Энергетыка маладых

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Трыа артыстаў-коласаўцаў новай генерацыі: пра лёгкія ролі, узоры і сваё пакаленне
Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра спецыяльна для "К" былі зададзены пытанні новаму пакаленню артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Чым "дыхае" творчая моладзь у Віцебску? Які прафесійны досвед лічыць найбольш карысным? Ці ведае, нарэшце, пра запатрабаванні сучаснага гледача? Пра гэта і гутарка з маладымі акцёрамі знакамітай трупы, якія, сярод іншых, вызначаюць сучаснае аблічча калектыву, — Яўгенам БЕРАСНЕВЫМ, Дзмітрыем КАВАЛЕНКАМ і Юліяй ЦВІКІ.

/i/content/pi/cult/526/11367/6-1.jpg— Як вы лічыце, ці папулярны сярод віцебскай моладзі тэатр наогул і Коласаўскі — у прыватнасці?

Ю.Ц.: — Я ведаю дакладна, што папулярны, бо ў мяне бацькі — сталыя гледачы. Яны сведчаць: моладзь стала часцей прыходзіць у тэатр, чым раней, і яе становіцца ўсё больш. Асабліва ж любяць 
камедыі.

Д.К.: — Так, сярод моладзі наш тэатр карыстаецца попытам. Гэта звязана яшчэ і з тым, што ў горадзе мала сцэнічных калектываў. Ёсць, праўда, народны тэатр “Колесо” пры Цэнтры культуры “Віцебск”, дзе, дарэчы, я некалі выступаў. Там ставяць пераважна маладзёжныя спектаклі, і адпаведны глядач прыходзіць…

Я.Б.: — Мне здаецца, што поспеху ў моладзі спрыяе праца ў трупе навучэнцаў Каледжа культуры і мастацтваў, а яны прыводзяць сваіх сяброў, тыя — сваіх знаёмых… Мяркую, што сёння маладым цікавы спектакль “Рамэа і Джульета”. Ён відовішчны, і там занятая большая частка моладзі тэатра. Карыстаецца поспехам “Псіхааналітык для псіхааналітыка”, дзе можна адпачыць і не “грузіцца” праблемамі…

Ю.Ц.: — Урэшце, адным трэба пацешыцца, і яны цягам спектакля чакаюць жартаў, іншыя імкнуцца да роздуму.

Д.К.: — Мяркую, у нас усё ж такі пераважаюць спектаклі “для рознага узросту”, а вось адрасаваных менавіта моладзі, на жаль, назваць не магу.

— Калі адбылося ваша першае знаёмства з тэатрам?

Я.Б.: — Я думаю, што бадай у кожнага віцебскага падлетка знаёмства са сцэнічным мастацтвам адбываецца на тэатральных уроках. У мяне гэта была “Жаніцьба” Гогаля. Потым, памятаю, да нас у школу прыходзіла Галіна Шарстнёва, выкладчык вучылішча мастацтваў, каб набраць дзяцей у студыю. Там браліся за невялікія практыкаванні (так званыя трэнінгі), эцюды. А потым мы са спектаклем “Восеньскі сум” паводле Някрасава занялі першае месца на Гарадскім фестывалі “Школьны тэатр”. Яго адзначыў старшыня журы, дэкан тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук. Потым была студыя пры тэатры, дзе я восем гадоў займаўся і не марыў аб акцёрскай кар’еры, пакуль Павел Давыдоўскі (наш былы артыст) не параіў мне падумаць пра гэты шлях сур'ёзна.

Ю.Ц.: — А я вучылася ў гімназіі, спявала ў студыі “Ветразь” і таемна марыла стаць актрысай. Але ж на той час важыла на 27 кілаграмаў больш, чым зараз. І мне ўсе казалі, каму ж патрэбна такая “важкая” актрыса. А я сябе ўяўляла і ў кіно, і на сцэне. А потым убачыла аб’яву пра набор у тэатральную студыю пад кіраўніцтвам Уладзіславы Цвікі. Я яшчэ падумала: “Якое класнае прозвішча, хачу сабе такое” (потым і гэта спраўдзілася). Калі іншыя казалі: “Ты нічога не можаш”, то Уладзіслава наадварот: “Ты ўсё ўмееш, ты ўсё здолееш!”А потым я таксама сустрэла Галіну Шарстнёву: яна рыхтавала ў Акадэмію. А ў тэатр мяне прывёў Ягор Дзяюн, колішні коласавец. Памятаю, з якім хваляваннем я хадзіла па будынку, з усімі была на “вы”, баялася прысесці ў фае побач з вядомым артыстам. У цяперашніх пачаткоўцаў ужо няма такога трымцення.

Д.К.: — А я родам з Лепеля. Яшчэ ў другім класе мне параілі паступаць на тэатральнае аддзяленне ў Дзіцячую школу мастацтваў. З таго часу галоўным для мяне стаў тэатр. Потым быў наш Каледж мастацтваў (у Акадэмію я з першага заходу не трапіў), на адным з паказаў нас убачыў Валерый Анісенка і запрасіў у трупу. І так пашанцавала, што ўжо першая роля была галоўная…

— Гэта быў Юрась Братчык у спектаклі паводле Уладзіміра Караткевіча. А вось скажыце, якая з сыграных роляў далася вам асабліва цяжка, мо з вялікім пераадоленнем сябе, але ў выніку прынесла вялікае задавальненне?

