Але — ненавіджу гэты момант, калі ты сядзіш у паўцёмным памяшканні, непрыстасаваным для здымачнага працэсу, думаеш над тым, што скажаш, ці над чужымі словамі альбо спрабуеш на сцэне рассмяшыць слухача... Адкрываеш рот... І тут — шчоўк-шчоўк: цябе проста з адкрытым ротам здымае фатограф, які фотаапарат не так даўно ў рукі ўзяў, ды і не мае паняцця пра значэнне святла і кампазіцыі...
Не, можна зразумець, калі цябе здымаюць пад час выступу, хоць задавальненне так сабе, калі фатограф, скажам, здымае знізу, кладучыся літаральна пад ногі... Але ж цябе здымаюць усе дзве гадзіны, пакуль ідзе прэзентацыя — злева, справа, збоку... І дзе ж ты расслабішся, засмяешся на свае трыццаць два ці насупіш бровы? А культурны фатограф гатовы ўнесці твае трыццаць два ў вечнасць, каб ты перыядычна знаходзіў свае фота ў Сеціве і ўздрыгваў!
Вы заўважалі, што тэкстаў, якія апісваюць прэзентацыі, цяпер падаюць вельма мала — усё сыходзіць у аб'ектыў фатографа? Ствараецца ўражанне, што кнігі на прэзентацыях — гэта наогул лішак, учарашні дзень. Галоўнае — стыльная публіка ў зале: усе гэтыя яркія шалікі, каляровыя калготы, квадратныя акуляры маюць для цяперашняга літпрацэсу значэнне калі не большае, то і не меншае, чым самі кнігі.
І ў сувязі з усім гэтым мне страшна старэць... Бо цяпер чалавек, які займаецца літаратурай, павінен увесь час свяціць “таблом”. Калі піша калонку, рэцэнзію, калі дае інтэрв’ю ці ўдзельнічае ў “круглым стале”, у чужой прэзентацыі... Але ў мяне няма запаснога презентацыйнага твару, і я не хачу да старасці гадоў выглядаць фрыкам у яркіх калготках! Я хачу літаратуру з літарамі, а не з фотаздымкамі.
Цікава на гэтую тэму выказалася літаратарка Марыя Мартысевіч, якая сказала, што не баіцца старэць і мяняцца, бо «ў выніку людзі ўсё адно будуць меркаваць па справах, а на помніку ёсць месца толькі для адной фоткі». Мартысевіч – хіба не выключэнне ў гэтым асяродку, бо яна не толькі адкрыта гаворыць пра тое, што яе «напружвае ўвесь гэты фэшн-блоггінг, дзе кантэнт -- дадатак да фэйсу», але і перакананая, што ёй пад сілу гэта змяніць.
Але добра казаць "не баюся старэць", калі ты малады і свежы, і твае дрэнныя здымкі – вынік непрафесіяналізму... Я рэальна разумею, чаму на папулярных культурных мерапрыемствах і ў ролі выступоўцаў, і ў ролі гледачоў выступае пераважна моладзь. Бо цяпер з'яўленне на прэзентацыі – гэта не адпачынак, а праца тварам. А смяяцца над сабой і сваімі выявамі далёка не ўсе здатныя. І ўсё б гэта было неістотна, каб не адбівалася на самой культуры, на лёсах тых, хто яе стварае.
…Некалькі гадоў таму ў навагоднюю ноч паказвалі па тэлевізары «блакітны аганёк» па-французку. У залі сядзелі добра вядомыя французкія акцёры, рэжысёры, спевакі, пісьменнікі. Уразіла тое, як натуральна яны выглядалі! Той жа Алэн Дэлон па-ранейшаму прыгожы, але гэта прыгажосць чалавека, які не хавае свой ўзрост. Ні падцяжак, ні ботаксаў – усе выглядаюць дагледжанымі, але ў адпаведнасці са сваім узростам! Не саромяцца сваіх гадоў і жыццёвага досведу. Але варта было пераключыцца на расійскі канал, каб трапіць у свет твараў, перацягнутых пластычнымі хірургамі так, быццам гэта не твар, а старая канапа, дзе толькі спружыны засталіся ўласнымі… Я б можа і забылася на гэтую перадачу, каб не нядаўна расказаная адным вядомым беларускім інтэлектуалам гісторыя. А гісторыя такая. Запрасілі яго ў папулярны глянцавы часопіс на інтэрв'ю. Распыталі, зрабілі фотасесію. Але матэрыял не выйшаў – рэдактар загадаў знайсці героя больш маладога і фотагенічнага!
Я разумею, што ў чалавеку ўсё павінна быць прыгожа: і твар, і адзенне, і душа, і думкі. Але для літаратуры, публіцыстыкі і журналістыкі, на мой погляд, дастаткова наяўнасці толькі апошняга складніка.