Князь Астрожскі і Слуцкае Евангелле

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

28 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 400-годдзю памяці дабравернага князя Канстанціна Астрожскага (1524 — 1608): у Музеі кнігі адкрылася выстаўка “Асветнік з роду Астрожскіх”, было прэзентавана электроннае выданне “Слуцкае Евангелле — беларускі рукапіс XVI ст.”.

 /i/content/pi/cult/152/1136/Evangelije.jpg
Канстанцін Астрожскі, прадстаўнік аднаго з самых знакамітых і ўплывовых магнацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага, увайшоў у гісторыю як знакаміты дзяржаўны і рэлігійны дзеяч, асветнік, заснавальнік праваслаўнай школы і некалькіх друкарняў.
Кнігі, якія выйшлі з Астрожскай друкарні, можна было ўбачыць на выстаўцы. Гэта “Кніжыца” (“О единой истинной и православной вере”) 1588 г., “Апокрысіс” 1597 г., “Псалтыр” 1598 г., “Лекарство на отсталый умысел человечий” 1607 г. Але пачэснае першае месца сярод іх займае знакамітая Астрожская Біблія 1581 г. — першы поўны пераклад Бібліі на царкоўнаславянскую мову, якім доўгі час карысталіся ўсе славянскія народы.

У тую ж эпоху князь Юрый Алелькавіч уласнаручна перапісаў Евангелле, названае Слуцкім. Гэты бясцэнны кніжны помнік быў страчаны ў Вялікую Айчынную вайну, але шчасліва знайшоўся ў 2003 годзе і цяпер з’яўляецца ўласнасцю Беларускай Праваслаўнай Царквы. Як паведаміла намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па інфармацыйных рэсурсах Таццяна Кузьмініч, стварэнне яго электроннай копіі — адзін з першых паспяхова рэалізаваных праектаў на шляху выканання праграмы супрацоўніцтва Міністэрства культуры РБ і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Дыск рыхтаваўся сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Я.Коласа НАН Беларусі на сродкі Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, кіраўніком праекта была старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Наталля Палішчук. Быў зроблены ўсебаковы аналіз мовы помніка, яго вынікі знойдуць адлюстраванне ў Дзяржаўнай праграме фундаментальных даследаванняў беларускай мовы і літаратуры.

Укладальнік дыска і аўтарка ўступнага артыкула да яго, бібліёграф аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Рошчына пастаралася адшукаць усе магчымыя звесткі пра Слуцкае Евангелле. Бібліяграфія праведзеных даследаванняў складае больш за 200 інфармацыйных крыніц! Т.Рошчына выказала шчырую падзяку ўдзельнікам праекта — фотамастаку Андрэю Шчукіну, непасрэднаму стваральніку дыска Віктару Пшыбытку, галоўнаму бібліёграфу аддзела кнігазнаўства Людміле Станкевіч.

Да 15 сакавіка само Слуцкае Евангелле будзе экспанавацца ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі. Каб прыняць ахвотных убачыць святыню, Музей зараз працуе і па нядзелях. Потым каштоўная кніга будзе вернута Беларускай Праваслаўнай Царкве.


Святлана ІШЧАНКА