Тыпавыя штаты бібліятэк

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

Культасветработнікі цікавяцца, калі і як будуць перагледжаны тыпавыя штаты ЦБС. На пытанне адказвае галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Ганна ГАМЕЗА

— Сёння дзейнасць публічных бібліятэк рэспублікі ажыццяўляецца ва ўмовах глабальных працэсаў інфарматызацыі грамадства. У краіне ствараецца новая інфармацыйная структура, у якой бібліятэкі з’яўляюцца сутнасным складнікам. Таму ўскладняюцца іх мэты і задачы. Галоўнымі стратэгічнымі кірункамі застаюцца аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў і камплектаванне фондаў, якія з 1998 года вызначаны Міністэрствам культуры як прыярытэтныя ў развіцці бібліятэчнай справы.

У практыку бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры актыўна ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі: набываюцца сучасныя камп’ютэры, неабходныя праграмныя прадукты. На сённяшні дзень у аўтаматызаваным рэжыме функцыянуюць усе цэнтральныя бібліятэкі, большасць з іх маюць выхад у Інтэрнет. Набірае моц камп’ютэрызацыя бібліятэк-філіялаў. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады ў бібліятэкі аграгарадкоў за апошнія тры гады пастаўлена 476 камп’ютэраў (80%), праз якія забяспечваецца доступ да прававых баз, каталогаў цэнтральных бібліятэк і іншых інфармацыйных рэсурсаў.

Працягваецца падключэнне камп’ютэраў да сеткі Інтэрнет, да якой падлучаны амаль 220 бібліятэк аграгарадкоў (37%). У сукупнасці камп’ютэрны парк публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры складае больш за 2153 адзінкі, у сярэднім — па 13 камп’ютэраў на адну бібліятэчную сетку.

Публічныя бібліятэкі задзейнічаны ў працэсе фарміравання адзінай інфармацыйнай прасторы рэгіёна, у арганізацыі доступу яе насельніцтва да нацыянальных і сусветных інфармацыйных рэсурсаў, ажыццяўляюць адпаведнае абслугоўванне ўсіх катэгорый карыстальнікаў рэгіёна. На базе публічных бібліятэк арганізавана і актыўна дзейнічае сетка цэнтраў прававой інфармацыі.

Пераход бібліятэк у новы якасны стан значна павялічвае і аб’ёмы работы. Гэта вымагае перагляду іх структуры і кадравага забеспячэння. У першую чаргу неабходна прывесці ў адпаведнасць з задачамі і функцыямі бібліятэк “Тыпавыя штаты цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь”, зацверджаныя Загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 08.01.1996 № 5.

У структуры цэнтральнай бібліятэкі незалежна ад групы па аплаце працы павінен быць аддзел аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, які прызначаны курыраваць працэс укаранення інфармацыйных тэхналогій у ЦБС, аператыўна і якасна падтрымліваць праграмнае і інфармацыйнае забеспячэнне АБІС, аўтаматызаванай сістэмы кіравання базамі даных, падтрымліваць і абнаўляць праграмнае забеспячэнне аўтаматызаваных рабочых месцаў супрацоўнікаў і карыстальнікаў бібліятэк, ажыццяўляць тэхнічнае абслугоўванне камп’ютэрнага парку бібліятэк сеткі.

Неабходна павялічыць колькасць штатных адзінак у аддзелах камплектавання з II — IV групамі па аплаце працы. Ва ўмовах скарачэння фінансавання на камплектаванне актуальнымі становяцца задачы пазабюджэтнага фінансавання, пошук дзелавых партнёраў, што пашырае спектр выконваемай работы. Акрамя таго, работнікі аддзела павінны будуць укараняць у практыку работы бібліятэк BelМАRC-фармат.

Трэба перагледзець — па колькасным складзе і пасадах — аддзелы бібліятэчнага маркетынгу, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца галоўнай тэхналагічнай і навукова-арганізацыйнай службай. Акрамя базавых кірункаў работы, гэты аддзел актыўна ўплывае на ўкараненне АБІС у практыку падведамасных бібліятэк, займаецца распрацоўкай тэхналагічных дакументаў, якія рэгламентуюць бібліятэчныя тэхналагічныя працэсы, узначальвае работу па іх нарміраванні, удзельнічае ў аператыўным вырашэнні тэхналагічных пытанняў.

Зыходзячы з задач, якія стаяць перад бібліятэкамі як публічнымі цэнтрамі прававой інфармацыі, неабходна таксама ўзмацніць як у колькасных, так і ў статусных адносінах аддзелы абслугоўвання і інфармацыі. Тым больш, што менавіта гэтыя падраздзяленні стануць арганізатарамі абслугоўвання насельніцтва з дапамогай бібліобусаў.

Згодна з існуючымі патрабаваннямі, у штаце кожнай арганізацыі павінна быць прадугледжана адзінка інжынера-электрыка, таму ў пералік пасад аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і гаспадарчага абслугоўвання неабходна ўвесці гэтую пасаду.

У сувязі з узнікненнем у структуры бібліятэк спецыялізаваных філіялаў, якія абслугоўваюць інвалідаў па зроку, варта ўвесці нарматывы нагрузкі на работнікаў гэтых бібліятэк.

Акрамя таго, фармулёўкі некаторых пасад патрабуюць рэдакцыі ў адпаведнасці з дзеючым Адзіным класіфікацыйным даведнікам пасады служачых.

На сённяшні дзень ёсць тэрміновая неабходнасць і ў карэкціроўцы нарматыўных прававых актаў. Таму, згодна з Планам распрацоўкі нарматыўнай прававой базы галіны на 2008 год, зацверджаным міністрам культуры, у другой палове гэтага года плануецца перагледзець Тыпавыя штаты культурна-асветніцкіх устаноў, у тым ліку і Тыпавыя штаты бібліятэк.