Тры здымкі з Карэлічаў

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Лёсы, адкрытыя фотаальбомамі
Вось ужо чвэрць стагоддзя я працую ў Раённым краязнаўчым музеі, і амаль кожны дзень прыносіць новыя ўражанні і знаходкі. Часам у выніку пошукавай працы ўдаецца знайсці каштоўныя матэрыялы, якія распавядаюць пра цікавыя эпізоды з гісторыі Карэліч і раёна. Імкнуся пазнаёміць з імі наведвальнікаў праз выстаўкі. Часта з’яўляюцца ўнікальныя экспанаты не толькі з Беларусі, але і з замежжа. Шмат дакументаў было адшукана ў Нацыянальным архіве рэспублікі, некаторыя фотаздымкі захоўваліся ў сямейных альбомах землякоў. Адзін з такіх артэфактаў пераносіць нас у пачатак мінулага стагоддзя. Знаёмцеся: перад вамі начальнік карэліцкай пошты Павел Антонавіч Богуш.

/i/content/pi/cult/525/11353/14-3.jpg

Аднавіць яго біяграфію сёння даволі складана. Вядома, што нарадзіўся ён у Карэлічах у 1860 годзе. У пачатку мінулага стагоддзя Павел Богуш быў начальнікам паштова-тэлеграфнага аддзялення ў Карэлічах. З тых часоў захаваўся цікавы дакумент — спецыяльны страхавы поліс Таварыства страхавання жыцця Злучаных Штатаў Амерыкі, аформлены праз адпаведныя службы ў Санкт-Пецярбургу, з якога вынікае, што Павел Антонавіч у 1901 годзе застрахаваў сваё жыццё на 1 000 рублёў (на пачатку мінулага стагоддзя конь каштаваў 100 — 200 рублёў, пуд жыта — 80 капеек, дзесяціна зямлі — 100 — 120 рублёў). Яшчэ адзін дакумент — чарцёж ходу пошты па Мінскай паштова-тэлеграфнай акрузе, якім наш зямляк неаднаразова карыстаўся на службе.

Паштмайстар Павел Богуш добрасумленна выконваў свае службовыя абавязкі, праз яго рукі праходзіла ўся карэспандэнцыя, што атрымлівалі жыхары мястэчка, у тым ліку і лісты Якуба Коласа, якія паэт дасылаў настаўніцы Карэліцкага гарадскога вучылішча Аляксандры Рамановіч (Зотавай).

Была ў жыцці Паўла Антонавіча гісторыя кахання да прыгажуні Фацініі Мачульскай, якую ён лічыў сваёй нявестай. Аднойчы дзяўчына падарыла закаханаму ў яе Богушу свой здымак з дарчым надпісам: “На добрую память многоуважаемому Павлу Антоновичу от Фотинии Мочульской. 1906 года, 20 октября, м. Кореличи.” На фота постаць дзяўчыны з мілавідным абліччам, якое прыгожа абрамляюць пышныя валасы. Доўгая модная сукенка падкрэслівае зграбнасць і вытанчанасць дзявочай фігуры. Затоеная ўсмешка надае твару загадкавы выгляд, а тонкая трысцінка ў руках дапамагае адчуць рухавасць асобы. Здаецца, яна прыпынілася на кароткае імгненне і вось-вось пакрочыць нам насустрач.

Павел і Фацінія сябравалі, аднак, бацькі дзяўчыны аддалі перавагу не карэліцкаму мешчаніну, а мінскаму пракурору, які належаў да дваранскага саслоўя. Павел Богуш так і не змог забыць сваёй каханай, таму, відаць, і не ажаніўся. Яго жаданне мець сям’ю і дзяцей пераўвасобілася ў апякунскія клопаты: ён выхоўваў сваіх пляменнікаў.

Аднойчы паштмайстар наведаў фотаатэлье Калмановіча (апошні рабіў фотаздымкі не горш, чым сталічныя прафесіяналы) і атрымаў свой партрэт. (Нагадаем, першыя фотамайстэрні пачалі адкрывацца на Беларусі ў 1860-м, якраз тады, калі Павел Богуш з’явіўся на свет. Паступова майстры распачалі сваю справу і ў невялікіх гарадах ды мястэчках. А класік мастацкага фота Ян Булгак паходзіў з вёскі Асташын Карэліцкага раёна.) Люстэрка памяці дазваляе ўбачыць вочы карэліцкага паштмайстра, адчуць сур’ёзнасць і адказнасць гэтага чалавека. Умелі ж тагачасныя майстры рабіць сваю справу якасна! Таму, відаць, і не саромеліся ставіць на сваёй прадукцыі кляймо з уласным прозвішчам.

