А калі — Год культуры...

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

На выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны агучана ідэя абвяшчэння 2016-га Годам культуры. Мы вырашылі ўнесці ў скарбонку прапаноў да гэтай ініцыятывы і свае развагі, якія друкуем цягам некалькіх нумароў. Запрашаем падзяліцца меркаваннямі і чытачоў!

Творча-плённае паветра

/i/content/pi/cult/525/11356/44-47.JPGНа маю думку, Год культуры мусіць быць… заўжды.

І мне падаецца вялікай праблемай тое, што наша грамадства адчувае патрэбу ў беларускай культуры толькі ў пэўныя дні і святочныя даты. Што, да прыкладу, яшчэ да гэтай пары пэўныя з нас называюць недагледжаныя помнікі архітэктурнай спадчыны — развалінай. І замест таго, каб паспрабаваць захаваць той помнік, выносяць старую цэглу ды нават выдзіраюць з дапамогай адпаведнай машыны з будынку аўтэнтычныя лесвіцы. Навошта? Сабе на лецішча.

Так, змяняць трэба штосьці ў галавах. І, напэўна, пачынаць варта з дзіцячага садка, школы, — дзе істотнае месца аддавалася б вывучэнню гісторыі роднага краю, гісторыі беларускай культуры ў кантэксце сусветнай. Працягваць выхаванне праз медыя, якія наперабой распавядалі б пра здабыткі старажытнай і сучаснай культуры Беларусі з такім жа імпэтам, як пра выбітныя спартыўныя вынікі Дар’і Домрачавай. Па-трэцяе, заахвочваць грамадства да самавыяўлення і спрыяць яму праз стварэнне адкрытых пляцовак для выступленняў і творчасці. Бо без магчымасці ствараць нічога і не ствараецца.

Мне падаецца, галоўная праблема, якая адчуваецца многімі ўдзельнікамі культурнай прасторы ды ўсімі грамадзянамі сёння — гэта брак менавіта творча-плённага паветра, якое давала б адчуванне натхнення і імпэту. Большасць людзей, на маю думку, пачувае сябе закрытымі, не ведаючы, што адбывалася нават у сваім двары, не кажучы пра суседні. Таму ўсё, чаго я магу жадаць у Год культуры — пашырэння адкрытай камунікацыі.

І адкрытасці дзяржаўных інстытутаў да ініцыятыў, якія, ідучы нават з самых “нізоў”, будуць садзейнічаць стварэнню прасторы вольнай творчасці і павагі да ўласнай культуры.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Вырашыць будзённыя клопаты

/i/content/pi/cult/525/11356/4-11.jpgЗ нагоды тых ці іншых вялікіх акцый у нас ёсць завядзёнка рэалізоўваць нейкія маштабныя і, зразумела ж, дарагія праекты. Але паколькі наступны год — без залежнасці ад свайго афіцыйнага дэвізу — хутчэй за ўсё, будзе таксама і “годам эканоміі”, куды больш істотна сканцэнтраваць усю ўвагу і рэсурсы на вырашэнні тых “бягучых” праблем, якія не спрыяюць сістэмнаму ўдасканальванню працы галіны. А назапасілася іх даволі.

Прыкладам, у юрыдычнай сферы. Возьмем хаця б такі аспект, як прыватная ініцыятыва. У нас яна, вядома, толькі вітаецца, але... Ні на якія асаблівыя ільготы прыватніку пакуль разлічваць не выпадае. Пры тым, што рэнтабельнасць мастацкай галерэі не можа быць гэткай самай, як масажнага салона, а якасная рэстаўрацыя каштуе даражэй за новае будаўніцтва. Вось таму галерэй у нас зусім вобмаль, а замест аднаўлення гістарычных сядзіб інвестары будуюць новыя ў стылі “аграгламуру”.

Бадай самая актуальная для грамадства праблема ў сферы культуры — ахова спадчыны. Эмоцыі тут ужо каторы год — цераз край, а вось агульнага разумення, што і як трэба (ці, дакладней, магчыма) зрабіць для выпраўлення сітуацыі, пакуль бракуе. Як падаецца, такая канцэпцыя сфармавана акурат у Міністэрстве культуры краіны, і прадугледжвае яна паўсюдныя і паслядоўныя захады па кансервацыі закінутых помнікаў — ізноў жа, па меры магчымасці... Але пакуль воз, як кажуць... Тое самае тычыцца і прапанаванай спецыялістамі Міністэрства рэформы сістэмы аховы спадчыны, якая ўжо атрымала станоўчую “візу” аўтарытэтных спецыялістаў.

Урэшце, немагчыма абмінуць увагай і ці не самую злабадзённую тэму для самой галіны — заробкі. Калі прафесіянал, а тое і ўвогуле ўнікальны ў сваім родзе творца, атрымлівае менш за грузчыка ў супермаркеце, гэта немінуча прыводзіць да згубных для ўсяго грамадства вынікаў. Скажам, кадры... Пакуль праблема з імі яшчэ не надта адчувальная — “старая гвардыя” мужна трымае пазіцыі. Але прыкметнае зніжэнне конкурсу ў творчыя ВНУ не можа не насцярожваць. А гэта — будучыня...

Ілья СВІРЫН

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"