Можна напісаць і водар

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Даўно заўважаю, што ў розных мастакоў адны і тыя ж кветкі глядзяцца зусім па-рознаму. І чым больш таленавіты мастак, тым гэтая розніца больш адчувальная. Уражанне такое, што ўвасабляюцца партрэты кветак, а гэта ўжо не толькі аблічча, нават самае прыгожае. Гэта яшчэ і характар, і лёс, і тыя псіхалагічныя адценні, якія кожны бачыць або адчувае па-свойму. А калі партрэт, то ён павінен быць такім, каб з ім і паразмаўляць можна было. Кветкі пісалі, пішуць і будуць пісаць, але памятаючы, што амаль усё ўвасобленае мае адносіны непасрэдна да малюнка. Невыпадкова Мікеланджэла аднойчы ўсклікнуў: “Хто валодае малюнкам, той гутарыць з Богам!” Сёння на такое здольны нямногія.

/i/content/pi/cult/525/11365/8-3.jpg

 

Алена Карповіч. "Арабіны".

Асабліва прыемна, калі сустракаеш карціны, вартыя знакамітага творцы, а належаць яны чамусьці амаль невядомаму. Наўрад ці памылюся, калі скажу, што і Алену Карповіч няшмат песцілі і песцяць ўвагай. Ды і выстаўкамі не надта “абцяжарвалі”. Гэта прытым, што яна ў свой час паспяхова скончыла нашу Акадэмію мастацтваў, з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.

Экспазіцыя, што адкрылася зараз у Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава, — ці не першая яе персанальная за апошняе дзесяцігоддзе. Называецца яна крыху нечакана: “Хутка — лета”. Зрэшты, назву маглі падказаць і кветкі, акварэльныя ўвасабленні якіх таленавіта партрэтуе мастачка. Уладарна падпарадкаваўшы сабе дзвюхзальную прастору, яны ў гэтыя першыя веснавыя дні сапраўды пераконваюць у блізкасці кветкавай пары года. Прытым, па-рознаму, у адпаведнасці са сваім адметным характарам, якім пераканаўча надзяліла іх мастачка. Выказваюць нецярплівасць блакітна-нябесныя незабудкі, прыспешваюць ярка-пунсовай чырванню цюльпаны, прадчуваюць прымеркаванасць да нейчага дня нараджэння сонечна-светлыя ружы. І ўжо зусім гарэзліва набліжаюць нас да лета ружовыя… рамонкі. Нешта майскае адчуваецца ў праяснёна-блакітнаватых фіялках і крыху ліпеньскае - у насцярожаных ад нашых позіркаў званочках… А вось ужо адчуваем і тое, як пахне чабор… Дарэчы, так і называецца адзін з акварэльных твораў. Светла-фіялетавы водар? Так, Алена Карповіч можа, аказваецца, напісаць і водар… Нават сабраныя ў букет або сплеценыя ў вянок, кветкі не губляюць свайго незалежнага аблічча.

—Я не згодная з тым, што нацюрморт — спыненае жыццё,— разважае мастачка. — Яно, можа, крыху і запаволенае, але рухомае. Нацюрморт дыхае, разважае, нагадвае нешта запаведнае. У ім свая недасказанасць, свой падтэкст.

Самы хуткі жанр выяўленчага мастацтва, якім лічаць акварэль, яна таму і абрала, што ён загадкава непрадказальны. Але акварэль заўжды падказвае таленту нешта такое, што патрабуе імгненнай рэакцыі. І тут трэба падпарадкоўвацца, не падпарадкоўваючыся. Паспець як мага хутчэй надаць свавольству фарбаў сваю волю, сваю задуму.

— Небяспека ўпусціць, страціць нешта вельмі істотнае заўжды існуе,— пагаджаецца мастачка. — Аднак я ведаю, чаго хачу, які колер мне патрэбен, і дасягаю жаданага.

Акварэль аб’ядноўвае ў сабе ці не ўсе магчымасці жывапісу і графікі. Гледзячы на карціны Алены Карповіч, пераконваешся ў справядлівасці такога вызначэння. Тут і багацце таноў, і аб’ёмнасць каляровага адчування, і актыўная роля паперы… Аднак галоўнае ўсё ж — малюнак.

Мяркуючы па лепшых нацюрмортах (“Цюльпаны”, “Сонечны дзень”, “Падарунак лета”, “Ружовыя рамонкі”, “Пахне чабор”, “Зялёныя яблыкі”), свае жаданні яна ўмее ўвасабляць ва ўсёй таленавітай разнастайнасці. Зрэшты, выстаўка засведчыла і іншыя магчымасці яе мастацкага дыяпазону. Гэта акварэльны цыкл эцюдаў “Браслаўшчына” і шэраг графічных твораў паводле славутай паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. І ў іх — ужо знаёмая пластыка, псіхалагічная дакладнасць адухоўленага малюнка. Яе “Рым”, “Бунтарка”, “Вакацыі”, “Купальская ноч”, “Туманны ранак” вымушаюць задумацца аб незвычайных магчымасцях алоўка.

Што і казаць, парадавала Алена Карповіч светлагорскіх аматараў выяўленчага мастацтва не толькі партрэтамі кветак.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск