Перавагу аддаў пейзажу

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Цудоўныя мясціны вакол Бабаедава (раней Бобіна) — палі з хлебам, узгоркі з духмянымі канюшынай і медуніцай — зачароўвалі і мілавалі вока. А ў самой вёсцы над сялянскімі хаткамі ўзнімаліся старыя ліпы. Яны ледзь не цалкам хавалі ў сваім ценю некалькі драўляных хатак жыхароў. Вось табе гатовы пейзаж — бяры і перанасі яго на паперу. Бадай, першым яго заўважыў Ваня Бабаедаў, сын аднаго з трох дзяцей Цімафея Мінавіча Бабаедава, удзельніка Грамадзянскай вайны.

/i/content/pi/cult/525/11363/8-1.jpg

 

Іван Бабаедаў. "Дахаты".

“Мара стаць мастаком у мяне зарадзілася яшчэ калі вучыўся ў Новачаўнышанскай сямігодцы”, — успамінаў пазней Іван Цімафеевіч. “Цяжкі шлях яму давялося прайсці, перш чым дабіцца прызнання, — піша ў пісьме да жонкі і сына мастака яго родная сястра Надзея. — У дзяцінстве мы жылі бедна. У школу ў Чаўнышкі хадзілі за тры кіламетры, адзеты былі дрэнна, не заўсёды бачылі кавалак хлеба…”

Пасля заканчэння школы Іван вырашае паступаць у Віцебскае мастацкае вучылішча, але пачалася вайна. А ў 1944-м 19-гадовы Бабаедаў адпраўляецца на фронт. Тры раненні, два з якіх цяжкія, не пахіснулі ў ім імкненне стаць мастаком. Іван Цімафеевіч паступае ў Сімферопальскае мастацкае вучыліша, а праз тры гады пераводзіцца ў Мінск, дзе трапляе ў клас вядомага пейзажыста Віталя Цвіркі. У сталіцы Бабаедаў адразу трапляе ў мастацкае жыццё, удзельнічае ў выстаўках. У 1952 годзе былы франтавік прадстаўляе на суд экзаменацыйнай камісіі дыпломную работу “Пераправа савецкіх войск праз Заходнюю Дзвіну ў Бешанковічах. 1944 год” і атрымлівае выдатную адзнаку, а разам з ёй накіраванне на пасаду выкладчыка ў Віцебскае мастацка-педагагічнае вучылішча. Тут найбольш поўна і ярка раскрыліся яго мастацкія і педагагічныя здольнасці. Гэта прынесла заслужаны аўтарытэт не толькі сярод прадстаўнікоў віцебскай багемы, але і між студэнтаў.

І ўсё ж поўнага задавальнення ад педагогікі Іван Цімафеевіч не атрымліваў — цягнула ў родныя мясціны. А калі пераехаў, то ў мастака адразу адкрылася другое дыханне. Ён працуе апантана. Пацвярджэнне таму — новыя пейзажы, дзе занатаваны палі, лясы па берагах Дзвіны, спакойная раніца, абуджэнне прыроды, ціхія вечары пры заходзе сонца. Яшчэ яго захапляла рэстаўрацыя старажытных іканастасаў у мясцовай Свята-Ільінскай царкве, аднаўленне лікаў святых, што значна ўзбагачала творчую натуру, натхняла на новыя пошукі ў раскрыцці сакрэтаў старога жывапісу. Словам, ён поўнасцю аддаецца мастацтву. Па-ранейшаму яму больш па душы тутэйшыя краявіды. Менавіта ад іх ён спазнае натхненне і асалоду, унутраны спакой. А яны патрабуюць трывалых ведаў.

Таму нягледзячы на ўзрост, Іван Цімафеевіч паступае на мастацкі факультэт Віцебскага педінстытута. У 1976-м пасля заканчэння пачынае актыўна ўдзельнічаць у рэспубліканскіх выстаўках. Гледачам падабаецца ўменне аўтара перадаць хараство і непаўторнасць бешанковіцкай зямлі, яе ўзлескі, лясы, старажытныя курганы, паўразбураныя храмы, высокія і пакатыя берагі Дзвіны, Улянкі, Свячанкі. Адметна, што большасць іх напісана непасрэдна на прыродзе: “Апошні снег”, “Сакавік. Лазенька”, “Лютаўскі дзень”, “Пачатак зімы”, “Лясная вырубка”, “Сакавік у лесе”, “Вечар на Дзіве”, “Летні вечар. Вёска”, “Вось. Лясныя далі” і сотні іншых.

Нястомны працаўнік, Бабаедаў не разлучаўся са сваім заняткам нават у час хваробы. Але яна перамагла — паважаны Іван Цімафеевіч пайшоў з жыцця ў дзень свайго нараджэння, у апошні дзень лютага 2002 года… Але засталася вялікая спадчына Майстра — каля 600 работ. Некаторыя дагэтуль дэманструюцца на выстаўках у Мінску, Віцебску, а таксама на радзіме — ва ўстановах культуры райцэнтра, дзякуючы старанню яго сына Васіля Іванавіча Бабаедава. Менавіта ён пасля смерці брата і маці стаў галоўным захавальнікам вялікай і каштоўнай спадчыны Мастака.

Мяркую, было б справядлівым надаць імя кавелера ордэнаў Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, Чырвонай Зоркі і медаля “За адвагу”, вядомага творцы мастацкаму аддзяленню школы мастацтваў, паколькі тут, у колішняй сярэдняй школе, Іван 
Цімафеевіч доўгі час выкладаў чарчэнне і маляванне, а ў вёсцы Бабаедава, на месцы хаты, дзе ён нарадзіўся (там цяпер пустэча), паставіць памятны знак — валун з 
адпаведнай шыльдачкай…

Анатоль КРАЧКОЎСКІ