Аўдыя & Відэа-12

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Лютаўскія аўдыя- і відэапрацы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць гітарыст гуртоў “Нейра дзюбель” і “Змяя” Уладзімір САХОНЧЫК (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/525/11364/8-2.jpg

Аўдыя

Георгій Дабро, міні-альбом “Энергія”

А.: Вельмі спецыфічная творчасць. Сцёб над пацанамі, якія ездзяць на “геліку” і вырашаюць пытанні... А на каго яшчэ разлічаны гэтыя ноты і словы? Чые сэрцы яны могуць зачапіць?.. А можа, Георгій выступае тут у ролі Міхаіла Шуфуцінскага або Стаса Міхайлава?.. Ды, па шчырасці, я б сваёй маме не рызыкнуў уключыць гэтыя творы.

Рэха “хвацкіх 90-х,” напэўна, абумоўлена жаданнем зрабіць “як у тыя добрыя часы”, часы маладосці Георгія. Калі людзі выходзілі на двор, сябравалі цэлымі пад’ездамі, спявалі хорам песні. Абдымаліся пры сустрэчы, цалаваліся ў шчочкі. “Сёння зноў на працу не пайду, застануся ў гэтай казцы назаўжды” — запамінальныя словы, якія праспявае кожны другі. У прынцыпе, даступная лірыка. Хаця, баюся, людзі, якія слухаюць шансон, у большасці сваёй кансерватыўныя. Міхаіл Круг шчыльна засеў у іх свядомасці на стагоддзі. Ды і кавер “Nirvana” — “Lithium” — прыхільнікі Курта Кабэйна наўрад ці 
ацэняць.

Хочацца пажадаць Георгію больш карпаратываў. Там, глядзіш, і грошы з’явяцца, “чоткае” відэа — і ў тур па Расіі. Ды і ў нас Палац Рэспублікі можна раз на год збіраць.

В.: Не ведаю, ці можна назваць гэтага выканаўцу, яго творчасць alter ego Сяргея Пукста, таго, што ён робіць, але за псеўданімам “Георгій Дабро” хаваецца менавіта вядомы айчынны альтэрнатыўны музыкант. Песні Георгія многія слухачы расцэньваюць як творчую правакацыю, памятаючы пра тое, што Пукст спявае і грае зусім не папсу. У гэтым жа выпадку Дабро яе і дае, і не абы якую, а сапраўдны шансон. Але — “пукстаўскага” разліву. Ён і здзекліва прымітыўны, — што ў мелодыях, што ў аранжыроўках, — і багаты на вербальныя штампы, і... наскрозь пранізвае сэрцы ўражлівых паненак. Быццам бы настолькі непрыхаваная блазнота, а закрадаецца сумненне: раптам ён усё гэта сур’ёзна? Але праўды нам не даведацца: Пукст сапраўды яе не адкрые, а звыкла накідае разумных, прэтэнцыёзных прапаноў, смешных і не вельмі, якія нібыта растлумачаць сэнс праекта “Георгій Дабро”. Ды хочацца часам паганяць музыканта, асабліва за бязлітасны кавер “Lithium” іконы гранджу.

(((O))), міні-альбом “We Hate You”

A.: Музыкант прызнаецца, што да напісання гэтага матэрыялу яго падштурхнула смерць блізкага чалавека. Такое таксама бывае. У творчых людзей любога кшталту перажыванні трансфармуюцца ў мастацтва, якое мы потым слухаем, бачым, чытаем. Змрочны постапакалiптычны міні-альбом. Пад яго не будзеш “дэнсіць” у модным клубе з прыгожай дзяўчынай. І не станеш уключаць на ўсю моц гук у машыне, а потым катацца па двары. Гэтая музыка, хутчэй, асабістага характару, для праслухоўвання ў навушніках. Яна паглыбляе ў прыватны выдуманы свет — свет будучыні, які намалюе ўяўленне. Пагадзіцеся, цікава ж! Пры гэтым музыка не раздражняе і не напружвае слухача. Яна ў мяне вельмі асацыюецца з папулярнай у Расіі радыёперадачай “Мадэль для зборкі”: на мой погляд, было б цікава паслухаць які-небудзь фантастычны аповед у выкананні аўтара праграмы Улада Копа пад такую музыку.

B.: Не задавайцеся пытаннем: (((О))) — гэта псеўданім. Выканаўцу клічуць Мікіта Васільеў, і ён з Гомеля, дзе да нядаўняга часу было вельмі шмат “цяжкіх” гуртоў, а цяпер вось з’явіўся цікавы электроншчык, які стаў летась сенсацыяй адной з інтэрнэт-прэмій.

З кожнай наступнай працай творчасць артыста становіцца ўсё больш канцэптуальнай, падначаленай нейкай тэме, настрою і ўплыву дадзенага моманту. У гэтым рэлізе лёгкіх, празрыстых трэкаў, якія ў Мікіты выходзілі па-майстэрску, гуляючы (хай іх было і не шмат), няма. Сурова, халаднавата, змрочна-таямніча, не гэтак меладычна, эмацыйна ледзь перагружана. Клас — высокі, але яшчэ раз гэтыя дарожкі я, не з’яўляючыся аматарам падобнай музыкі, круціць не стаў бы.

Відэа

Гурт “:B:N:”, кліп на песню “Попел”

А.: Дэбютная праца маладога рэжысёра Антона Мамоненкі, у якой, перакананы, ён раскрыў толькі траціну сваіх магчымасцей. Згадваецца старая прымаўка пра лыжку да абеду. Так і тут: добры, шчыльны, змрочны кліп — тое, што трэба “:B:N:” менавіта цяпер. Дадзены ролік выгодна глядзіцца на фоне папярэдніх відэаработ гурта. Самой камандзе, якая ўжо мае пэўны статус, зусім не абавязкова ў кліпах паказваць супермаркеты з паўаголенымі дзяўчатамі. Ці войскі зомбі і выратавальны атрад, на чале якога стаіць, трымаючы бензапілу, фронтмэн калектыву Алесь Лютыч. Не варта і маладому слухачу ў гэтым відэа шукаць асаблівы сэнс. Проста добры кліп з цікавым попельным малюначкам. Застаецца павесіць сабе на сцяну ў сацыяльную сетку і лічыць лайкі.

В.: Гурт з Бярозы з’яўляецца адным з лідараў рэгіянальнага року. Магчыма, каб Бяроза была, прынамсі, бліжэй да Мінска, мела цэнтравыя для краіны пляцоўкі ды асноўныя фестывалі, “:B:N:” апынуліся б у ліку вядучых калектываў у сваім сегменце. У рэальнасці ж каманда зрэдку вылучаецца выступамі, якія абмяркоўваюць меламаны, і выдае на гара больш ці менш удалыя аўдыя- і відэатрэкі. Усё як ва ўсіх.

Дадзенае тварэнне да удач я не аднёс бы. Сама кампазіцыя яшчэ туды-сюды — энергічна-дэпрэсіўная, з якой-ніякой мелодыяй. Карцінку ж ёй спадарожную можа наваяць, як мне здаецца, любы, хто ведае, што такое кінакамера. Маладая пара, у якой на пачатку роліка ўсё добра, па невядомай прычыне сварыцца, таму ў фінале ўсё блага. Гледачам таксама перыядычна паказваюць гурт. Усё.

Гурт “Nuteki”, кліп на песню “Дні кіламетры”

А.: Я прывык бачыць ад “Nuteki” кліпы з кучай спецэфектаў, гэткія міні-блокбастары. Работа на трэк “Wind Inside” чаго вартая! Аднак тут гледача чакае “love story” пра двух маладых людзей і дэспата-маму дзяўчыны, якая не пускае юнака ў іх кватэру. Але герой не адчайваецца і дамаўляецца з гуртом “Nuteki”, каб яго музыканты прыцягнулі да пад’езда каханай апаратуру і пачалі граць песню, нягледзячы на мароз і шчыльны графік. Напрыканцы сэрца маці растаяла, і каханне перамагло. Добры кліп з хэпі-эндам, напэўна, прыйдзецца даспадобы шмат каму. Пра тое сведчыць колькасць яго праглядаў.

В.: І тут таксама сюжэт будуецца вакол адносін паміж дзяўчынай і юнаком! Акрамя ўздзеяння на маму прыгажуні праз песню гурта “Nuteki”, хлопча, маючы сувязі ў будаўнічай арганізацыі, падымаецца ў люльцы да адзінай і ненагляднай проста на балкон. Мама ж, на якую сыходзіць азарэнне, назірае за хэпі-эндам. Цяжка нават выказаць здагадку, што здарылася б з ёй, праспявай у двары, напрыклад, Аляксандр Саладуха... Кліпаў у свеце з аналагічным дзействам — мора. А песня поп-рок-калектыва з паўгода дакладна пратрымаецца ў плэерах прыхільніц.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"