Мы шукалі каларыт…

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Алег ХАМЕНКА, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фалькларыст, музыкант
Некалькі гадоў таму ў “Палаца” ўзнікла нечаканая ідэя. Мы знаёмыя з многімі мінскімі тэатральнымі дзеячамі. А менавіта Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі гурт прапанаваў не проста ўвесці некалькі нашых нумароў у рок-оперу “Адвечная песня” паводле паэмы Янкі Купалы, а яшчэ і заняць удзельнікаў гурта ў пастаноўцы ў ролях… музыкантаў.

/i/content/pi/cult/525/11361/3-5.jpgПраз час мы вярнуліся да гэтай размовы, паколькі пытанне абнаўлення музычнай часткі спектакля паўстала вельмі востра: ранейшая аранжыроўка, безумоўна, састарэла. (Ад ідэі з музыкантамі-артыстамі ўсё ж адмовіліся.) Патрабавалася ці ўвогуле яе пераасэнсаваць, ці паўтарыць, выкарыстоўваючы сучасны саўнд, іншыя, больш выразныя для сённяшняга часу інструменты. У арыгінальнай версіі ёсць нумары як вельмі добрыя, так і сыграныя нібыта на якіхсьці самаробках, карацей, — гучалі ўжо несалідна. Ну і пасля перамоў было вырашана, што мы ўсе трэкі (іх два тузіны) перааранжыруем і перазапiшам. Але саму музыку, мелодыі Цімура Каліноўскага, чапаць не станем, за выключэннем двух нумароў — яны сапраўды змяніліся да непазнавальнасці.

Ёсць такое паняцце, як “сучасная нацыянальная музыка”. Сучасная — зразумела чаму, нацыянальная — бо рытміка, мелодыка, тэмбральнасць, гарманізацыя ўласцівыя музыцы менавіта гэтай нацыі. Я ўжо не кажу пра мову, якая і задае рытм, вызначае напеўнасць. Беларускае музычнае мысленне — гэта не выдумка. Напрыклад, яно прасочваецца ў Яўгена Глебава ў тым жа балеце “Маленькі прынц” або ў ягонага ж аўтарства саўндтрэку да фільма “Дзікае паляванне караля Стаха”. Там жыве каларыт і Усходняй Еўропы наогул, і Беларусі ў прыватнасці. Калі карыстацца зусім прафесійнымі тэрмінамі, у беларускім фольку ёсць асаблівыя “даленне” і “трыяленне”, такты, па якіх спецыяліст вызначыць прыналежнасць музыкі. Ну, калі не канкрэтна да нашай краіны, дык да той еўрапейскай тэрыторыі, з размешчанымі на ёй дзяржавамі, у якую ўваходзім і мы.

Беларуская мелодыка больш сціплая, у адрозненне ад, скажам, украінскай, але з пункту гледжання гармоній яна куды цікавейшая. Большасць айчынных народных песень пачынаецца з дамінанты, а не з тонікі. Такога няма ні ў украінцаў, ні ў расіян, ні ў немцаў — можа, латышы і літоўцы ў гэтым сэнсе нам бліжэйшыя. Плюс тэмбральнасць, якую даюць інструменты, манера дыхаць, спяваць. І ўсё гэта забяспечвае нацыянальны музычны каларыт. Думаю, наша аранжыроўка такі каларыт у “Адвечную песню” прыўнесла. Аднак, калі не браць у разлік вакал, я б каларыт той назваў ўсходне-еўрапейскім, але, паўтаруся, мы ад яго неаддзельныя.

Аранжыроўка, якую мы прапанавалі ў “…Песню”, — гэта менавіта пошук нацыянальнага музычнага каларыту, характэрнага толькі для нашага народа і яго традыцыйнага музычнага мастацтва. Падобны каларыт у творчасці “Палацу”, можа, не гэтак відавочна, але прысутнічае. Прынамсі, не ведай я беларускай мовы, падумаў бы, што гэта спяваюць славакі, палякі або, дапусцім, літоўцы. Нават быў сведкам таго, як людзі, што слухалі “Палац”, ідэнтыфікавалі яго музыку як... украінскую. Смешна, вядома, але затое тыя слухачы адчулі, што ў ёй ёсць нешта нацыянальнае. У нашай фарматнай поп-музыцы я не толькі беларускага не чую, але і сучаснага. За вельмі рэдкімі выключэннямі, прыклады якіх з ходу і не згадаю. Нават у мулявінскіх “Песняроў” музыка была... савецкая эстрадная, затым постсавецкая. Прытым, што спявалася яна і на беларускай мове, і тэксты былі фальклорныя, і за аснову браліся нейкія народныя напевы і мелодыі. Прынамсі, так мне бачыцца сёння.

Спадзяюся, аранжыроўкі надалі свежае дыханне кампазіцыям, спектаклю наогул, што артысты з задавальненнем заспявалі па-новаму. І мне спачатку хацелася, каб гурт не асацыявалі з гэтай трактоўкай музыкі да пастаноўкі, каб атрымалася нешта непадобнае на нас. Мы спрабавалі сыграць, як не-“Палац”. Але... стала “ламаць”, атрымлівалася зусім ужо не наша, чужое, няблізкае творча. Я б не сказаў, што вынік атрымліваўся дрэнны, але гэта быў не той вынік, які мы самі ад сябе чакалі. І тады ўнеслі ў аранжыроўкі крыху больш... папсовасці, ці што. І ўсё ўстала на свае месцы. Мы граем папулярную музыку, спектакль, разлічаны на звычайнага гледача. Тым не менш, атрымалася нешта... асаблівае. Хочацца верыць, што “Палац” не сапсаваў ледзь не лепшую, на мой погляд, пастаноўку гэтага тэатра.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"