Я. Б.: — А лёгкіх роляў не бывае! Мабыць, першая складаная работа была ў спектаклі “Дзверы” па п’есе Сяргея Кавалёва, дзе я сыграў Яську-гаспадара. Па жанры — камедыя, але рэжысёр Юрый Лізянгевіч ад мяне патрабаваў, каб я не проста смяшыў гледачоў, а шукаў больш глыбокі змест. Прычым, ён не любіць рабіць перапынкаў у рэпетыцыях, спадзяецца, што такім чынам дасягне лепшага выніку. Як ён кажа, у артыста павінна адкрыцца другое дыханне (мо, ён і мае рацыю). І дайшло да таго, што аднаго разу я зваліўся са сцэны ў глядзельную залу. Праўда, усё абышлося. Гледачу пастаноўка спадабалася. Няпроста было працаваць і ў спектаклі “Маленькі свет” па п’есе Алены Паповай, які ішоў на малой сцэне. Па-першае, з прычыны даволі незвычайнай сцэнаграфіі, якая іншым часам “выбівала” з ролі, па-другое, я быў адзіным хлопцам і вакол мяне ўвіхалася некалькі вельмі гожых кабет. Ды і наогул складана, калі у метры ад цябе знаходзіцца глядач: любы фальш, любая недакладнасць адразу адчувальныя. Але потым, калі бачыш вочы людзей, разумееш, што не ўсё так дрэнна. Акцёр і глядач — гэта як пяцелька і кручок. І калі нешта ў спектаклі не атрымліваецца, то вінаваціш не матэрыял, а самога сябе.

Ю.Ц.: — Для мяне такая роля — Джульета. Я не была прызначана на яе, і таму знаходзілася ў некаторай разгубленасці, бо проста пра яе марыла. І ўсе ў тэатры настойліва раілі падаваць заяўку. Спачатку мне адмовілі. Але я вырашыла, што ўсё роўна атрымаю гэтую ролю. А пасля мяне пазнаёмілі з Максімам Новікавым, другім рэжысёрам, які ў адсутнасці Валерыя Беляковіча праводзіў рэпетыцыі. Ён убачыў ува мне Джульету, а іншыя прэтэндэнткі потым самі адмовіліся. Было складана па першым часе, пакуль зразумела метад работы Беляковіча, а потым увайшла з ім у такі творчы кантакт, што адчувала: перад такім рэжысёрам нельга быць кволай, слабой.

Д.К.: — Для мяне ж такім складаным вобразам стаў Андрэй Беларэцкі ў “Дзікім паляванні караля Стаха”. Цяжкасць палягала ў тым, што трэба было за невялікі тэрмін увайсці ў гатовы спектакль, каб замяніць акцёра. Прытым, што і пастаноўка, і сам вобраз маюць глыбокі унутраны змест — тут духоўны, псіхалагічны план пераважаюць над знешнім дзеяннем. Я ўдзячны Юрыю Лізянгевічу за бясцэнны вопыт работы, за тое, што ўзняў мяне на новы творчы ўзровень.

— Што вы хацелі б узяць для сябе ў таго ці іншага майстра?

Ю.Ц.: — Ёсць артысты, якімі я захапляюся, да ўзроўню якіх імкнуся. Але каб быць падобнай, скажам, да Мэрылін Манро, такога няма. Хочацца быць індывідуальнасцю. І гэта не проста звышзадача, а імкненне сумлена выконваць працу.

Я.Б.: — Я заўсёды дзівіўся пад час рэпетыцый або спектакля сабранасці і ўвазе Валянціна Салаўёва. Ён зазвычай настолькі засяроджаны на ролі, што неяк няёмка да яго падысці, нешта спытаць.

Д.К.: — З сусветных зорак гэта, мабыць, Арланда Блум, дакладней, тыя вобразы, якія ён сыграў. А як акцёру мне хацелася б паспрабаваць сябе ў стылістыцы Джоні Дэпа. Увогуле ж, мы ўсе розныя, і ў кожнага з нас павінна быць свая “разыначка”. Кумірам, а дакладней, узорам служэння тэатру для мяне з’яўляецца Святлана Дашкевіч.

— Да Міжнароднага дня тэатра коласаўцы рыхтуюць вечар памяці, прысвечаны тым выдатным асобам, карыфеям нашай трупы, якіх ужо няма з намі. Наколькі маладых акцёраў цікавіць мінулае Коласаўскага тэатра? Ці ёсць адчуванне, што вы працуеце ў калектыве з доўгай гісторыяй?

Ю.Ц.: — Калі ідзеш праз сцэну, адчуваеш, што тут пражыты тысячы лёсаў, узнікае магія, створаная выдатнымі артыстамі. І табе дапамагае гэтая магутная энергетыка.

Я.Б.: — Вядома, мы шмат чулі пра нашых папярэднікаў, славутых карыфеяў тэатра. Кагосьці ты ведаў асабіста, іншага бачыў, з некім размаўляў. Часта артысты сярэдняга альбо старэйшага пакаленняў у грымёрках прыгадваюць тых майстроў, якія скіроўвалі іх, давалі парады, выказвалі заўвагі. Асабіста я добра памятаю Генадзя Шкуратава, які выклікаў вялікую павагу, бо быў у чалавека моцны ўнутраны стрыжань.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа