Крэатыўны сектар: час для практыкі

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Інвестыцыі ў культуру: рэаліі і перспектывы
...У сучасным грамадстве выдаткі на сацыяльную сферу, у тым ліку і на культуру, усё часцей разглядаюцца як інвестыцыйныя, паколькі фармуюць і развіваюць чалавечы патэнцыял ды ўмацоўваюць сацыяльны капітал. Апошнія, у сваю чаргу, з’яўляюцца фактарамі эканамічнага росту. Праз тое сфера культуры становіцца важным аб’ектам інвеставання. Пра гэта і вядзецца гаворка ў артыкуле “Крэатыўны сектар: час для практыкі”.

Пачатак артыкула Алены Рыбчынскай чытайце ў “К” №№ 51 — 52 за 2014 год і ў № 5 за 2015 год.

/i/content/pi/cult/526/11369/5-6.jpgПравілы гульні і прычыны памылак

Для эфектыўнай рэалізацыі праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства неабходна існаванне зразумелых “правілаў гульні”: гэта значыць, заканадаўчага рэгулявання дзяржаўна-прыватнага партнёрства і стварэнне сістэмы ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і бізнесам. У большасці краін падобнае ўзаемадзеянне забяспечваюць менавіта дзяржаўныя органы. Як сведчыць міжнародны досвед, большасць няўдач у рэалізацыі праектаў такога кшталту партнёрства звязана з памылкамі ў структураванні праекта. Неабходна стварэнне дакладнай структуры ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі і прыватнымі структурамі, кансультатыўная дапамога спецыялізаванага органа, кампетэнтнага ў пытаннях партнёрства менавіта ў сферы культуры.

Для прыцягнення інвестыцый варта, мяркую, аб’екты, якія не карыстаюцца попытам на аўкцыёнах, перадаць мастакам, калекцыянерам, уладальнікам галерэй. Прычым, мясцовым уладам варта прапаноўваць іх на льготных умовах, прынамсі — на пачатковым этапе. А за творцамі застаецца разгарнуць актыўную піяр-кампанію з мэтай прасоўваць культурны прадукт. Да ўсяго, падобныя захады паспрыяюць больш шырокаму скарыстанню адпаведных заканадаўчых актаў, паколькі эфектыўнасць апошніх будзе даведзена на канкрэтных прыкладах.

Інвеставанне ў культуру — гэта ўкладанні ў будучыню, у развіццё краіны, а значыць — і падтрымка маладзёжнай ініцыятывы. Таму варта звярнуць яшчэ больш пільную ўвагу на стварэнне ўмоў для рэалізацыі творчых праектаў тых прадстаўнікоў таленавітай моладзі, хто яшчэ да атрымання дыплома неаднаразова паспеў засведчыць сваю прафесійную рэпутацыю на міжнародных конкурсах і мерапрыемствах. І было б цудоўна, каб гэта моладзь мела гарантаванае месца працы менавіта ў кірунку распачатых ініцыятыў. Не сакрэт, што сёння маюцца відавочныя праблемы працаўладкавання маладых спецыялістаў з улікам менавіта такога нюанса. А рэалізацыя ўласных праектаў заўсёды спалучана з наяўнасцю стартавага капіталу і матэрыяльнай базы, асабліва ў такіх кірунках, як харэаграфія, стварэнне музычных калектываў. Дык чаму б не прадугледзець ва ўстановах культуры (у тым ліку, ва ўстановах адукацыі нашай сферы) фарміраванне рэзервовага капіталу для ўкаранення маладзёжных праектаў з умовай таго, каб хаця б некаторы перыяд (прынамсі, да двух гадоў) не абкладаць гэтыя сродкі падаткамі, даючы як бы “падатковыя канікулы”.

У якасці заключэння

Прыцягненне прыватных інвестыцый у сферу культуры — цалкам рэальнае, і, на шчасце, працэс ужо запушчаны. Бізнес як прадукт “цывілізацыі культуры” жывіцца імкненнем да росквіту, умацавання і сцвярджэння. Да ўсяго, менавіта гэты працэс даў прадпрымальніцкай дзейнасці рысы прагрэсіўнай з’явы — адукаванасць, крэатыўнасць, культурнасць, нарэшце. А эканоміка і, адпаведна, бізнес становяцца тым, чаму культура надае свой вобраз. Найбольш выразна апошняе праяўляецца ў патрэбе культурнага пераўтварэння эканомікі.

Сусветная практыка сведчыць: адной з важных умоў паспяховай рэалізацыі дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў любой галіне з’яўляецца наяўнасць канкурэнцыі праектаў, суперніцтва прыватных і дзяржаўных кампаній за атрыманне кантрактаў на прадастаўленне насельніцтву сацыяльна значных паслуг. Аднак у Беларусі ў цяперашні час адсутнічае развіты рынак праектаў і вельмі вузкае кола недзяржаўных кампаній, якія аказваюць насельніцтву паслугі культурнага характару і тым больш імкнуцца заключыць падобныя кантракты. Аднак у якасці станоўчага прыкладу можна паказаць вопыт правядзення мастацкага пленэру “Жалудок здзяйсняе мары”ў пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна, дзе намаганнямі бізнесу і мясцовых улад былі ажыццёўлены планы па стварэнні ўнікальнага парку з выкарыстаннем мясцовага каларыту — каменных валуноў. У выніку, дзейнічае парк са скульптурамі, выразанымі ў камені вядомымі айчыннымі скульптарамі, адкрыта мастацкая школа і рамесніцкія майстэрні па вытворчасці ўнікальных сувеніраў, заснаваны турыстычны маршрут.

Нельга казаць, што інвестары арыентуюцца толькі на культурны кантэнт. Інвестары — не рамантыкі. Неабходны ўзаемны давер бізнесу і дзяржавы, патрэбна дакладнае фармуляванне мэт і задач пры ўзаемадзеянні для рэалізацыі культурных праектаў. Праз тое і будзе магчымым інвеставаць на маштабным узроўні, каб культура прыўносіла ў гарады і вёскі новае, дапамагала эканамічнаму росту. Аднак паспяховае развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства немагчыма ажыццявіць у рамках асобнай галіны, паколькі фарміраванне нарматыўна-прававой базы, якая забяспечвае сістэму рэгулявання гэтага віду дзейнасці ў маштабах краіны, закране і іншыя сферы. Прычым, прыняцце адзінкавых заканадаўчых актаў не з’яўляецца трывалай асновай для ўкаранення механізму ўзаемадзеяння прыватных інвестараў з органамі дзяржаўнага кіравання на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: