднае. Гэта і складае агульны духоўны здабытак ўсёй краіны.

Асэнсаванне таго, што ўнёсак у культуру робіць кожны з нас, а не толькі сусветна вядомыя творцы, з цягам часу прывядзе і да іншага, больш клапатлівага стаўлення да яе. Ад разумення простых чалавечых ісцін (не лузгаць семкі на падлогу, не рабіць з прыроды сметнік) — да патрэбы спасцігнуць штосьці новае, дакрануўшыся ўсёй душой, не толькі “целам” (маўляў, Вася тут таксама быў), да музыкі, тэатра, жывапісу, помнікаў архітэктуры, да літаратуры і паэзіі. Бо справа ж не адно ў тым, што культура пачынаецца з нас саміх! Справа і ў тым, што кожны з нас як асоба, а не як нейкая “фізіялагічная істота”, пачынаецца з... культуры.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"