Што да сямейнага чытання…

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Ілона САРОКІНА, дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна
Не так даўно наведала бібліятэкі Берліна. І вось што мяне ўразіла. Па-першае, за мяжой шмат увагі надаецца працы з моладдзю і дзецьмі. Мэта — прывучыць малеч і падлеткаў да чытання кніг на паперы. Бо, на жаль, цяга да традыцыйнай кнігі сёння зніжаецца як у Беларусі, так і ва ўсёй Еўропе. Таму немцы, да прыкладу, часта прапануюць у бібліятэках кнігі-раскладанкі з музычным суправаджэннем, кнігі-маляванкі, кнігі-гульні, каб зацікавіць дзяцей.

/i/content/pi/cult/525/11351/13-4.jpgІ там сёння ніхто не адмаўляецца ад друкаваных выданняў, нягледзячы на тое, што ў нямецкіх бібліятэках можна за грошы пакарыстацца і электроннымі базамі, і набыць алічбаваную копію той або іншай кнігі, і ўзяць на дом упадабанае выданне, і спампаваць ды пакарыстацца некаторы час любым кніжным тэкстам… Напрыклад, чытацкі білет, які каштуе ад 10 да 20 еўра ў залежнасці ад узроставай катэгорыі, дае магчымасць цэлы год наведваць любыя бібліятэкі Берліна і карыстацца ў іх як рознымі бясплатнымі, так і платнымі паслугамі.

Таксама ў бібліятэках Германіі вельмі вялікую ўвагу надаюць сямейнаму чытанню, таму ў іхніх установах можна сустрэць як дарослых, так і дзяцей, якія прыходзяць кожны па сваю кнігу ў адзін і той жа будынак. Гэта, так бы мовіць, бібліятэка сямейнага тыпу або сямейнага чытання… І, як падаецца, тое — вельмі правільны падыход. Да прыкладу, мы летась адкрылі ў будынку сваёй установы, на другім паверсе, вялікі юнацкі аддзел… Кнігі там размяшчаюцца ў адкрытым доступе, там можна сядзець на банкетках або нават ляжаць на пуфіках і чытаць упадабаную кнігу, там ёсць бясплатны Wi-Fi, доступ да Сеціва са стацыянарных камп’ютараў, ладзяцца ў аддзеле шматлікія акцыі і мерапрыемствы… Таму падлеткаў тут заўсёды багата…

Акрамя таго, на маю думку, у Беларусі варта было б пераняць еўрапейскія падыходы да арганізацыі чытання для розных катэгорый насельніцтва. А для гэтага, магчыма, трэба распрацаваць і ўвесці ў дзеянне дзяржаўную праграму па развіцці дзіцячага і сямейнага чытання… Бо толькі тады, калі маленькі хлопчык ці дзяўчынка будуць чуць з вуснаў сваіх бацькоў словы казкі або цікавай кніжкі, тады ім і перадасца любоў да чытання. Але гэтага ніколі не будзе, калі бацькі самі не вельмі ахвочыя да кнігі…

Яшчэ адна цікавая рэч, упадабаная мной у Германіі: аказваецца, там здаўна існуюць і актыўна выкарыстоўваюцца бібліобусы. Гэтыя машыны ездзяць па ўсіх раёнах, заязджаюць ва ўсе сельскія паселішчы… Прычым, яны бываюць у населеных пунктах не раз на месяц, як у нас, а раз на два тыдні!

Самае цікавае, што гэтыя аўтабібліятэкі выпускаюцца на заводах ужо прыстасаванымі для выкарыстання ў бібліятэчнай галіне. Таму ў такіх “бібліятэках на колах” ужо ўсталяваны стэлажы, там ёсць месца для работніка, для яго ноўтбука, знойдзецца і дзе пакласці кніжкі. У саміх жа паселішчах для мабільных устаноў культуры існуюць спецыяльныя стаянкі, на якіх абазначаны час прыбыцця і працы аўтабібліятэк… І самае цікавае, што жыхары актыўна прыходзяць туды, каб здаць ці ўзяць у карыстанне выданні…

Так што наш беларускі шлях да ўкаранення бібліобусаў на сяле — практыка, распачатая яшчэ за савецкім часам адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, — як я лічу, сябе цалкам апраўдвае… Варта толькі паклапаціцца пра распрацоўку і выпуск спецыялізаваных аўтамабіляў, прыстасаваных пад патрэбы бібліятэкараў… Бо, на жаль, як бы нам таго не хацелася, а працэс аптымізацыі бібліятэчных устаноў у Беларусі абавязкова будзе працягвацца. Таму за такімі “бібліятэкамі на колах”, на мой погляд, сёння будучыня і рэальныя перспектывы…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"