Маўр зрабіў сваю справу — і ўсё?

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Гісторыя бібліятэкі: абласная — філіял — аддзел…
Усё пачалося з ліста пенсіянеркі з Мінска, колішняга педагога Інэсы Ігнацьеўны Раткевіч. Мае сэнс прывесці тут яго фрагменты: “…Закрылі Дзіцячую бібліятэку імя Янкі Маўра, якая знаходзілася па Казлова, 12. Камусьці спатрэбілася памяшканне ў цэнтры горада — і бібліятэчную шыльду выдралі з коранем… Пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі горад быў разбураны, аднаўленне пачалося з клопату аб дзецях. А праз 70 гадоў пасля Вялікай Перамогі на гэты клопат забыліся і дзіцячую ўстанову перавялі ў Абласную бібліятэку імя Пушкіна. Трэба наадварот адкрываць новыя дзіцячыя бібліятэкі, выхоўваць маладое пакаленне, ад якога залежыць дабрабыт дзяржавы…”

/i/content/pi/cult/525/11358/sm_full.jpgПачнём разбірацца ў праблеме. Пэўны час дзве абласныя бібліятэкі — імя Аляксандра Пушкіна і дзіцячая — існавалі паралельна. Пасля смерці Янкі Маўра прынята рашэнне ўвекавечыць памяць пісьменніка. Яго пашанотнае імя і было прысвоена абласной дзіцячай кніжніцы ў 1972-м. А паколькі аптымізацыя ў сферы культуры — з’ява перыядычная, дык у 1989 годзе Пушкінская аб’ядналася з Маўраўскай. Як сцвярджалі цыркуляры таго часу, бібліятэчная інтэграцыя спатрэбілася для “больш эфектыўнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы, бібліятэчна-інфармацыйных рэсурсаў і фінансавых сродкаў”. Тады ўстанова імя Янкі Маўра і стала філіялам бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна. А ў выніку апошняга аптымізацыйнага ператрусу дзіцячая ўстанова (а больш дакладна — аддзел абслугоўвання навучэнцаў 1 — 5 класаў) пераехала з Казлова ў асноўны будынак Пушкінскай на Гікала і стала (аб’яднаўшыся з аддзелам абслугоўвання навучэнцаў 6 — 9 класаў) дзіцячым аддзелам абласной бібліятэкі.

Цяпер самы час паразважаць над глыбокадумнасцю выказвання “Хтосьці губляе, а хтосьці знаходзіць”. Згубілі, натуральна, тыя чытачы, што жылі побач з памяшканнем на Казлова. Аўтарка ліста ў “К” Інэса Ігнацьеўна дык ўвогуле пражывае менавіта ў гэтым доме… Не стамляецца згадваць пра тое, што было ў бібліятэца імя Маўра шматлюдна: дзеці прыходзілі з мамамі і бабулямі. А ўнук спадарыні Раткевіч Коля запісаўся ў чытачы аж з пяці гадоў. Цяпер яму 15 і ён — актыўны чытач ужо дарослай бібліятэкі…

Хто ж выйграў? Відаць, той, хто займее, скажам, памяшканне ў цэнтры Мінска. Хацелася, каб адкрыўся тут музейчык, галерэя ці іншая бібліятэка. Але ж матэрыяльнае з духоўным паспяхова судакранаюцца рэдка. Рынкавыя законы замінаюць. А будынак на Казлова, 12 — уласнасць Мінгарвыканкама. Пабачым, што там размесціцца неўзабаве. ..

Шкада, што імя Маўра дзіцячай бібліятэкай згублена. Гэта ж унікальны чалавек! Не толькі пачынальнік нашай прыгодніцкай ды фантастычнай літаратуры, але і эсперантыст, бібліяфіл з энцыклапедычнымі ведамі, а яшчэ — знаўца спірытызму, скрыпач, вандроўнік-веласіпедыст. Вялікі арыгінал, бо любіў пісаць за імправізаваным сталом, які навісаў над Свіслаччу, а пісьменнік, звесіўшы ногі ў ваду, уяўляў, што гэта акіян. На прыкладзе Маўра толькі і выхоўваць у дзецях высакародства памкненняў. Як сцвярджае Інэса Раткевіч, шыльда з надпісам “…імя Янкі Маўра” вісела на доме да апошняга.

Я звярнуўся да начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Руслана Трухана з пытаннем: “Няўжо бібліятэчнае найменне знікла беззваротна?” Вось што ён паведаміў: “Кніжныя фонды перавезены на Гікала. А дзіцячая бібліятэка — філіял Бібліятэкі імя Пушкіна, іншымі словамі — структурнае падраздзяленне юрыдычнай асобы. Так што апошнія гады асобнай установы імя Янкі Маўра проста не існавала”... Вось такая казуістыка з установай, што не з'яўлялася юрыдычнай асобай, але гадамі была асветлена асобай Янкі Маўра. Патлумачыць сітуацыю — усё адно што разабрацца, пераважала ў чалавеку ягонае цывільнае найменне “Іван Міхайлавіч Фёдараў” ці ўсё ж рэй вяла асоба пад псеўданімам “Янка Маўр”?.. Атрымліваецца, што наяўнасць “імянной” шыльды апраўдвалася наяўнасцю асобнага бібліятэчнага будынка. Ды традыцыяй: ну не змянялі шыльду — і ўсё тут..

Як толькі будынка не стала, пакінуць аддзелу імя Янкі Маўра ў бібліятэцы імя Пушкіна ўжо і не выпадала. Не сумяшчаюцца два ў адным. Так, дырэктар Мінскай абласной Аксана Кніжнікава кажа, што сёння ў дзіцячым аддзеле — таксама шматлюдна. Аднак у ідэале асабіста для мяне (і, як ведаю, для многіх профі) у сталіцы павінна існаваць яшчэ адна біблятэка з такім жа трывалым юрыдычным і грамадска-сацыяльным статусам Нацыянальнай, што і ў “дарослай”. І гэтая біліятэка мае стаць дзіцячай. Урэшце, няблага, каб атрымала яна імя Янкі Маўра — чалавека, які бачыў у свіслацкай хвалі дзявятую хвалю ўсіх акіянаў свету, які трымаў за руку ўсю дзятву Беларусі і дарыў ёй шчасце першаадкрыцця: свету і сябе. Бо гэта вельмі важна, з якім думкамі і памкненнямі прыйдзе ў жыццё маленькі чалавек. Ці здолее ён стаць грамадзянінам? Ці адчуе гонар за краіну? Ці здолее гэты гонар прымножыць?

Так што Нацыянальная дзіцячая мае стаць унікальнай. Тут явай акажацца фантамабіль. І можна паўтарыць палескую рабінзаніяду. І Тубі не будзе плакаць. І ніхто не захварэе на амок…

Усё правільна напісала ў лісце Інэса Раткевіч. Адразу пасля Вялікай Айчыннай узяліся аднаўляць краіну з таго, што адкрылі бібліятэчны факультэт (яму — 70 гадоў) і адрамантавалі бібліятэкі. Той, хто чытае, умее думаць. Той, хто ўмее думаць, імкнецца не рабіць чужых памылак.

Карацей, Маўру нельга сыходзіць, у яго яшчэ шмат спраў.

Ад рэдакцыі

Гэта сёння — дзеці...

І яшчэ нюанс у працяг тэмы. Некалькі тыдняў таму ў Мінску ўрачыста адкрылася бібліятэка імя Сяргея Міхалкова ў гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.

Адбылося гэта ў рамках акцыі "Сёння — дзеці, заўтра — народ" Расійскага фонда навукі і культуры пра падтрымцы Расійскага ж цэнтра навукі і культуры ў беларускай сталіцы. Такім чынам, зазначылі арганізатары акцыі, Беларусь далучылася да прасторы Польшчы, Славакіі ды Ірландыі, дзе таксама створаны бібліятэкі імя Сяргея Міхалкова. А пры падтрымцы Рассупрацоўніцтва і Расійскага фонда культуры новай установе будзе аказана падтрымка ў камплектаванні фонда выданнямі твораў рускай і сусветнай літаратуры. Так адзначалі прамоўцы пад час імпрэзы, згодна з паведамленнямі медыя.

Прыкладна ў той самы час Інэса Ігнацьеўна Раткевіч заўважыла, што звыклая яе воку шыльда з найменнем Дзіцячай бібліятэкі імя Янкі Маўра знікла са сцяны дома па мінскай вуліцы Казлова...

І пасля шматкроп'я — яшчэ раз фраза з ліста нашай чытачкі: "Пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі горад быў разбураны, аднаўленне пачалося з клопату аб дзецях". І дададзім сюды назву акцыі, у рамках якой адкрыта бібліятэка імя Сяргея Міхалкова:"Сёння — дзеці, заўтра — народ". Усё так, пагадзіцеся. Пасыл — правільны. Хіба не зусім зразумела, чаму такія ж бібліятэкі (скажам, імя Маўра, Купалы ці Коласа) не адкрываюцца сістэмна беларускімі інстытуцыямі за мяжой у фармаце аналагічных маштабных акцый. І не аказваецца, разам з тым, дапамога ў камплектаванні фонда выданнямі твораў беларускай літаратуры. І зусім незразумела, чаму пасыл "Сёння — дзеці, заўтра — народ" так і не прагучаў з вуснаў айчынных менеджараў культурнай сферы ў дачыненні да беларускіх дзіцячых бібліятэк. Адпаведна, і да будучага свайго народа — дзяцей. Пакуль яго мы пачулі толькі ад суседзяў.

Так што Маўру сапраўды нельга сыходзіць, у яго насамрэч шмат спраў. Бо і сапраўды так важна, з якім думкамі і памкненнямі прыйдзе ў вялікае жыццё маленькі чалавек, ці здолее ён стаць грамадзянінам, ці адчуе гонар за сваю краіну? І ці здолее гэты гонар прымножыць?

Ілюстрацыя з сайта sch126.minsk.edu.by

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"