Фотапартрэты ў майстэрні Калмановіча рабіліся ў лепшых традыцыях таго часу. Абавязковы элемент — кардоннае паспарту, на якім мацаваўся здымак. Паспарту ўпрыгожвала цісненне з выявай кветак па краях. Пад здымкам — прозвішча майстра і месца стварэння партрэта. На адваротным баку надрукаваны наступны тэкст: “Фотография Я.Л. Калмановича, м. Кореличи, Минской губ.” Надпіс ніжэй паведамляў: “Специальное отделение для увеличения портретов до натуральной величины и фото-эмалиров, брелки, брошки, запонки с фотографиями.” Прадукцыя, як бачым, на любы густ. Прыемна даведацца, што такая майстэрня і майстар некалі існавалі менавіта ў Карэлічах, пра што апавёў унікальны фотаздымак, які захаваўся ў сям’і Ірыны Адамік.

Пазней Павел Богуш нейкі час працаваў паштмайстарам у Слуцку. Пра тое сведчыць яго разліковая кніжка, па запісах з якой можна меркаваць, што з 1911 да 1917 года яе гаспадар захоўваў свае зберажэнні ў Слуцкай дзяржаўнай ашчаднай касе. Потым наш зямляк вярнуўся да сястры Варвары ў Карэлічы, дзе зноў узначаліў мясцовую пошту.

У мястэчку людзі добра ведалі адно аднаго, і Павел Антонавіч, безумоўна, быў добра знаёмы з іншымі прадстаўнікамі мясцовай інтэлігенцыі — настаўнікамі Аляксандрам Дзянькевічам, Сцяпанам і Аляксандрай Рамановічамі. Сябраваў ён і з урачом Лявіцкім. Звесткі пра сям’ю доктара давялося наогул збіраць літаральна па крупінках. Мая цікавасць да гэтай асобы не выпадковая: у колішнім доме Лявіцкіх цяпер месціцца раённы музей, дзе я працую шмат гадоў. І вось нарэшце ўдалося знайсці аматарскія фотаздымкі, аўтар якіх невядомы. Затое вядома, што на іх адлюстраваны той шчаслівы для Лявіцкіх час, калі ўсе яны яшчэ былі разам. Сур’ёзныя твары бацькоў на адным са здымкаў і цікаўныя вочы дзяцей нібы падкрэсліваюць урачыстасць моманту — не так часта людзі здымаліся ў той час! Відавочна, здымак быў зроблены ў доме, дзе жыла сям’я.

Доктар Лявіцкі меў прыватную практыку і лячыў людзей перад Другой сусветнай вайной і ў час яе. Яго жонка, зубны ўрач, таксама дапамагала хворым. Кабінеты размяшчаліся на першым паверсе дома, а на другім жыла сама сям’я. Лёс доктара Лявіцкага склаўся трагічна. З успамінаў старажылаў вядома, што калі ў 1942 годзе яўрэйскае гета ў Карэлічах было ліквідавана, у пустых будынках пасялілі бежанцаў. Сярод іх пачалася эпідэмія тыфу. Дапамагчы хворым пагадзіўся толькі доктар Лявіцкі, які лячыў іх бясплатна. Для ўрача гэта высакародная справа закончылася трагічна: ён заразіўся тыфам і памёр. Пахавалі яго ў Навагрудку, адкуль ён быў родам. Незадоўга да гэтага сям’ю напаткала яшчэ адно гора: падарваўся на міне Янэк — сын доктара Лявіцкага. Пахавалі яго таксама на навагрудскіх могілках. Пасля смерці двух блізкіх людзей жонка доктара Лявіцкага разам з дачкой выехала ў Варшаву да сваёй маці. Пра гэтых людзей сёння нагадвае, акрамя фотаздымкаў, толькі іх колішні дом, дзе я пішу гэтыя радкі.

Святлана КОШУР, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея