Алена Карповіч. "Арабіны".
Асабліва прыемна, калі сустракаеш карціны, вартыя знакамітага творцы, а належаць яны чамусьці амаль невядомаму. Наўрад ці памылюся, калі скажу, што і Алену Карповіч няшмат песцілі і песцяць ўвагай. Ды і выстаўкамі не надта “абцяжарвалі”. Гэта прытым, што яна ў свой час паспяхова скончыла нашу Акадэмію мастацтваў, з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.
Экспазіцыя, што адкрылася зараз у Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава, — ці не першая яе персанальная за апошняе дзесяцігоддзе. Называецца яна крыху нечакана: “Хутка — лета”. Зрэшты, назву маглі падказаць і кветкі, акварэльныя ўвасабленні якіх таленавіта партрэтуе мастачка. Уладарна падпарадкаваўшы сабе дзвюхзальную прастору, яны ў гэтыя першыя веснавыя дні сапраўды пераконваюць у блізкасці кветкавай пары года. Прытым, па-рознаму, у адпаведнасці са сваім адметным характарам, якім пераканаўча надзяліла іх мастачка. Выказваюць нецярплівасць блакітна-нябесныя незабудкі, прыспешваюць ярка-пунсовай чырванню цюльпаны, прадчуваюць прымеркаванасць да нейчага дня нараджэння сонечна-светлыя ружы. І ўжо зусім гарэзліва набліжаюць нас да лета ружовыя… рамонкі. Нешта майскае адчуваецца ў праяснёна-блакітнаватых фіялках і крыху ліпеньскае - у насцярожаных ад нашых позіркаў званочках… А вось ужо адчуваем і тое, як пахне чабор… Дарэчы, так і называецца адзін з акварэльных твораў. Светла-фіялетавы водар? Так, Алена Карповіч можа, аказваецца, напісаць і водар… Нават сабраныя ў букет або сплеценыя ў вянок, кветкі не губляюць свайго незалежнага аблічча.
—Я не згодная з тым, што нацюрморт — спыненае жыццё,— разважае мастачка. — Яно, можа, крыху і запаволенае, але рухомае. Нацюрморт дыхае, разважае, нагадвае нешта запаведнае. У ім свая недасказанасць, свой падтэкст.
Самы хуткі жанр выяўленчага мастацтва, якім лічаць акварэль, яна таму і абрала, што ён загадкава непрадказальны. Але акварэль заўжды падказвае таленту нешта такое, што патрабуе імгненнай рэакцыі. І тут трэба падпарадкоўвацца, не падпарадкоўваючыся. Паспець як мага хутчэй надаць свавольству фарбаў сваю волю, сваю задуму.
— Небяспека ўпусціць, страціць нешта вельмі істотнае заўжды існуе,— пагаджаецца мастачка. — Аднак я ведаю, чаго хачу, які колер мне патрэбен, і дасягаю жаданага.
Акварэль аб’ядноўвае ў сабе ці не ўсе магчымасці жывапісу і графікі. Гледзячы на карціны Алены Карповіч, пераконваешся ў справядлівасці такога вызначэння. Тут і багацце таноў, і аб’ёмнасць каляровага адчування, і актыўная роля паперы… Аднак галоўнае ўсё ж — малюнак.
Мяркуючы па лепшых нацюрмортах (“Цюльпаны”, “Сонечны дзень”, “Падарунак лета”, “Ружовыя рамонкі”, “Пахне чабор”, “Зялёныя яблыкі”), свае жаданні яна ўмее ўвасабляць ва ўсёй таленавітай разнастайнасці. Зрэшты, выстаўка засведчыла і іншыя магчымасці яе мастацкага дыяпазону. Гэта акварэльны цыкл эцюдаў “Браслаўшчына” і шэраг графічных твораў паводле славутай паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. І ў іх — ужо знаёмая пластыка, псіхалагічная дакладнасць адухоўленага малюнка. Яе “Рым”, “Бунтарка”, “Вакацыі”, “Купальская ноч”, “Туманны ранак” вымушаюць задумацца аб незвычайных магчымасцях алоўка.
Што і казаць, парадавала Алена Карповіч светлагорскіх аматараў выяўленчага мастацтва не толькі партрэтамі кветак.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца
Светлагорск